Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра польку, якая, безумоўна, упісаная на старонкі польскай гісторыі вялікімі літарамі. Гэта – Марыя Вітэк, і яна – першая ў гісторыі краіны жанчына-генерал. У польскай арміі і ў розных баявых арганізацыях Марыя Вітэк служыла з 18 гадоў.
На Польскім радыё захаваліся архіўныя запісы Марыі Вітэк. У адным з іх яна расказвае пра свае першыя крокі ў Войску Польскім.
- Калі я прыняла рашэнне, што хачу служыць у войску, то пазней ніколі не вагалася, ці прыняла добрае рашэнне – ажно да канца службы. Я трапіла ў Трэці аддзел Генштабу як рэферэнтка «Вайсковай падрыхтоўкі жанчын». Я была задаволеная, што польскім жанчынам удалося прабіць шлях у войска. А каб ніхто не мог мяне абвінаваціць у непадрыхтаванасці, то я закончыла курсы фізічнай падрыхтоўкі.
Нарадзілася Марыя Вітэк у 1899 годзе ў цэнтральнай Польшчы, у частцы, якая тады ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Яе бацька Станіслаў Вітэк быў цесляром і актыўным дзеячам Польскай сацыялістычнай партыі. У 1915 годзе, хаваючыся ад царскіх уладаў, ён з сям’ёй пераехаў ва Украіну. Марыя яшчэ ў школе ўступіла ў скаўцкі атрад у Кіеве. Затым яна стала першай жанчынай-студэнтам Матэматычнага факультэту Кіеўскага ўніверсітэту.
У той жа час Марыя далучылася да падпольнай Польскай вайсковай арганізацыі і закончыла курс падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў. У 1919 годзе пайшла ў войска, ваявала з Чырвонай Арміяй ва Украіне. Затым, падчас савецка-польскай вайны, будучы афіцэрам жаночага атраду добраахвотніц, змагалася ў баях за Львоў, была ўпершыню ўзнагароджаная вышэйшым польскім ваенным ордэнам – Virtuti Militari.
Гісторык Тадэвуш Краўчык гаворыць, што ў Марыі Вітэк быў талент, калі гаварыць пра вайсковыя справы, у тым ліку яна была дасканалым падпольшчыкам. Ён згадвае 1919 год у Кіеве, дзе дзейнічала Польская вайсковая арганізацыя, членам якой была Вітэк.
- У 1919 годзе ў выніку правакацыі бальшавіцкай ЧК у Кіеве было дэканспіраванае кіраўніцтва Польскай вайсковай арганізацыі, і 20-гадовай Марыі Вітэк прыйшлося ўзяць на сябе кіраўніцтва падпольнай сеткай. Мужчын арыштавалі, а яна кіравала падпольшчыкамі, прычым ні разу не была затрыманая. У яе быў талент падпольнай дзейнасці! Ёсць і іншы прыклад. У Жытоміры было забітае кіраўніцтва польскай падпольнай арганізацыі. Агент ЧК, які прадставіўся пасланцом з Варшавы, загадаў кіраўніцтву сеткі сабрацца. Мужчыны накіраваліся на сустрэчу, а Марыя Вітэк сказала, што гэты загад пярэчыць правілам канспірацыі, і не пайшла.
З 1928 да 1934 года Вітэк была начальнікам арганізацыі «Вайсковая падрыхтоўка жанчын», якая рыхтавала жанчын да вайсковай службы. У 1935 годзе была прызначаная кіраўніком жаночага аддзелу ў варшаўскім Інстытуце фізічнага выхавання і ваеннай падрыхтоўкі.
Марыя Вітэк (першая злева) суправаджае прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага (у капелюшы). Ліпень 1931 года/Narodowe Archiwum Cyfrowe
Падчас нямецкага ўварвання ў Польшчу Вітэк стала камандзірам Жаночага батальёну падтрымкі. У кастрычніку 1939 года, пасля капітуляцыі Польшчы, уступіла ў падпольную групу «Саюз узброенай барацьбы», якая пазней была рэарганізаваная ў Армію Краёву. Узначальвала аддзел жаночай службы пры штабе галоўнакамандуючага Арміі Краёвай.
Калі ў жніўні 1944 года пачалося Варшаўскае паўстанне, Марыя Вітэк прымала ў ім актыўны ўдзел, была павышаная ў званні да падпалкоўніка. Пасля капітуляцыі афіцэру ўдалося пазбегнуць нямецкага палону і пакінуць руіны Варшавы, зліўшыся з натоўпам мірнага насельніцтва. Вітэк прадоўжыла службу на сваёй пасадзе ў Арміі Краёвай ажно да яе ліквідацыі ў студзені 1945 года.
Калі камуністычнае кіраўніцтва Польшчы зноў адкрыла Інстытут фізічнага выхавання і ваеннай падрыхтоўкі, Марыя Вітэк спачатку вярнулася да сваёй папярэдняй пасады, стаўшы начальнікам жаночага аддзелу. Аднак у 1949 годзе была арыштаваная і некалькі месяцаў правяла ў турме. Пасля свайго вызвалення працавала ў газетным кіёску.
2 мая 1991 года, ужо пасля падзення ўраду ПНР, прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса прысвоіў ёй званне брыгаднага генерала. Такім чынам, Марыя Вітэк стала першай полькай, якая атрымала генеральскі чын.
Марыя Вітэк памерла ў красавіку 1997 года, не дажыўшы да 98-гадовага ўзросту ўсяго некалькі месяцаў. Ніколі не была замужам. Яе першым каханнем быў малады польскі палкоўнік Леапольд Ліс-Куля, які загінуў у 1919 годзе ва ўзросце 23 гадоў. Марыя Вітэк засталася верная яму да канца жыцця.
У 2007 годзе, у 10-я ўгодкі яе смерці, у Музеі Войска Польскага ў Варшаве ў яе гонар быў узведзены бронзавы помнік у натуральную велічыню.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл