Беларуская Служба

80 гадоў таму Варшава рыхтавалася да паўстання супраць нямецкіх акупантаў (ФОТА + ВІДЭА)

31.07.2024 06:02
Гэта была найбуйнейшая ўзброеная аперацыя, пачатая падполлем у акупаванай немцамі Еўропе. 
Аўдыё
  • 80 гадоў таму Варшава рыхтавалася да паўстання супраць нямецкіх акупантаў
Powstańcy warszawscy na Powiślu
Powstańcy warszawscy na PowiśluInstytut Pamięci Narodowej

1 жніўня ў Польшчы будзе адзначаная 80-я гадавіна пачатку Варшаўскага паўстання. Гэта была найбуйнейшая ўзброеная аперацыя, пачатая падполлем у акупаванай немцамі Еўропе. Паўстанне закончылася паразай і смерцю амаль 200 тыс. чалавек, але перш за ўсё Варшаўскае паўстанне – гэта важная дата ў гістарычным календары Польшчы. Сёння мы раскажам пра палітычныя і мілітарныя перадумовы, звязаныя з гэтай акцыяй супраціву.

Паводле меркавання большасці гісторыкаў, у тым ліку і польскіх, у ваенна-стратэгічным плане паўстанне было накіраванае супраць Трэцяга рэйха, але палітычна – супраць Савецкага Саюза. Вермахт адступаў, а Чырвоная Армія рухалася ўсё далей на Захад. Вынік вайны быў прадвызначаны. Было зразумела, што ўзброеныя сілы Савецкага Саюза возьмуць усю тэрыторыю Польшчы пад свой кантроль. Палякі, якія асаблівых сімпатый да СССР не адчувалі, вырашылі ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, каб самім вызваліць сябе ад нямецкіх акупантаў. І а 17 гадзіне 1 жніўня 1944 года пачалося ўзброенае паўстанне ў Варшаве.

Варшаўскія паўстанцы. 2 верасня 1944 года крыніца: Jerzy Tomaszewski [domena publiczna], Wikimedia Commons Варшаўскія паўстанцы. 2 верасня 1944 года крыніца: Jerzy Tomaszewski [domena publiczna], Wikimedia Commons

Але задума аб пачатку ваеннай аперацыі з’явілася ў польскага эміграцыйнага ўраду, камандавання Польскіх узброеных сіл на Захадзе і Арміі Краёвай яшчэ ў 1943 годзе. Варшаўскае паўстанне было часткай буйной ваеннай аперацыі Burza («Навальніца»), якая пачалася на землях, што ўваходзілі ў склад даваеннай Польшчы, у студзені 1944 года. Яна заключалася ў выступленні супраць немцаў перад непасрэдным прыбліжэннем Арміі Чырвонай. Гаворыць гісторык, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Юры Грыбоўскі.

- Карані гэтых падзей сягаюць 1942-1943-га года. На ўсходнім фронце адбываўся карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Нямецкія войскі адступалі, а Чырвоная армія наступала па ўсёй лініі фронту. Канешне, таго, што адбывалася на ўсходнім фронце, не маглі не бачыць прастаўнікі польскага падполля і эміграцыйнага польскага ўраду ў Лондане. Савецкая армія імкліва набліжалася да польска-савецкай мяжы, якая існавала да верасня 1939 года. У 1943 годзе сітуацыя ўскладнілася тым, што паміж польскім эміграцыйным урадам і савецкім урадам не існавалі дыпламатычныя адносіны. Савецкі бок не скрываў, што не прызнае мяжы з 1939 года. Існавала пагроза, што даваенныя польскія тэрыторыі будуць занятыя і ўключаныя ў склад Савецкага Саюзу.

Ужо ў 1943 годзе польскія палітычныя і вайсковыя колы разглядалі розныя варыянты і магчымасці. Каб прымусіць Сталіна прызнаць старую польска-савецкую мяжу, неабходна было прадпрыняць нейкія палітычныя і мілітарныя крокі. І ў другой палове 1943 года камандаванне Арміі Краёвай і лонданскае Галоўнае камандаванне Польскіх узброеных сіл на Захадзе пачалі апрацоўку плану дзеянняў на выпадак, калі Чырвоная армія перакрочыць даваенную савецка-польскую мяжу. Было некалькі канцэпцый, і пасля дыскусій перамагла канцэпцыя, якая прадугледжвала ўзброенае выступленне супраць немцаў на ўсходніх тэрыторыях даваеннай Польшчы ў моманце, калі савецкая армія пачне да іх прыбліжацца. Палякі хацелі разбіць немцаў і сустрэць Чырвоную армію ў якасці паўнапраўных гаспадароў гэтай зямлі. Аперацыя атрымала кодавую назву Burza («Навальніца») і ахоплівала практычна ўсю даваенную ўсходнюю Польшчу. Першапачаткова Варшава не была ахопленая гэтым планам, бо меркавалася, што вялікі горад не падыходзіць да вядзення баявых дзеянняў, што пагражала вялікімі стратамі.

Афіцэры РОНА (Русская освободительная народная армия) і РОА (Русская освободительная армия) падчас падаўлення Варшаўскага паўстання ў жніўні 1944 года. У цэнтры з біноклем - камандзір аднаго з палкоў РОНА штурмбанфюрэр войск СС (маёр) Іван Фралоў. Зверствамі яго падраздзялення былі шакаваныя нават немцы. Крыніца: commons.wikimedia.org/public domain Афіцэры РОНА (Русская освободительная народная армия) і РОА (Русская освободительная армия) падчас падаўлення Варшаўскага паўстання ў жніўні 1944 года. У цэнтры з біноклем - камандзір аднаго з палкоў РОНА штурмбанфюрэр войск СС (маёр) Іван Фралоў. Зверствамі яго падраздзялення былі шакаваныя нават немцы. Крыніца: commons.wikimedia.org/public domain

Але польскія палітыкі не ведалі, што лёс іх краіны ўжо вызначаны на канферэнцыі «Вялікай Тройкі» ў Тэгеране ў 1943 годзе. Менавіта ў іранскай сталіцы было прынятае рашэнне аб новай мяжы Польшчы і Савецкага Саюзу. Там жа сусветныя імперыі падзялілі Еўропу на свае зоны ўплыву, у выніку чаго Польшча трапіла пад кантроль Масквы. Гаворыць Юры Грыбоўскі.

- Рашэнні, прынятыя «Вялікай Тройкай» у Тэгеране ў канцы 1943 года, свядома захоўваліся ў сакрэце. Некаторыя палітыкі і вайскоўцы маглі здагадвацца аб рашэннях тэгеранскай канферэнцыі, аднак большасць пра гэта не ведала.

Саюзнікі, і перш за ўсё саветы, істотнай падтрымкі паўстанцам не аказалі. Варшаўскае паўстанне завяршылася 2 кастрычніка 1944 года капітуляцыяй польскага боку. Падчас дзеянняў, накіраваных на падаўленне паўстання, немцы знішчылі як мінімум 150 тыс. мірных жыхароў Варшавы і фактычна зраўнялі некалі найпрыгажэйшы горад Еўропы з зямлёй: каля 85% будынкаў было разбурана.

У савецкай гістарыяграфіі і гістарыяграфіі ПНР уся адказнасць за паражэнне ўскладалася на польскі эміграцыйны ўрад і камандаванне Арміі Краёвай, якія імкнуліся захапіць уладу да прыходу Чырвонай Арміі. У сваю чаргу заходнія гісторыкі абвінавачвалі савецкае камандаванне ў наўмысным ухіленні ад дапамогі палякам, але савецкія гісторыкі пярэчылі, спасылаючыся на тое, што па аб'ектыўных абставінах аказанне дапамогі было немагчымым.

Варшаўскае паўстанне – гэта не толькі подзвіг польскага народу, але і вялікая трагедыя. Настолькі вялікая, што і ў той час, і цяпер з’яўляецца пытанне, ці яно мела сэнс і ці было патрэбнае. Але, нягледзячы на рознагалоссі, палякі штогод 1 жніўня аддаюць даніну памяці героям і ахвярам, а ў польскай сталіцы роўна а 17-й гадзіне гучыць сірэна як напамін пра той трагічны перыяд.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

галоўны здымак: Варшаўскія паўстанцы ў раёне Павісьле

Больш на гэтую тэму: Машына часу