Піва — найбольш папулярны алкагольны напой у Польшчы. Rzeczpospolita піша, што ў першым паўгоддзі гэтага году піва складала 55 працэнтаў спажыванага алкаголю. Гэта 93 літры на душу насельніцтва ў год. Нядрэнна прадаюцца і так званыя «małpki» (чакушкі), гэта значыць, невялікія бутэлькі спіртных напояў. А піва часцей купляюць раніцай - з 5.00 да 12.00.
«Раніцай продаж піва больш чым у шэсць разоў перавышае продаж алкаголю ў тары невялікіх памераў», — падкрэслівае выданне. Піва з'яўляецца самым папулярным алкаголем дзякуючы рэкламе і даступнай цане. Нізкі кошт абумоўлены дыспрапорцыяй у акцызе. Акцыз на спіртныя напоі ў тры разы вышэйшы, чым на піва.
Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, лікёра-гарэлачная галіна фіксуе падзенне продажу, а паводле Інстытута эканамічных прагнозаў і аналізу, шэрая зона пашыраецца - у выніку нелегальнага продажу моцнага алкаголю дзяржбюджэт зафіксаваў страты ў прыкладна 1,3 мільярда злотых.
У Польшчы працягваецца дыскусія пра продаж спіртных напояў у бутэльках малога аб'ёму – нагадвае выданне. Адзначаецца, што дадатковы падатак на моцны алкаголь у невялікіх упакоўках (да 300 мл) дзейнічае толькі ў Польшчы, а «ўсё больш высокія стаўкі акцызу для лікёра-гарэлачнай прамысловасці, а таксама пастаяннае павелічэнне сабекошту вытворчасці абумоўліваюць усё больш высокія цэны на легальны алкаголь», што прыводзіць да зніжэння даступнасці для спажыўцоў і пашырэння шэрай зоны.
На думку старшыні Аб’яднання працадаўцаў польскай алкагольнай прамысловасці Эміліі Рабэнды (Emilia Rabenda), калі дзяржава хоча актыўна праводзіць палітыку зніжэння спажывання алкаголю, паколькі ён негатыўна ўплывае на здароўе насельніцтва, неабходна змяніць падыход да акцызу, аддаючы перавагу піву, як самаму таннаму і даступнаму алкаголю.
Rzeczpospolita/PAP
нг