Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: Не хапае проста родных мясцін

22.07.2024 12:03
Яму нудна жыць забаўляльнае жыццё, хадзіць у кіно па вечарах, піць з сябрамі піва… Хочацца дамагацца справядлівасці.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: Не хапае проста родных мясцін
 ,   ()
Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць (ілюстрацыя)Eduard Zholud/Polskie Radio dla Zagranicy

Слухайце аўдыё! 

Я быў супраць, калі за выкураны "касяк" судзілі на 10 год

Міхась працуе ў Польшчы праграмістам, а таксама з’яўляецца валанцёрам у розных беларускіх грамадскіх арганізацыях і ініцыятывах. Яшчэ ў Беларусі ён у якасці валанцёра далучыўся да адной ініцыятывы, якая змагалася за правы людзей, што мелі дачыненні з нелегальнымі рэчывамі і неслі за гэта непамерную адказнасць.

— Мне даўно, яшчэ да 2017 года, тэма псіхаактыўных рэчываў здавалася перспектыўнай, бо я бачыў, наколькі прарыўныя даследаванні праводзяцца і наколькі гэтыя рэчывы могуць быць карыснымі пры розных захворваннях. І гэта выглядала, як дысананс, калі за валоданне такім карысным рэчывам чалавека маглі асудзіць больш чым на 10 год. Альбо за малашкодны "касяк", які эквівалентны бутэльцы піва, маглі прысудзіць падобны тэрмін зняволення. Гэта мяне вельмі абурала. І калі я ўбачыў, што ёсць людзі, якія змагаюцца супраць такіх дзеянняў дзяржавы, адразу далучыўся.

Паводле суразмоўцы, намаганнямі розных ініцыятыў, якія тады аб’ядналіся вакол грамадскай арганізацыі "Маці 328", удалося дамагчыся зменаў у заканадаўстве і значная частка зняволеных датэрмінова выйшлі з вязніц.

Катаванні пачаліся задоўга да 2020 года

Разважаючы пра небывалыя катаванні ў 2020 годзе, Міхась звяртае ўвагу, што насамрэч яны існавалі раней і ўжываліся супраць так званых наркаманаў, але, маўляў, пра гэта большасць грамадства не ведала.

— Напэўна першымі былі анархісты. Потым цярпелі асуджаныя за карыстанне псіхаактыўнымі рэчывамі – спажыўцы, прадаўцы наркотыкаў, кур'еры, закладчыкі. Іх таксама жорстка затрымлівалі, катавалі, прысуджалі непамерныя пакаранні, вешалі на адзенне адмысловыя біркі, адпраўлялі на самую цяжкую працу. Але пра гэтых людзей мала хто казаў, бо ў грамадстве існуе стэрэатып: раз ты “наркаман”, то ты ўжо недачалавек і з табой можна рабіць што заўгодна.

Мірны супраціў не мог паўплываць на ўладу

Падзеі 2020 года, калі ва ўсім гэтым сам удзельнічаеш, альбо нават проста гартаеш стужку навін, здзіўлялі тады найбольш.

— Я быў у шоку і не ведаў, што рабіць. Разам з іншымі сябрамі быў назіральнікам на выбарах, і мы, падлічваючы лічбы і аналізуючы іх, у той самы час назіралі ў навінах за тым, што адбываецца на вуліцах гарадоў і проста не ведалі, ці займацца гэтым падлікам галасоў ці ўсё кідаць і ісці на вуліцу.

Суразмоўца згадвае, што пасля таго, як акцыі пратэсту пачаліся з новай сілай пасля жаночых маршаў, прыйшло разуменне, што трэба далей выходзіць. Але цяпер, маўляў, гэта здаецца наіўным рашэннем.

— Таму што рэжым Лукашэнкі заўсёды быў дастаткова жорсткім і яшчэ ў канцы 90-х забіваў сваіх апанентаў. А таму ясна, што мірны супраціў мала што мог зрабіць. Праўда, мне гэта толькі цяпер ясна. Але і тады некаторыя людзі казалі гэта, толькі іх мала хто слухаў.

Хочацца дамагацца справядлівасці

Цікаўлюся ў Міхася, чаму, працуючы ў ІТ-сферы і маючы прыстойны заробак, ён валанцёрыў у ініцыятывах, якія займаліся праблемамі наркаманаў, хадзіў назіральнікам на выбары…

— Шчыра – не ведаю. Мне нудна жыць забаўляльнае жыццё, хадзіць у кіно па вечарах, піць з сябрамі піва, працаваць і на гэтым скончыць сваю жыццёвую місію. Мне гэта папросту не пасуе – не ведаю чаму. Мне хочацца разбірацца ва ўсім, не хавацца ад нейкіх складанасцяў, хочацца дамагацца справядлівасці. Я гэтым працягваю займацца і ў Польшчы.

Што вы маеце на ўвазе?

— У Польшчы я пераключыўся на іншую тэму, займаюся экалагічнай праблематыкай. Мы праводзім акцыі, падчас якіх заклікаем людзей да веганства, да таго, каб людзі перасталі забіваць жывёлу, эксплуатаваць іх, выкарыстоўваць для забаў, для ежы, даследаванняў.

Мне цяжка давалася польская мова

Дарэчы, у Польшчы Міхась, як сам заўважае, прыжыўся без асаблівых праблемаў, паколькі ва ўсім дапамаглі сябры. Праўда, кажа, што з інтэграцыяй у іншае грамадства не ўсё так проста.

— Я дагэтуль не ўпэўнены, што інтэграваны ў польскае грамадства. Хіба толькі трохі. З большага маё кола кантактаў – гэта людзі з Беларусі, часам з Украіны, часам з Расеі. Адразу польская мова мне давалася цяжка, зараз значна лягчэй. І нягледзячы на тое, што існуе міф, нібыта ведаючы беларускую мову лёгка вывучыць польскую, мне было чамусьці зусім нялёгка. Я не разумеў, што людзі кажуць, іншае вымаўленне, іншыя склады і цяжка разабраць словы.

І як вы ў такіх сітуацыях спраўляліся?

— Вельмі дапамагала веданне англійскай мовы. Моладзь тут звычайна заўсёды ведае англійскую, а старэйшыя людзі часта разумеюць расейскую. Ну вось неяк так было. А яшчэ дапамагалі сябры, калі хадзілі рабіць неабходныя дакументы, яны мне перакладалі.

Выратаванне эмігрантаў у салідарнасці

Мы разважаем з Міхасём пра жыццё ў эміграцыі, і ён задуменна заўважае, што гэта новае ў яго практыцы.

— Эміграцыя – гэта такі вылет з гнязда. Спачатку мы вылятаем з гнязда бацькоўскага, калі пачынаем жыць самі, а потым… аказваецца, ёсць яшчэ і іншы ўзровень – калі ты вылятаеш з краіны, дзе нарадзіўся. Ты не ведаеш мовы, у цябе няма сувязяў, шмат сяброў, табе трэба атрымліваць новыя дакументы, бюракратыя працуе па-іншаму. Гэта складае цяжкасці, і выратаванне тут у салідарнасці, ва ўзаемападтрымцы адзін аднаго, у стаўленні да ўсіх роўна. І гэта мне дапамагло, бо напачатку было цяжка, потым стала лепш, а цяпер нармальна.

Калі можна будзе бяспечна вярнуцца – паеду

Міхась дзеліцца, што раней вельмі моцна сумаваў па Беларусі, але такі цяжкі сум, з яго слоў, мінуў. Ён вельмі любіў падарожнічаць па сваёй краіне, добра ведаў шмат маленькіх гарадоў. Працягвае гэта рабіць у Польшчы і такім чынам набліжае да сябе гэтую краіну. Але…

— Не хапае бацькоў, таго, што не магу з імі пабачыцца, а толькі размаўляем онлайн. Не хапае проста родных мясцін, вулачак мінскіх, па якіх шпацыраваў, не хапае паездак на электрычках у малыя вёскі. Не хапае таго, што можна паехаць на любое выпадковае возера, паставіць там намёт і заначаваць некалькі сутак. З яды не хапае спаржы па-карэйску… Абавязкова, калі можна будзе бяспечна вярнуцца – паеду. Няма ніякіх сумневаў у мяне. Канешне, не ведаю, як лёс далей складзецца, але пакуль што такі настрой.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл