Беларуская Служба

«Гэта невыносна, мы адчуваем сябе вязнямі». Парыж паралізаваны перад гульнямі

25.07.2024 13:48
Жыхары Парыжа ўжо «наеліся» Алімпіядаю — штодзённае жыццё ў французскай сталіцы стала для іх кашмарам.
.
.PAP/EPA/ALEX PLAVEVSKI

Вялікія бульвары Парыжа, велічныя манументы і шматлюдныя кафэ на гэтым тыдні атрымалі непрывабны дадатак: больш за 44 000 металічных агароджаў, якія блакуюць доступ да ўсяго — ад Луўра да вострава Сэнт-Луіс. Часовыя бар'еры былі ўсталяваныя з мэтаю бяспекі  напярэдадні Алімпіяды ў Парыжы, якая афіцыйна стартуе ў пятніцу. Улады, памятаючы пра балючую гісторыю тэрарыстычных актаў у сваёй краіне, прыклалі ўсе намаганні, каб абараніць мільёны турыстаў і спартсменаў, якія прыязджалі ў сталіцу Францыі на летнія Алімпійскія гульні.

«Самы вялікі выклік» для Францыі

Аднак не ўсе ў захапленні. З-за таго, што асноўныя станцыі метро зачыненыя, а цэлыя палосы дарог перакрытыя толькі для выкарыстання ў Алімпійскіх гульнях, гэта парушыла жыццё жыхароў на некалькі тыдняў. Абмежаванні будуць самымі жорсткімі напярэдадні цырымоніі адкрыцця ў пятніцу. Паводле прагнозаў, больш за 300 тысяч чалавек прымуць удзел у адкрыцці і гэта кашмар для службаў бяспекі.

«Гэта самая вялікая праблема бяспекі, якую калі-небудзь даводзілася арганізоўваць любой краіне ў мірны час», — заявіў журналістам міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманін.

Большасць мастоў, якія злучаюць берагі Сены, былі закрытыя перад цырымоніяй. Улады таксама абмежавалі доступ у цэнтр Парыжа. Вялікая тэрыторыя каля ракі, якая ўключае ў сябе Луўр, Нотр-Дам і Эйфелеву вежу, закрытая. Доступ да яе можна атрымаць, толькі паказаўшы спецыяльны QR-код, выдадзены жыхарам, людзям, якія там працуюць, або людзям, якія папярэдне забраніравалі ўваход у музеі і рэстараны.

Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе, што атрымала больш за 200 тысяч запытаў на код Pass Jeux праз свой вэб-сайт.

Парыж таксама поўны сілавікоў. Прыблізна 30 тысяч супрацоўнікі паліцыі і жандармерыі будуць працаваць у горадзе падчас Гульняў.

«Нягледзячы на ​​​​тое, што ўрад Францыі прыклаў усе намаганні, каб загадзя паведаміць жыхарам аб закрыцці вуліц, парыжане — верагодна, яны выйгралі б золата, калі б скарга была алімпійскім відам спорту — раз'юшаныя тым, што іх штодзённыя паездкі былі парушаныя», піша выданне Politico.

Уладальнікі крам і рэстаранаў кажуць, што гульні і спрэчныя металічныя бар'еры каштуюць ім вялікіх грошай. «Парыж пусты», — кажа кіраўнік кнігарні каля Пале-Раяль. Арганізацыя UMIH, якая прадстаўляе гатэлі і рэстараны, падкрэслівае, што рэстараны і кафэ ў закрытых зонах губляюць да 60 працэнтаў свайго абароту. Улады Францыі паабяцалі кампенсаваць частку гэтых страт. Аднак просьбы аб кампенсацыі толькі пазней будуць разглядацца спецыяльнай камісіяй.

«Гэта невыносна, мы адчуваем сябе зняволенымі, — абураецца таксіст, ён сцвярджае, што страціў больш за палову свайго звычайнага даходу і тлумачыць, што рэгулярна даводзіцца адмаўляцца ад таксі, якое запытваюць турысты. — Усё было вельмі дрэнна арганізавана».

Для турыстаў гэта зусім іншая гісторыя. Дэн, Эмі і іх дачка Клоэ прыехалі з Сакрамэнта, штат Каліфорнія ў ЗША, каб наведаць Парыж падчас Алімпійскіх гульняў. Нягледзячы на ​​тое, што ім было адмоўлена ў доступе да шэрагу месцаў, бо турысты не ведалі, што ім патрэбны QR-код, усмешлівая сям'я бачыць шклянку напалову поўнай. «Мы не расчараваныя, гэта выдатны вопыт, і мы ўражаны тым, наколькі добрыя людзі. Трэба быць гатовым да пэўных нязручнасцяў, гэта відавочна ў выпадку такой падзеі, — кажа Клоэ. — А ежа сапраўды цудоўная!»

onet.pl/Politico/вх