Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: Сваімі пакуль тут не сталі, але імкнёмся да гэтага

21.08.2024 13:50
Спадар Антон адкрыў у Познані кавярню з наляснікамі па беларускіх рэцэптах і кандытарскімі вырабамі. Ён сцвярджае, што іх блінчыкі — гэта не проста ежа, а ўнікальная страва.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: Сваімі пакуль тут не сталі, але імкнёмся да гэтага
 .
Ілюстрацыйны здымак. На Рынкуў ПознаніФота: П. Залескі, https://www.polskieradio.pl/396

Перспектыва ў тым, каб працаваць на сябе

У невялікай утульнай кавярні, дзе можна пакаштаваць наляснікі і іншыя блінчыкі па беларускіх рэцэптах, а таксама набыць кандытарскія вырабы, пануе светлая і прыемная атмасфера, насычаная водарам кавы. Гаспадар, спадар Антон, нешта запісвае ў працоўны сшытак, але адрываецца ад справы і гатовы да размовы. Цікаўлюся, што падштурхнула яго адкрыць у Польшчы прыватны бізнес?

— Таму што тут бачым іншыя магчымасці ў параўнанні з працай на некага. У гэтым ёсць перспектыва: ты можаш сам кіраваць, прапаноўваць нешта новае. У дадзеным выпадку я кажу пра ежу, блінчыкі, аўтарскую кандытарскую прадукцыю. Так, бліны ёсць у культуры Польшчы і лічацца часткай нацыянальнай кухні, але разнастайнасць прадуктаў у гэтай катэгорыі тут даволі абмежаваная, і мы можам прапанаваць нешта новае. Напрыклад, новыя начынкі, новыя густы — як салодкія, так і звычайныя.

Нашы блінчыкі — не проста ежа, а ўнікальная страва

А можаце пералічыць ваша меню?

— Па-польску гэта гучыць як nalesniki na słone і nalesniki na słodkie. Калі казаць пра nalesniki na słone, то некаторыя з іх утрымліваюць курыцу, вэнджаную каўбасу, якая тут карыстаецца попытам, а таксама смачныя падлівы і дадатковыя інгрэдыенты, як морква ці капуста. Усё гэта збалансавана па нашых рэцэптах, надаючы стравам унікальны смак, які цяжка знайсці дзе-небудзь яшчэ.

Спадар Антон распавядае, што разам з жонкай жыве ў Польшчы ўжо два гады. Але ідэя рабіць і прадаваць такія блінчыкі прыйшла хутка пасля таго, як яны даследавалі мясцовыя кавярні. Ён падкрэслівае, што іх блінчыкі — гэта не проста ежа, а ўнікальная страва, якая ўтрымлівае толькі натуральныя складнікі, і таму яна не самая танная.

— Захацелася чагосьці роднага, узгадаліся месцы, дзе можна набыць смачную ежу, якая прыносіць асалоду на некалькі гадзін. Захацелася перадаць гэты эмацыйны стан мясцовым людзям. Гэта, напэўна, і была тая ідэя, якая натхніла на адкрыццё бліннай. Больш таго, мая жонка — прафесійны кандытар, і яе жаданне ствараць унікальныя дэсерты, якія карыстаюцца попытам ва ўсёй Еўропе, было яе даўняй марай.

У Польшчы таксама цяжка пачынаць бізнес, але тут ёсць надзея…

Спадар Антон не хавае, што спрабаваў займацца прыватным бізнесам у Беларусі. Таму лагічна паўстае пытанне: наколькі розняцца ўмовы для вядзення бізнесу ў абедзвюх краінах? Паводле яго, параўноўваць гэта нельга, бо ў кожнай краіне даводзіцца прыстасоўвацца да мясцовых законаў і правілаў. Што тычыцца цяперашняй сітуацыі, спадар Антон кажа:

— Развіваць свой бізнес у Беларусі было цяжка як раней, так і цяпер. Тут складанасці звязаны з тым, што мы яшчэ толькі на старце і сутыкаемся з мноствам інфармацыі, якую трэба правільна асэнсаваць і адаптавацца да яе. Тым не менш, верым, што тут будзе лягчэй, бо ёсць надзея на тыя магчымасці, на якія мы спадзяваліся з самага пачатку.

Мы не скардзімся на цяжкасці

Мы ўзгадваем падзеі 2020 года ў Беларусі, і суразмоўца кажа, што гэта была адзіная прычына, па якой яны пакінулі краіну. Ён не хоча ўспамінаць падрабязнасці, толькі заўважае, што гаварыць пра гэта сумна.

Тут яны зразумелі, што адкрыць сваю справу і проста зарабляць на жыццё ў Польшчы прасцей. Яшчэ два гады таму спадар Антон атрымаў правы і працаваў дальнабойшчыкам, адзін утрымліваючы сям’ю.

— Вялікай радасці ад пераменаў не было, але я не магу сказаць, што было цяжка. Калі прымаеш рашэнне і змяняеш краіну, ты ў пэўным сэнсе гатовы да адаптацыі. Таму ўсё адбывалася спакойна, роўна.

 

Пакуль мы тут не свае, але імкнёмся да гэтага

Калі я распытваю спадара Антона пра праблемы, з якімі сутыкнуўся, інтэгруючыся ў новае грамадства, ён кажа, што гэта цяжка назваць праблемамі, хоць рознага роду стрэсы, канешне, перажываць даводзіцца.

— Парадкі тут іншыя, чым у нас. Рашэнні па некаторых пытаннях могуць зацягвацца, што нам не звыкла, і гэта не дадае радасці. Сказаць, што мы адчуваем сябе тут сваімі, я не магу. Каб стаць часткай грамадства, трэба ўсё "пераварыць" і з гэтым пражыць. На мой погляд, адаптацыя любога чалавека, які пераязджае ў іншую краіну, можа доўжыцца 4-5 гадоў ці нават больш. Пакуль не магу сказаць, што мы тут свае, але мы імкнёмся да гэтага.

Немагчыма не сумаваць па радзіме

Што тычыцца цяжкасцяў эміграцыйнага жыцця, суразмоўца кажа, што асабліва над гэтым не задумваўся. Для яго гэта быў звычайны пераезд, змена месца жыхарства. Тым не менш, ён зазначае, што як любы нармальны чалавек, які нарадзіўся і пражыў у сваёй краіне больш за 30 гадоў, не можа не сумаваць па родных, блізкіх, сябрах і пэўных мясцінах.

— Ну, вядома, хочацца там пабываць, але разумееш, што пакутаваць ад гэтага не варта, бо жыццё працягваецца, і наперадзе шмат новага. Хто ведае, колькі новых цікавых уражанняў чакае, але радзіма застаецца радзімай…

Спадар Антон не будуе вялікіх планаў, прагматычна ацэньваючы, як уладкоўваць сваё жыццё і жыццё сваёй сям’і цяпер. Таму, адказваючы на пытанне, ці вернецца ў Беларусь, калі там адбудуцца змены, кажа практычна:

— Магу сказаць, калі нешта зменіцца ў пазітыўны бок і гэта будзе выгадна для мяне і маёй сям’і, то будзе чарговая эміграцыя, якую я расцэньваю як змену месца жыхарства. Тады, магчыма, я вярнуся назад.

Павел ЗАЛЕСКІ

 

Ілюстрацыйны здымак:

1.На Рынкуў Познані