Выданне Polska Metropolia Warszawska піша пра прапанову арганізацыі ў Польшчы Алімпійскіх гульняў. Аб гэтым нечакана загаварыў прэм’ер-міністр дзяржавы Дональд Туск. У грамадскай прасторы яга заява выклікала вялізны рэзананс. Адны цешацца, што гэта выдатная ідэя, іншыя злуюцца, што ў палякаў «няма хлеба», а прэм’ер прапануе ім алімпіяду. «На Цэнтральны камунікацыйны порт мы не можам сабе дазволіць, на паніжэнне медычных узносаў – не, на будаўніцтва ваеннага заводу – не, але можам прызначыць дзясяткі мільярдаў злотых на гульні. Відаць, пры гэтым лягчэй нарабаваць», – пракаментаваў дэпутат партыі «Канфедэрацыя» Славамір Мэнцэн (Sławomir Mentzen).
Сам Туск мяркуе, што алімпіяда – гэта выдатны шанец на гіганцкае развіццё спартыўнай інфраструктуры – як Варшавы, так і ўсяе Польшчы. Выданне нагадвае, што гэта не канкрэтныя планы, а толькі прапанова. «Пажывём – пабачым, ці гэта рэальна», – дадаў прэм’ер-міністр. Таксама эксперты па-рознаму глядзяць на пытанне. Адны хваляць, іншыя лічаць, што арганізацыя алімпіяды Польшчы зусім не патрэбная. Ёсць важнейшыя справы – хаця б дапамога Украіне.
Алімпійскія гульні – дарагая імпрэза. Скажам, Францыя прызначыла на сёлетнія гульні 9 мільярдаў еўра. Поўны кошт алімпіяды ў Лондане склаў 13,6 млрд еўра. У сваю чаргу, карысць і даходы ад яе цяжка падлічыць.
Выданне піша, што Польшча магла б разважаць пра арганізацыю летніх алімпійскіх гульняў у 2044 годзе. Міжнародны алімпійскі камітэт любіць сімволіку, а ў гэтым годзе палякі будуць адзначаць сотую гадавіну Варшаўскага паўстання.
нг