Выданне Forsal.pl піша пра элемент патрыятычнага выхавання, аб якім загаварыў нядаўна міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Гэта абавязковыя экскурсіі для ўсіх школьнікаў. На мінулым тыдні Касіняк-Камыш абвясціў праграму для школ, якая, між іншым, прадбачвае ўвядзенне абавязковых школьных экскурсій.
15 жніўня, у Дзень Войска Польскага, віцэ-прэм'ер, кіраўнік мінабароны пасля ўскладання вянкоў прадставіў падрабязнасці праекту яго групоўкі, Польскай сялянскай партыі, адносна патрыятычнага выхавання ў школах. Прадстаўніца клубу партыі Магдалена Срока паведаміла, што адпаведны законапраект унесены ў Сейм. Ён прадугледжвае ўвядзенне ў школах новай праграмы. З 1 верасня 2025 года ўступяць у сілу новыя нарматыўныя акты, якія тычацца патрыятычнага выхавання моладзі.
Касіняк-Камыш тлумачыў, што патрыятычнае выхаванне не будзе асобным прадметам, а ўвойдзе ў больш шырокую праграму. Мэта праграмы - прадставіць сучасныя аспекты патрыятызму ў кантэксце абароны і эканомікі краіны. Гаворка ідзе не толькі пра папулярызацыю гістарычна важных месцаў, але і пра папулярызацыю літаратуры, важнай для польскай ідэнтычнасці. Скажам, куратарам Праграмы імя Касцюшкі будзе Музей гісторыі Польшчы. Фінансаванне праграмы ўзгадняецца з настаўніцкімі прафсаюзамі. Гэтая праграма таксама прадугледжвае падтрымку няўрадавых фондаў, якія будуць ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на патрыятычнае выхаванне.
Акрамя таго, праект прадугледжвае ўвядзенне абавязковых школьных экскурсій. Гаворка ідзе пра наведванне важных месцаў польскай гісторыі. Гэта вандроўкі, звязаныя, напрыклад, з Другой сусветнай вайной, Варшаўскім паўстаннем, Вялікапольскім паўстаннем ці Рацлавіцкай бітвай. Месцы, якія павінны наведаць школьнікі, уключаюць Вавель у Кракаве, Каралеўскі замак у Варшаве ці нямецкі гітлераўскі канцлагер Аўшвіц-Біркенаў.
нг