110 гадоў таму, 2 чэрвеня 1914 года, нарадзілася Тэадора Жукоўская, псеўданім «Мілена», разведчыца Арміі Краёвай, якую таксама называлі «агенткай з палаца Бруля». Менавіта яна здабыла інфармацыю, якая дазволіла прывесці ў выкананне прысуд польскага падполля «кату Варшавы», генералу СС і паліцыі Францу Кучэру.
Тэадора Жукоўская нарадзілася ў Вене. Імя і прозвішча пры нараджэнні – Тэадора-Флавія Матугента Эдле фон Серасін. Яе радавод быў прыкладам нацыянальнай мазаікі імперыі Габсбургаў: бацька быў аўстрыйцам, які меў румынскія карані, а маці – напалову немкай, напалову чэшкай.
Тэадора спачатку жыла з бацькам у Вене, але потым пераехала ў Польшчу, дзе маці выйшла замуж. Польскасць падчарыцы прывіў яе айчым Ежы Ралецкі, капітан кавалерыі Войска Польскага. У 1936 годзе жанчына прыняла польскае грамадзянства. Скончыла юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсітэту. Да пачатку Другой сусветнай вайны Тэадора працавала ў Міністэрстве прамысловасці і гандлю. Неўзабаве пасля пачатку вайны выйшла замуж за Гжэгажа Жукоўскага.
Тэадора Жукоўская «Мілена» грамадскі набытак
Абаянне, аўстрыйскае паходжанне і выдатнае валоданне нямецкай мовай прывялі да таго, што Жукоўская прыцягнула ўвагу кіраўніка службы бяспекі СС у варшаўскай акрузе Эрнста Каха. Ён прапанаваў ёй працу ў акупацыйнай адміністрацыі.
Жукоўская пасля размовы са сваім даваенным начальнікам Станіславам Малендам, які дзейнічаў у падполлі, прыняла нямецкую прапанову. Са згоды падпольных уладаў яна таксама падпісала фольксліст. Займала пасаду сакратара, а потым справавода. Тэадора працавала ў вядомым варшаўскім палацы Бруля, дзе знаходзіўся офіс губернатара варшаўскага акругі Людвіга Фішэра. Адначасова ў якасці агента пад псеўданімам «Мілена» працавала на разведку Арміі Краёвай, перадаючы падпольшчыкам каштоўную інфармацыю.
Pałac Brϋhla
За чатыры гады працы ў акупацыйнай адміністрацыі яна перадала польскім патрыётам шэраг каштоўных звестак і дакументаў, у тым ліку штомесячныя справаздачы губернатара варшаўскай акругі.
Праца Жукоўскай як агенткі аказалася надзвычай важнай у падрыхтоўцы да прывядзення ў выкананне прысуду «кату Варшавы» Францу Кучэру. Начальнік СС і паліцыі Варшаўскай акругі заняў сваю пасаду ў верасні 1943 года. Ён адразу ж пачаў беспрэцэдэнтны тэрор супраць мірнага насельніцтва. Амаль кожны дзень былі аблавы, праводзіліся расстрэлы на вуліцы. Польскае падполле прыгаварыла яго да смяротнага пакарання.
Праблема была ў тым, што ў Арміі Краёвай ніхто не ведаў, як выглядае і дзе жыве Кучэра. Ніхто, акрамя Жукоўскай. Тэадора апісала выгляд гітлераўца і перадала контрразведцы Арміі Краёвай яго адрас, а таксама інфармацыю аб марцы і нумары яго аўтамабіля. Праца разведчыцы прынесла эфект, бо 1 лютага 1944 года Кучэра быў забіты.
Летам 1944 года, незадоўга да пачатку Варшаўскага паўстання, па загадзе польскіх падпольных улад яна пакінула сталіцу і эвакуявалася ў Аўстрыю. У канцы 1945 года Жукоўская трапіла ў Італію, дзе далучылася да 2-га польскага корпусу генерала Уладзіслава Андэрса, а пасля заканчэння вайны выехала ў Вялікабрытанію. У 1947 годзе Тэадора Жукоўская вярнулася ў Польшчу.
У 1949 годзе яна была арыштаваная Упраўленнем бяспекі і амаль чатыры гады знаходзілася ў зняволенні без прысуду.
Следчае ўпраўленне Міністэрства грамадскай бяспекі абвінаваціла яе ў прыналежнасці да антыкамуністычнай падпольнай арганізацыі і ў супрацоўніцтве з гестапа падчас вайны.
У рэшце рэшт, Тэадору Жукоўскую вызвалілі з турмы вясной 1953 года, неўзабаве пасля смерці Іосіфа Сталіна. Справа супраць яе была спыненая праз пяць гадоў за «адсутнасцю доказаў віны».
Свае ваенныя ўспаміны яна апублікавала ў 1969 года пад псеўданімам «Мілена» ў штотыднёвіку «Сталіца».
Тэадора Жукоўская была ўзнагароджаная Залатым Крыжам Заслугі з мячамі, Рыцарскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і Крыжам Арміі Краёвай.
Памерла адважная жанчына ў Варшаве 18 снежня 1993 года.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл