Нейкі час таму на руках у Лукашэнкі быў заўважаны гадзіннік швейцарскага брэнду Patek Philippe. Цана мадэлі, якую на руцэ меў дыктатар, можа складаць, у залежнасці ад мадыфікацыі, нават 20 тыс. долараў. Згаданая гадзіннікавая кампанія добра вядомая сярод аматараў люксавых брэндаў, але мала хто ведае, што яе заснаваў паляк Антоній Патэк. І сёння ў гістарычнай рубрыцы мы пазнаёмім з яго постаццю.
Антоній Патэк грамадскі набытак
Антоній Норберт Патэк нарадзіўся ў 1812 годзе ў Люблінскім ваяводстве Польшчы, памёр у 1877-м у Жэневе. 10 гадоў таму вартасць кампаніі Patek Philippe ацэньвалася ў 1 млрд 600 млн швейцарскіх франкаў, што ставіць фірму на чацвёртае месца ў рэйтынгу швейцарскіх гадзіннікаў.
Дырэктар архіву Польскай акадэміі навук прафесар Ганна Краеўска гаворыць, што Антоній Патэк быў прымушаны пакінуць радзіму ў вельмі маладым узросце.
- Антоній Патэк прымаў удзел у паўстанні 1830-31 гадоў. Ён, як і многія ўдзельнікі, пасля паразы паўстання выехаў у эміграцыю – спачатку ў Францыю, а пазней – у Швейцарыю. Насамрэч ён не быў гадзіннікавым майстрам, але стаў вядомы менавіта дзякуючы сваім гадзіннікам.
Нарадзіўся Патэк 14 чэрвеня 1812 года. Ва ўзросце 19 гадоў прымаў удзел у паўстанні, паходзіў са шляхецкай сям’і. Пасля паразы паўстання выехаў у Францыю, дзе працаваў наборшчыкам у тыпаграфіі. У яго не было нейкай адукацыі, бо Антоній быў маладым, але ў яго быў вялікі мастацкі талент.
І менавіта гэты талент Антоній пазней выкарыстаў пры вырабе гадзіннікаў у Швейцарыі.
Пад ціскам Расіі Францыя ўзмацніла жорсткасць рэжыму палякаў-эмігрантаў. А тады, пасля паўстання, у Францыю пераехала шмат палякаў. Таму Патэк быў прымушаны пераехаць у Швейцарыю. Ён браўся за розныя працы, пакуль не заняўся вытворчасцю гадзіннікаў. На пачатку Патэк выкарыстоўваў гатовыя механізмы швейцарскіх мануфактур і даволі хутка атрымаў прызнанне на рынку.
Эксклюзіўны гадзіннік фірмы Patek Philippe. 1868 год крыніца: pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0/Iris & B. Gerald Cantor Center for Visual Arts
У 1839 годзе Патэк і іншы польскі эмігрант, гадзіннікавы майстар Францішак Чапэк заснавалі ў Жэневе ўласную гадзіннікавую мануфактуру. Кампанію назвалі Patek, Czapek & Co. Прычым на вытворчасці працавалі толькі палякі. Першыя гадзіннікі рабіліся па індывідуальных замовах. У год Патэк і Чапэк выпускалі да двухсот гадзіннікаў. У 1845 годзе Чапэк пакінуў фірму з-за канфлікту з Патэкам, і мануфактура стала называцца Patek & Co.
У 1845 годзе ў фірму на месца Чапэка прыйшоў Адрыен Філіп, які вынайшаў завадны механізм «без ключа». У 1851 Філіп стаў паўнапраўным партнёрам Патэка, і фірма набыла сучасную назву – Patek Philippe & Co.
Адныя з першых гадзіннікаў пад новай маркай былі купленыя каралевай Вялікабрытаніі Вікторыяй падчас сусветнай выставы 1851 года ў Лондане. Паводле сучаснікаў, яна проста захапілася вырабам швейцарскай кампаніі, што напэўна стала добра рэкламай для гадзіннікаў Патэка. Дарэчы, ён сам лічыў, што найлепшая рэкамендацыя для яго вырабаў – гэта тое, што іх маюць вядомыя людзі. І асабліва жанчыны. Таму Патэк стараўся, каб яго і Філіпа гадзіннікі траплялі да вядомых і багатых людзей, што было свайго роду бясплатнай рэкламай.
Гадзіннікі Patek Philippe былі дарагімі з самага пачатку – гэта была адмысловая палітыкі фірмы. Яны вырабляліся з золата і багата інкруставаліся каштоўнымі камянямі. Сярод кліентаў кампаніі Patek Philippe былі, у прыватнасці, Марыя Складоўская-Кюры, Пётр Чайкоўскі, Леў Талстой, Альберт Эйнштэйн, Пабла Пікаса і Уолт Дыснэй.
Наручны гадзіннік Patek Philippe. 1875 год крыніца: en.wikipedia.org/CC BY-SA 4.0/Solanaptosui
Антоній Патэк рэгулярна ездзіў па свеце, адкрываючы новыя рынкі. У 1868 годзе фірма выпусціла першы наручны гадзіннік. Дарэчы, у ліку навацый Патэка і Філіпа – вечны каляндар, гадзіннік-хранограф і хвілінны рэпетыр.
У 1843 годзе Патэк атрымаў швейцарскае грамадзянства, застаючыся пры гэтым актывістам польскай дыяспары ў Жэневе, прычым падтрымліваў цесныя сувязі з польскімі эмігранцкімі асяроддзямі ў Францыі.
У час паўстання 1863 года заставаўся ў Швейцарыі, а пасля паразы паўстання зноў арганізоўваў дапамогу польскім эмігрантам новай хвалі.
Існуюць звесткі, што папа рымскі Пій IX удастоіў Патэка графскага тытулу, аднак яны не пацверджаныя дакументальнымі доказамі.
Памёр Антоній Патэк у Жэневе ў 1877 годзе. Пасля яго смерці фірма неаднаразова пераходзіла з рук у рукі, але назва Patek Philippe захавалася па сённяшні дзень.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл