Беларуская Служба

Беларуска ў Польшчы: Сумую па магчымасці быць не эмігрантам

26.08.2024 16:53
Больш чым за два гады ў эміграцыі перажыла рознае, але знайшла сілы, каб наладзіць жыццё. Цяпер мроіцца Мінск, восень, прыгожыя паркі і дрэвы…
Аўдыё
  • Беларуска ў Польшчы: Сумую па магчымасці быць не эмігрантам
Ілюстрацыя shutterstock/ImYanis

Я не магла заставацца ў баку

Наста падчас выбараў у 2020 годзе пакінула працу, бо была назіральніцай адразу на некалькіх выбарчых участках. Апроч гэтага, збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў, агітавала людзей, не цуралася любой актыўнасці, якая спрыяла зменам на карысць дэмакратыі. Паводле дзяўчыны, яна не магла тады заставацца ў баку.

— Мяне заўсёды, як чалавека, закранае тое, што адбываецца несправядліва. І тое, што я ўбачыла тады на вуліцы і на выбарчых участках, мяне вельмі абразіла. Я ўжо не магла стрымаць сваіх пачуццяў, эмоцый і разумела, што трэба нешта рабіць. І яшчэ было адчуванне, што ўсё атрымаецца, бо ад людзей зыходзіла такая моцная энергія, якая не магла мінуць проста так. Абавязкова павінна было адбыцца нешта добрае, і нашы дзеянні маглі на гэта паўплываць.

Гэта было вельмі жудасна, але і вельмі натхняльна

Праўда, усё, што ў тыя дні паўстала перад вачыма маладой дзяўчыны, больш чым уразіла яе.

— Гэта было жудасна, гэта быў вялікі жах. Я не магла ўсвядоміць, як такое магчыма, як тыя супрацоўнікі міліцыі, а яны ж таксама беларусы, маглі паводзіць сябе такім чынам. І нават справа не ў тым, што беларусы з беларусамі такое рабілі, а папросту чалавек з чалавекам. Папросту не глядзець на гэта, адвярнуцца і не бачыць было немагчыма для мяне.

Наста згадвае, што адназначна тады вырашыла: мірыцца з гэтым нельга і трэба супрацьстаяць злу.

— Мы хадзілі на ўсе пратэсты. Былі дні, калі траплялі на тры акцыі ў розных раёнах горада. Адзін дзень я так стамілася, што раніцай не магла ўстаць з ложка — балела спіна. Гэта было вельмі жудасна, але і вельмі натхняльна.

Галоўнае адчуванне — не сяджу ў турме

Супраць Насты ўзбудзілі крымінальную справу, прыйшлі на кватэру з ператрусам, давялося некалькі дзён хавацца ў знаёмых, а потым вакольнымі шляхамі з’язджаць за мяжу. І так з адным заплечнікам яна апынулася ў чужой краіне.

— Першае, з чаго даводзілася пачынаць, — неяк наладзіць свой эмацыйны стан. Гэта была вельмі стрэсавая сітуацыя, бо я да яе ніколі не рыхтавалася, заўсёды хацела жыць у Беларусі і ніколі не мела планаў жыць у іншай краіне. Галоўнае адчуванне, якое я мела на той момант, — тое, што не сяджу ў турме. Першыя паўгода хадзіла з гэтым адчуваннем, а потым на працягу года-паўтара мела вельмі сур'ёзныя праблемы са сном. Амаль год не магла спаць нармальна, і наогул гэта быў цяжкі перыяд, бо і бацькоў не магла адведаць, і яны там сумуюць і хвалююцца. Цяпер мой эмацыйны стан палепшыўся, бо часу шмат прайшло і ўдалося ўладкавацца ў Польшчы. І сяброў у нас тут шмат.

Раю звяртацца да псіхолага, калі ваш стан здароўя гэтага патрабуе

А пераадольваючы гэтую складаную сітуацыю, вам даводзілася прыбягаць да дапамогі псіхолага ці нешта іншае?

— Так, я звярталася да беларускіх псіхолагаў, якія тут працуюць, атрымлівала медыкаментозную дапамогу. Спатрэбіўся час, але мне гэта дапамагло.

Разумею, што пераадолець гэты стан нават такому маладому чалавеку, як вы, складана?

— Так. І раю ўсім звяртацца за дапамогай да адмыслоўцаў, калі вы патрапілі ў такую сітуацыю, бо самастойна з гэтым справіцца вельмі складана. Гэта патрабуе шмат часу, і гэты час лепей патраціць на тое, каб наладзіць сваё жыццё, а не мучыцца.

Жыць можна проста ў сваёй дыяспары

Што датычыцца інтэграцыі ў новае грамадства, то, паводле суразмоўцы, нейкіх асаблівых складанасцяў у Польшчы яна не адчула.

— У нас тут шмат сяброў беларусаў і ўкраінцаў. І калі ў цябе такая сітуацыя, то няма вялікай патрэбы інтэгравацца ў польскае грамадства, бо тут заўсёды і беларускія івэнты, і беларускія выстаўкі, і беларускія сустрэчы. Гэтага ўсяго хапае. Але мы маем і польскіх сяброў, і інтэграцыя адбываецца сама па сабе. Я не магу нават сказаць, што абавязкова інтэгравацца ў польскае асяроддзе, калі ты беларус, бо можаш спакойна жыць у беларускай дыяспары, і па сутнасці ўсё будзе добра.

Тут у людзей няма страху

Наста згадвае, што напачатку ў Польшчы шмат размаўляла па-англійску, бо многія палякі таксама валодаюць англійскай. Цяпер можа дамовіцца і на польскай мове. А яшчэ звяртае ўвагу, што ўсе праблемы, звязаныя з легалізацыяй, дакументамі, вырашаюцца вельмі прыстойнымі людзьмі ў дзяржаўных установах, якія заўсёды чула ставяцца да замежнікаў.

— Мяне заўсёды ўражваюць у першую чаргу людзі. Я заўважыла, што ў Польшчы людзі, якіх ты проста сустракаеш на вуліцы, распаволеныя. Мяркую, гэта таму, што ў Польшчы ўжо няма такіх сур'ёзных палітычных крызісаў, у людзей няма страху — гэта атмасфера адчуваецца. У Беларусі такога няма і, на жаль, не было і да 2020 года. І я вельмі жадаю, каб беларусы маглі сябе адчуваць таксама спакойна, без страху, распаволена, што вакол цябе сябры і ніхто не хоча цябе гвалціць або кідаць за краты. Вось такой атмасферы я хачу для Беларусі.

У беларусаў ёсць досвед — збірацца разам

Сваю эміграцыю Наста хоча выкарыстаць, каб набрацца жыццёвага і прафесійнага досведу і потым перавесці яго ў Беларусь. Пытаю дзяўчыну: які беларускі досвед яна б хацела пакінуць палякам?

— Я не ведаю, як у палякаў наконт здольнасці збірацца разам, бо ў беларусаў яна вельмі моцная — беларус беларусу беларус. І калі ў іх гэта не так, то мы маглі б іх гэтаму навучыць.

Восенню ў Мінску заўсёды так прыгожа…

А яшчэ дзяўчына прызнаецца, што вельмі сумуе па родным горадзе.

— Сумую па магчымасці быць не эмігрантам, быць грамадзянкай сваёй краіны, якая жадае мяне бачыць у краіне, а не ў турме. А яшчэ хутка будзе восень, а восенню заўсёды ў Мінску так прыгожа, такія несамавітыя дрэвы і паркі…

Слухайце аўдыё! 

Павел ЗАЛЕСКІ