Беларуская Служба

Зміцер Салаўёў: Час ідзе, але нельга забываць пра наш агульны балючы клопат, пра нашых палітвязняў

21.05.2024 12:03
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.
Аўдыё
  • Зміцер Салаўёў: Час ідзе, але нельга забываць пра наш агульны балючы клопат, пра нашых палітвязняў
 ,  , 19  2024,
Здымкі палітвязняў, выстава "Муры", 19 траўня 2024, Варшавафота: Л.Вялічка

 Тэма Дня палітвязняў Беларусі — права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. На дадзены момант вядома пра шэсць смерцяў за кратамі.

Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядомы не менш чым 254 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы ў сувязі са станам здароўя.

21 траўня – гэта ўжо трэцяя гадавіна смерці Вітольда Ашурка. З таго часу ў месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.

-21 траўня – дзень відавочнага забіцця Вітольда Ашурка за сваю нязломную пазіцыю, за беларускую мову. Цела выдалі родным з агромністымі сінякамі на галаве, нельга верыць лукашыстам, што ён сам упаў. Яго смерць стала вынікам дзеянняў адміністрацыі калоніі. Мы мусім рабіць усё, каб больш не загінуў ніхто са зняволеных. Загінулі ўжо шэсць чалавек, бо ўмовы ўтрымання можна лічыць катаваннямі. Прыклад Мікалая Клімовіча. Ён ішоў на суд і казаў, што ў яго хворае сэрца, а кожны тэрмін для яго будзе смяротным. Так і атрымалася. Прыкладна праз месяц ён і памёр. Алесь Пушкін памёр ад язвы, бо яму не аказалі дапамогі. Гэта не тое захворванне, ад якога сёння мусяць паміраць людзі, - гаворыць праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў.

Што можна зрабіць, каб дапамагчы палітвязням? Усе кажуць пра такую патрэбу, але як яе рэалізаваць? Зміцер Салаўёў гаворыць, што, па-першае, неабходна выконваць міжнароднае заканадаўства:

-Калі няма народнаабранага ўраду, то гэта значыць, што нельга рабіць сумесных ні палітычных, ні эканамічных спраў. Як з бандытамі можна гандляваць? Трымаць у іх свае грошы, свае прадстаўніцтвы? Гэта злачынцы, якія цяпер спрабуюць зрабіць з моладзі гарматнае мяса. Усе студэнты, напрыклад, Полацкага ўніверсітэта, Віцебскага і іншых атрымліваюць позвы, што яны пасля заканчэння вучобы павінны прыйсці ў канкрэтны дзень, каб быць адпраўленым у войска. Гэта робіцца загаддзя, каб забараніць ім потым выехаць за мяжу. Таму варта рабіць усё, каб іх адтуль выцягнуць, каб яны не былі гарматным мясам для Лукашэнкі. Трэба ствараць адукацыйныя праграмы для беларускай моладзі, спыніць усялякі гандаль і замарозіць сродкі, як гэта зроблена са сродкамі Расіі.

Замежнікам неабходна тлумачыць, як выглядае адбыванне пакарання ў беларускіх турмах і калоніях. Беларусы гэта збольшага ведаюць. Які пасыл трэба накіраваць да беларусаў, якія знаходзяцца ў бяспецы за межамі Беларусі?

-Трэба рабіць хоць нешта. Я заклікаю далучацца да акцый салідарнасці, падпісваць петыцыі, дамагаць рэпрэсаваным, у тым ліку грашыма. Рабіць гэта трэба пастаянна. Час ідзе, у кожнага свае справы, але нельга забываць пра наш агульны балючы клопат, пра нашых палітвязняў. Трэба рабіць усё, каб свет не забыў пра Беларусь, - гаворыць праваабаронца Зміцер Салаўёў.

Поўная размова ў далучаным гукавым файле.

ав