Беларуская Служба

Гэтае месца адразу пасялілася ў маім сэрцы — уцякачка з Украіны пра Цэнтр беларускай салідарнасці

17.07.2024 14:06
Ганна Ермакова ўцякла ў Польшчу з-пад акупацыі ў Херсоне з малой дачкою. У Варшаве яна знайшла падтрымку, а пазней і працу ў Цэнтры беларускай салідарнасці. 
Аўдыё
  • Гэтае месца адразу пасялілася ў маім сэрцы — уцякачка з Украіны пра Беларускі цэнтр салідарнасці
     .
Ганна Ермакова з дачкою ў Варшаве. t.me/cbs_help

Слухайце размову ў далучаным файле!

Ва Украіне госця нашага эфіру Ганна Ермакова працавала адміністратарам рэстарана «Пан атаман» на Херсоншчыне, які ўваходзіў у спіс найлепшых рэстаранаў Украіны, падчас вайны ён згарэў.

Штуршком да рашэння з’ехаць з Украіны сталі падзеі ў Бучы.

«Эвакуацыі арганізаванай не было, я проста ўзяла дзіця, заплечнік і паехала. Ехалі паміж танкамі, быў момант, калі думала, што мы адтуль не выберамся жывымі. Але, з Божаю дапамогаю, выехалі ў Варшаву. Тут я была без нічога, і паўсталі пытанні – што рабіць, і як быць?», — кажа Ганна.

Летам 2022-га года Ганна патрапіла з дачкою ў дзіцячы лагер, які ладзіў Цэнтр беларускай салідарнасці. Паводле яе слоў, гэта была знакавая сустрэча.

«Тут было так спакойна і прыемна, быццам я дома, гэтае месца адразу пасялілася ў маім сэрцы», – кажа жанчына. Праз некаторы час яе запрасілі працаваць у Цэнтры беларускай салідарнасці, цяпер яна з’яўляецца каардынатаркай школы ЦБС.


Ганна Ермакова (справа) падчас мерапрыемстваў ЦБС для дзяцей Ганна Ермакова (справа) падчас мерапрыемстваў ЦБС для дзяцей

Каб падкрэсліць важнасць ініцыятыў для ўцекачоў, Ганна распавяла пра сваю бабулю. Ёй 95 гадоў, жанчыну таксама вывезлі з акупаванай Украіны да знаёмых у Кракаў і праз кароткі час сталая жанчына проста пачала выходзіць з дому і пешкі ісці ва Украіну, каб вярнуцца на сваю радзіму.

«Таму, калі нехта вам кажа, што адаптацыя праходзіць лёгка, гэта няпраўда. Нам давялося вывезці бабулю назад ва Украіну, не ў яе роднае месца, але ва Украіну. Яна тут проста не змагла быць. Я сапраўды не ведаю, што было б са мною, калі б я не знайшла такое месца падтрымкі. Вельмі складана прыехаць у чужую краіну, без знаёмых, і думаць, а што далей рабіць, і каму ўвогуле ты патрэбны? Дык вось, прыходзьце да нас, вы нам патрэбныя», — кажа супрацоўніца грамадскай ініцыятывы.

Жанчына таксама звяртае ўвагу, што абавязкова трэба займацца адаптацыяй, рэабілітацыяй дзяцей, якія перажылі траўматычны досвед страты дома, уцёкаў ад рэпрэсій ці вайны.

Ганна прыводзіць прыклад сям’і, якая выехала з Мікалаева з 8-гадовай дачкою, у дзяўчынкі на фоне перажытага стрэсу пачаліся прыступы панікі, на што бацькі не адразу звярнулі ўвагу, спісваючы гэта на рэакцыю на паветраныя трывогі. У Польшчы дзяўчынцы паставілі дыягназ псіхічнага разладу.

«Я вельмі радая за тых бацькоў, якія змаглі вывезці сваіх дзяцей з Беларусі, бо яны зведваюць там вялікія рэпрэсіі. Я таксама вельмі ўдзячная нашаму калектыву, і дырэктарцы, бо яна сваё сэрца аддае Цэнтру беларускай салідарнасці, нашай школцы, якая ёсць «лякарняю» для дзяцей, дзе яны ўжо сёння маюць вялікую маральную падтрымку, і мы маем здаровых дзяцей, якія хочуць жыць, будуюць планы, усміхаюцца. Думаю, гэта дарагога варта», — гаворыць Ганна Ермакова.

Яна звяртае ўвагу, што ў Польшчу працягваюць прыязджаць бежанцы, але колькасць ініцыятыў, якія дапамагаюць такім людзям, зменшылася. І здараецца, што ў Цэнтр беларускай салідарнасці да супрацоўнікаў звоняць людзі з самымі рознымі праблемамі, бо знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі, стрэсе і не ведаюць, як справіцца самастойна. Гэта не толькі запыт, напрыклад, наконт юрыдычных кансультацый.

Напрыклад, пазваніла жанчына беларуска, яна зламала нагу, жыве адна і не можа нават у краму схадзіць — чалавек у адчаі.

У размове Ганна Ермакова падкрэслівае, што ў цяжкія часы чалавечая салідарнасць і падтрымка грамадскіх ініцыятыў, якія працуюць з людзьмі, як ніколі важныя. Тым больш сітуацыя ў рэгіёне не паляпшаецца, а ў грамадстве ёсць стомленасць ад бягучага складанага парадку дня.

вх

Супрацоўніца Цэнтра беларускай салідарнасці: Дзеці-сведкі брутальнага затрымання бацькоў прыходзяць да нас з дрыжачымі рукамі

20.06.2024 06:02
Праекты падтрымкі для мігрантаў з Беларусі і Украіны застаюцца актуальнымі, бо сітуацыя ў рэгіёне не палепшылася, плынь уцекачоў не змяншаецца.