Слухайце сюжэт у далучаным файле!
Дадзеныя навукоўцаў паказваюць, што з канца 1980-ых у назіраецца рост сярэднегадавых тэмператур, найбольш зімою і вясною. Для Беларусі гэта найперш адбіваецца на сельскай гаспадарцы. Для раслін, якія зімуюць, перапады тэмператур, дэгідратацыя глебы небяспечныя. Лета становіцца ўсё большым, але адначасова павялічваюцца перыяды спёкі і памяншаецца колькасць ападкаў у летні перыяд.
Уладзімір Зуеў, экс-дэпутат гарадскога савета Баранавічаў, сакратар камісіі па экалогіі, горадабудаўніцтве, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, выкладчык прыродазнаўчых дысцыплін у вну адзначае, што за апошнія трыццаць год сталі больш частымі хвалі спёкі, да таго ж яны больш працяглыя – экстрэмальныя тэмпературы могуць трымацца больш за тыдзень. Гэта небяспечна найперш для гарадскіх жыхароў, бо дамы, асфальт накопліваюць цяпло і людзі вымушаныя жыць у перагрэтым асяродку. І, нагадаем, мы жывём цяпер ва ўрбанізаваным свеце.
– Больш назіраецца небяспечных з’яў: навальніцы, ураганы. Небяспечныя метэаралагічныя з’явы ўплываюць на гарадскую тэрыторыю, гэта вядзе да таго, што гарадская камунальная гаспадарка вымушаная змяняць падыходы да арганізацыі гарадской тэрыторыі, – звяртае ўвагу Уладзімір Зуеў.
Марыя Фалалеева, кандыдат геаграфічных навук, эксперт па кліматычнай палітыцы кажа, што Еўропа, як развіты рэгіён свету мае больш шанцаў адаптавацца да кліматычных зменаў. Але і страты для эканомікі рэгіёна ад зменаў клімату павялічваюцца:
– Страты ад кліматычных з’яў значныя. Напрыклад, страты ад кліматычных з’яў у Еўропе за апошнія дваццаць гадоў ацэньваюць у 11 мільярдаў еўра штогод. І паводле прагнозу, страты ад кліматычных з’яў да канца стагоддзя павялічыцца больш, чым у дваццаць разоў і будуць складаць каля 240 мільярдаў еўра ў год.
Марыя Фалалеева таксама звяртае ўвагу, што найбольшыя праблемы ў сувязі са зменамі ў навакольным асяроддзі, будуць пераадольваць наступныя пакаленні, таму ў сённяшнім дні наракаць на спёку ды катаклізмы рана:
«Людзі, якія жывуць цяпер, не адчуюць на сабе наступствы ад змены клімату ў поўнай меры, як гэта будзе ў выпадку маладых людзей, дзяцей, наступных пакаленняў, якія хутка прыйдуць. Мы ўжо стварылі праблемы для наступных пакаленняў».
Экспертка пералічвае крокі, якія варта рабіць у эканамічнай палітыцы ў звязку з кліматычнымі зменамі:
– Нам трэба зменшыць уздзеянне на клімат, скараціць выкіды парніковых газаў, адаптавацца да непазбежных змен і забяспечыць магчымасці для эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Чаму трэці пункт так важны? Бо, калі мы гаворым пра змяншэнне ўздзеяння на клімат, нам трэба знізіць спажыванне выкапнёвага паліва. А гэта значыць фактычна перабудову існай эканамічнай мадэлі і перавод яе на больш «зялёныя» рэйкі. І, канешне, ніякая змена не праходзіць без болю. Але ёсць разлікі, што чым далей будуць адсоўваць гэты працэс, тым больш балючы ён будзе. Пераход на больш зялёную эканоміку магчымы толькі ў выпадку, калі ў гэтым удзельнічаюць усе краіны, незалежна ад таго, якія аб’ёмы выкідаў.
Вернемся з разважанняў пра эканоміку да жыцця людзей. Важным элементам гарадскога асяроддзя з’яўляюцца расліны – дрэвы, газоны. Менавіта азеляненне дапамагае жыхарам горада больш лёгка пераносіць спёку. І важна правільна даглядаць за пасадкамі. Напрыклад, газон не варта касіць «пад нуль» як найчасцей у спробах навесці парадак.
Уладзімір Зуеў пракаментаваў падыход уладаў Варшавы да арганізацыі зялёнай прасторы ў межах горада:
– Варшава вельмі зялёны горад, у розных аналітычных справаздачах яна ўваходзіць у дзясятку найбольш зялёных гарадоў Еўропы. Тут захоўваюць лясныя масівы ў межах горада, а таксама праводзяць мэтанакіраваную кампанію па высадцы расліннасці. Прычым садзяць вялікія дрэвы, было падлічана, што лепш пасадзіць дарослае дрэва, нават калі яго трэба прывезці з гадавальніка ў Германіі, чым садзіць маладыя дубчыкі, якія могуць не прыжыцца і не будуць выконваць сваю біяэкалагічную функцыю. Горад – гэта штучнае ўтварэнне, таму заўсёды павінны быць кампрамісы, заснаваныя на эканамічным разліку, навуковым абгрунтаванні і думцы жыхароў. А для гэтага трэба размаўляць з жыхарамі, тлумачыць ім, як задаволіць патрэбы і не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю.
Падчас непагадзі ў выходныя ў Беларусі загінулі пяць чалавек. Пасля разгулу стыхіі ў Гомельскай вобласці была абвешчана надзвычайная сітуацыя, бо людзі засталіся без вады і святла. То бок змены клімату становяцца не толькі пужалкай ад эколагаў, але і рэальнай праблемай звычайных людзей.
Сустрэча з экспертамі была арганізаваная «Зялёнай сеткаю».
вх