У Польшчы павялічваецца колькасць разводаў і змяншаецца колькасць шлюбаў. Сёлета ў першым паўгоддзі было пададзена амаль 40 тысяч заяў на развод, што на 4,2% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году, калі было 38,1 тысяч такіх заяў, — піша Nasz Dziennik. Гэта яшчэ адна дэмаграфічная пагроза, пасля зніжэння нараджальнасці.
Дадзеныя за першае паўгоддзе адпавядаюць трэнду апошніх гадоў. На працягу 2023 года ў суды было пададзена амаль 81 тыс. заяў на развод. У параўнанні з 2022 годам адбыўся рост на 3%. Большасць заяў на развод паступае ў буйных гарадах — Познань, Варшава, Кракаў і Лодзь. Найменш — з Пярэмышля ці Ломжы.
Сацыёлаг Богдан Вяцкевіч, якога цытуе Nasz Dziennik, адзначае, што гэта небяспечная тэндэнцыя ў дэмаграфічным кантэксце. «Раней развод быў выключэннем, трагедыяй, а сёння — амаль штодзённасцю», — адзначае навуковец і дадае, што папулярнымі сталі альтэрнатыўныя формы шлюбу і сям’і.
Штогод у выніку разводаў, ці смерці кагосьці з сужонкаў распадаецца або перастаюць існаваць каля 250 тысяч шлюбаў, а заключаецца менш за 200 тыс. новых.
«Гэта мае вялікі ўплыў на структуру грамадства», - сказаў дэмограф Кшыштаф Шварц у каментарыі выданню Nasz Dziennik. З аўважана, што многія шлюбы, заключаныя людзьмі ва ўзросце 20-30 гадоў, распадаюцца ўсяго праз некалькі тыдняў. «Гэта толькі паказвае, што выжыць у шлюбе — гэта цяжкая праца, якую трэба выконваць штодня», — дадаў Кшыштаф Шварц, паводле якога, прычына разводаў у эканамічных і культурных пытаннях.
эж