Беларуская Служба

Палякі ўсё часцей ставяцца да сваіх сабак і катоў як да дзяцей

03.07.2024 15:56
Гэта прыносіць вялікія даходы вытворцам кармоў.
     .
Людзі мяняюць стаўленне да хатняй жывёлы.Фота: Pixabay.com

Як піша Forsal са спасылкай на выданне Puls Biznesu, мяняецца стаўленне палякаў да хатняй жывёлы, што прыносіць вялікія даходы вытворцам кармоў, якія развіваюць рынак ласункаў. Сабачкі і коцікі замяняюць дзяцей многім жыхарам Польшчы.

«Палякі трацяць больш за 4 мільярды злотых у год на корм для хатняй жывёлы, гэты памер з кожным годам расце. Рост індустрыі ў нашай краіне і на іншых развітых рынках заўважылі фонды прыватнага капіталу, якія ўсё больш ахвотна ўкладваюць у яе грошы«, – адзначае выданне.

У канцы чэрвеня фонд CVC, вядомы ў Польшчы як уладальнік крамаў Żabka, набыў у Cinven, галоўнага акцыянера Allegro, кантрольны пакет акцый Partner in Pet Food (PPF), аднаго з буйнейшых вытворцаў прадуктаў харчавання ў Еўропе. У склад PPF у Польшчы ўваходзіць беластоцкі Mispol, які мае чатыры вытворчыя прадпрыемствы і экспартуе больш чым у 20 краін. Яшчэ адзін буйны вытворца – United Petfood, які мае тры заводы ў Польшчы – належыць фонду Waterland.

«У Польшчы 8 мільёнаў сабак і 7 мільёнаў катоў. Гэта вялікія лічбы: па статыстыцы, такой жывёлы ў сем'ях больш, чым дзяцей да 17 гадоў. Ёсць некалькі прычын росту рынку кармоў, між іншым, гуманізацыя хатніх жывёл. Да іх ставяцца як да членаў сямʼі, што прыводзіць да больш высокіх выдаткаў. Таксама імкліва расце рынак страхавання хатніх гадаванцаў», – піша выданне.

нг