Беларуская Служба

87% маладых польскіх жанчын карыстаюцца штучным інтэлектам

10.08.2024 06:03
Гэта самы высокі працэнт у нашай частцы Еўропы.
Штучны інтэлектPhonlamai Photo/Shutterstock

Польскім жанчынам спадабаўся штучны інтэлект. 87% маладых польскіх жанчын, у асноўным занятых, карыстаюцца штучным інтэлектам (ШІ). Гэта самы высокі працэнт у нашай частцы Еўропы. Як піша Rzeczpospolita, апошнія дадзеныя літоўскай арганізацыі Women Go Tech паказваюць, што ажно 61% жанчын зацікаўленыя ў атрыманні новых ведаў пра ШІ. Як адзначае выданне, у гэтым плане лідзіруе Польшча. 

Даследаванне, у якім было апытана амаль 5 тыс. 500 чалавек з 13 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, паказала, што цікавасць польскіх жанчын да сродкаў ШІ на 20% вышэйшая за сярэднестатыстычны паказчык. 

Як патлумачыла выданню кіраўніца Women Go Tech Ярунэ Прэйкшайтэ, вынікі даследавання выразна сведчаць аб моцнай заангажаванасці польскіх жанчын у новыя тэхналогіі і дазваляюць рабіць пазітыўныя прагнозы адносна ўкаранення ШІ ў Польшчы. 

«Шырокае выкарыстанне штучнага інтэлекту можа спрыяць прадукцыйнасці і інавацыям, павялічваючы эканамічную канкурэнтаздольнасць Польшчы. Улічваючы той факт, што 41% польскіх жанчын плануюць вучыцца або працаваць у сферах, звязаных са штучным інтэлектам, ёсць відавочная тэндэнцыя да пашырэння эканамічных магчымасцей», — кажа Прэйкшайтэ. 

Аднак, паводле прыблізных ацэнак, узровень занятасці жанчын у стварэнні штучнага інтэлекту складае толькі 13%. Аналітыкі, у сваю чаргу, зазначаюць, што ў Польшчы толькі 27% студэнтаў так званых навук STEM складаюць жанчыны. У часы вялізнага дэфіцыту IT-спецыялістаў жанчыны з'яўляюцца цалкам нявыкарыстаным патэнцыялам, зазначае Rzeczpospolita. 

вс