Беларуская Служба

Пасля смерці Пілсудскага яго мозг навукоўцы ўзялі не даследаванне – орган прапаў у верасні 1939 года (ФОТА)

08.06.2024 06:02
Пасля смерці маршала 89 гадоў таму навукоўцы дасталі мозг і сэрца з цела палітыка.
Аўдыё
  • Пасля смерці Пілсудскага яго мозг навукоўцы ўзялі не даследаванне – орган прапаў у верасні 1939 года
Маршал Юзэф ПілсудскіNarodowe Archiwum Cyfrowe

89 гадоў таму памёр бацька польскай незалежнасці Юзэф Пілсудскі. Але перад тым, як адбылося пахаванне маршала ў замку Вавэль у Кракаве, навукоўцы дасталі яго сэрца. Згодна з воляй памерлага, сэрца было пахаванае ў Вільні. Пілсудскі паходзіў з Віленшчыны і заўсёды меў вялікі сентымент да сваёй малой айчыны. Навукоўцы таксама дасталі мозг маршала для далейшых даследаванняў. І пра гэта мы сёння раскажам у гістарычнай рубрыцы.

Юзэф Пілсудскі памёр а 20:45 12 мая 1935 года ва ўзросце 67 гадоў у варшаўскай дзяржаўнай рэзідэнцыі «Бельведэр». Але яшчэ перад смерцю польскія навукоўцы прынялі рашэнне, што калі маршала не стане, то яго мозг яны дастануць для далейшага даследавання. Справа ў тым, што ў 20-30-я гады ў свеце навукі і медыцыны вельмі папулярнымі былі даследаванні мозгу. Навукоўцы хацелі атрымаць адказ на пытанне, ці мозг вядомых і геніяльных людзей нечым адрозніваецца ад органу звычайных грамадзян. Місія даследавання мозгу Юзэфа Пілсудскага была даручаная вядомаму польскаму неўролагу, прафесару Максіміліяну Розэ, які ўзначальваў Польскі інстытут даследавання мозгу, што знаходзіўся ў Вільні.

Пасмяротны здымак Юзэфа Пілсудскага крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Пасмяротны здымак Юзэфа Пілсудскага крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Каб мозг захаваўся ў стане, прыдатным для даследавання, яго трэба дастаць з цела як мага хутчэй. Адразу ж пасля смерці Пілсудскага орган быў забраны групай лекараў пад кіраўніцтвам прафесара Розэ, якія прыбылі з Вільні. Аперацыя праходзіла ў вялікай таямніцы. Дарэчы, згоду на аперацыю дала жонка Пілсудскага Аляксандра.

Разам з мозгам навукоўцы таксама дасталі сэрца Пілсудскага, якое было пахаванае ў Вільні праз год.

Кабінет Юзэфа Пілсудскага. На стале стаіць сасуд з мозгам маршала. Здымак з навуковай працы "Мозг Юзэфа Пілсудскага", 1938 год. Крыніца: Polona.pl
Кабінет Юзэфа Пілсудскага. На стале стаіць сасуд з мозгам маршала. Здымак з навуковай працы "Мозг Юзэфа Пілсудскага", 1938 год. Крыніца: Polona.pl

Пазней мозг маршала ў фармаліне быў дастаўлены ў Вільню ў інстытут для далейшых даследаванняў. Іх узначальваў менавіта Максімільян Розэ. Пазней прафесар напісаў навуковую працу пад назвай «Мозг Юзэфа Пілсудскага», якая выйшла ў 1938 годзе. На жаль, але даследаванні былі перарваныя смерцю Розэ, які памёр у 1937 годзе.

Прафесар Ольгерд Наркевіч, бацька якога Адольф Наркевіч быў галоўным лекарам Вільні, праз гады згадваў, што пра даследаванне мозгу Пілсудскага навукоўцы стараліся не гаварыць, хоць, зразумела, чуткі хадзілі.

- Канешне, у Вільні хадзілі чуткі, што ў горад быў дастаўлены мозг Юзэфа Пілсудскага. Асабліва гаварылі пра гэта на Медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя. Па-першае таму, што Пілсудскага ў Вільні вельмі любілі. Па-другое, маршал завяшчаў пахаваць яго сэрца ў Вільні. І я памятаю той момант, калі адбылося пахаванне яго сэрца разам з перанесенымі парэшткамі маці. Я прысутнічаў на пахаванні разам са сваім класам.

Я бачыў здымкі мозгу Пілсудскага і чытаў дакументы з даследавання. Адным словам, па выглядзе мозг амаль нічым не адрозніваўся ад мозгу іншых людзей. Дакладна можна сказаць, што орган не быў закрануты ніякімі неўралагічнымі захворваннямі. Увогуле, Пілсудскі быў вельмі эмацыйным і імпульсіўным чалавекам, а ў апошнія гады жыцця быў вельмі нервовым.

У мэтах даследавання прафесар Розэ парэзаў мозг Пілсудскага на тонкія пласты. Яны захоўваліся ў сасудах у Польскім інстытуце даследавання мозгу.

Мозг Юзэфа Пілсудскага. Здымак з кнігі "Мозг Юзэфа Пілсудскага", 1938 год. Крыніца: Polona.pl
Мозг Юзэфа Пілсудскага. Здымак з навуковай працы "Мозг Юзэфа Пілсудскага", 1938 год. Крыніца: Polona.pl

Прэпараты прапалі падчас Другой сусветнай вайны. Хутчэй за ўсё, яны былі вывезеныя саветамі пасля заняцця Вільні ў верасні 1939 года. Нельга выключыць, што далейшыя навуковыя даследаванні мозгу Пілсудскага праводзілі савецкія вучоныя, бо ў тыя часы ў Савецкім Саюзе, як і на свеце, былі папулярныя падобнага роду навуковыя працы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё

Больш на гэтую тэму: Машына часу