Беларуская Служба

Бітва на Бзуры – буйнейшая бітва польскай абарончай вайны 1939 года (ФОТА/ВІДЭА)

07.09.2024 12:03
Бітва на Бзуры - адна з першых буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны, уключаючы французскую кампанію 1940 года. 
Аўдыё
  • Бітва на Бзуры – буйнейшая бітва польскай абарончай вайны 1939 года
         1939 .
Бітва на Бзуры – буйнейшая бітва польскай абарончай вайны 1939 года. Польская кавалерыя Foto: domena publiczna

85 гадоў таму, у верасні 1939 года, у Польшчы ішлі жорсткія баі. Палякі па-геройску змагаліся супраць нямецкіх захопнікаў. 17 верасня 1939 года быў адкрыты другі буйны фронт, бо з усходу на Польшчу напаў Сталін – саюзнік Гітлера. Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра найбольшую бітву польскай абарончай вайны. 

Гітлераўцы разлічвалі, што зоймуць Польшчу цягам некалькіх дзён, як іншыя еўрапейскія краіны, выкарыстоўваючы тактыку «бліцкрыгу» – «маланкавай вайны». Гэтага ў немцаў не атрымалася. Палякі па-геройску абараняліся ажно да 6 кастрычніка, застаўшыся абсалютна без падтрымкі еўрапейскіх супердзяржаў, нягледзячы на тое, што адпаведныя міжнародныя пагадненні аб ваеннай дапамозе былі падпісаныя з Францыяй і Вялікабрытаніяй.

Польскі генарал Юліюш Румэль - адзін з камандуючых войскамі падчас абарончай вайны 1939 года     domena publiczna  Польскі генарал Юліюш Румэль - адзін з камандуючых войскамі падчас абарончай вайны 1939 года domena publiczna

Важнейшай бітвай польскай абарончай вайны 1939 года была бітва на Бзуры, якую ў гістарыяграфіі называюць таксама бітвай пад Кутнам. Бзура – гэта рака, якая працякае ў цэнтральнай Польшчы каля гораду Кутна. І менавіта на Бзуры адбылася бітва восені 1939 году. Гэта таксама адна з першых буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны, якая пачалася 1 верасня 1939 году нападам Германіі на Польшчу. Гаворыць гісторык Януш Асіца.

Герд фон Рундштэдт у мундзіры генерал-фельдмаршала, якое атрымаў пазней/Bundesarchiv, Bild 183-L08129/CC-BY-SA 3.0
Герд фон Рундштэдт у званні генерал-фельдмаршала, якое атрымаў пазней/Bundesarchiv, Bild 183-L08129/CC-BY-SA 3.0

- Па рознаму называюць гэтую бітву – бітва на Бзуры альбо бітва пад Кутнам. Гэта была не толькі найбуйнейшая бітва польскай абарончай вайны, але адна з буйнейшых кампаній першага перыяду Другой сусветнай вайны, у тым ліку нападу Германіі на Францыю 1940 года. Нямецкая армія, імкнучыся ўзяць польскія войскі ў кацёл, не ўзяла пад увагу армію «Познань», якой камандаваў таленавіты генерал Кутшэба. 

З аднаго боку была польская армія «Познань» (камандуючы дывізіённы генерал Тадэвуш Кутшэба) і «Памор'е» (камандуючы дывізіённы генерал Уладзіслаў Бартноўскі), з другога – нямецкая 8-я (камандуючы генерал-лейтэнант Ёханэс Бляскавіц) і 10-я арміі (камандуючы генэрал-лейтэнант Вальтэр фон Рэйхенаў) ды войскі групы армій «Поўдзень» (камандуючы генерал-палкоўнік Герд фон Рундштэдт). Дарэчы, Бляскавіц і Рэйхенаў за польскую кампанію атрымалі званні генерал-палкоўнікаў.

Дывізіённы генерал Тадэвуш Кутшэба ўручае дыплом маёру Узброеных сіл Эстоніі. 1938 год    Narodowe Archiwum Cyfrowe Дывізіённы генерал Тадэвуш Кутшэба ўручае дыплом маёру Узброеных сіл Эстоніі. 1938 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

Бітва пачалася 9 верасня. Нямецкія планы нападу на Польшчу прадбачылі два напрамкі ўдару на Варшаву: з поўначы з тэрыторыі Прусіі, і з поўдня – з Сілезіі і занятай гітлераўцамі Чэхіі і Маравіі. 

Згодна з польскімі стратэгічнымі планамі, Войска Польскае мела абараняцца два тыдні, да моманту, калі на дапамогу прыйдуць саюзнікі – Вялікабрытанія і Францыя. Як вядома, саюзнікі ніколі на дапамогу не прыйшлі. Ноччу з 9 на 10 верасня адступаючыя ў напрамку Варшавы польскія арміі «Познань» і «Паморʼе» нанеслі моцны ўдар па леваму флангу 8-й арміі немцаў, якая наступала на польскую сталіцу. Абедзве польскія арміі, не прыцягваючы ўвагі варожай авіяцыі, фарсіраванымі начнымі марш-кідкамі прайшлі да даліны Бзуры.

Польская кавалерыя ў бітве на Бзуры    Muzeum Broni Pancernej w Poznaniu
Польская кавалерыя ў бітве на Бзуры Muzeum Broni Pancernej w Poznaniu

З'яўленне буйных польскіх сілаў у тыле групы армій «Поўдзень» стала поўнай нечаканасцю для камандавання Вермахта, упэўненага ў тым, што на захад ад Віслы ўжо няма ні аднаго буйнога польскага вайсковага злучэння. 

Першапачаткова дзеянні польскіх войскаў прынеслі поспех. Часткі Вермахта, якія наступалі на Варшаву, вымушаныя былі перайсці да абароны. Аднак пасля прыбыцця нямецкіх падмацаванняў і стварэння значнай перавагі ў сілах, 13 верасня наступальная моц частак польскай арміі рэзка знізілася. Тым не менш, яны вызвалілі некалькі раней занятых немцамі польскіх гарадоў. 

Дарэчы, у раён бітвы прыбыў асабіста Гітлер, які быў занепакоены тым, што палякі аказаліся ў тыле 8-й нямецкай арміі і змаглі нанесці ўдары па тылу 10-й арміі. 

Дзеянні палякаў прымусілі немцаў перагледзець планы аперацый у цэнтральнай Польшчы і перакінуць у даліну Бзуры танкавыя злучэнні і часці Люфтвафэ. На жаль, нямецкая перавага ў сіле і тэхніцы пазбавіла палякаў наступальнай ініцыятывы. 

Большасць польскіх частак змагалася да заканчэння боепрыпасаў. Пасля гэтага ваяры спрабавалі прабіцца ў Варшаву, каб заняць абарону вакол сталіцы. 14 верасня гітлераўцы акружылі Варшаву, а асобныя часткі Войска Польскага змагаліся ў на Бзуры ажно да 22 верасня. Менавіта гэтая дата лічыцца заканчэннем бітвы на Бзуры альбо інакш – бітвы пад Кутнам.

Пасля бітвы    Instytut Pamięci Narodowej
Пасля бітвы Instytut Pamięci Narodowej

Агулам па двух баках у бітве было задзейнічана 500 тыс. салдат і афіцэраў. Страты з польскага боку склалі 18 тыс. загінулымі, з нямецкага – 8 тыс. Пры гэтым па баку палякаў ваявала восем пяхотных дывізій і чатыры кавалерыйскія брыгады, па нямецкаму – 12 пяхотных, пяць танкавых і матарызаваных дывізій пры моцнай падтрымцы авіяцыі, якой у палякаў амаль не было. І хоць польскі бок прайграў бітву, то яна аднак прадэманстравала гераізм польскіх салдат і прагу абараняць сваю айчыну, а немцаў прымусіла кардынальна змяніць ваенныя планы. 

Пры нагодзе трэба таксама нагадаць, што ў верасні 1939 года, акрамя Савецкага Саюза і Германіі, на Польшчу напала таксама Славакія. Славацкае ўварванне 1 верасня 1939 года хоць і з’яўляецца гістарычным фактам, то аднак на фоне агрэсіі Германіі і Савецкага Саюза адыходзіць на другі план. Магчыма, таму, што Славакія заняла невялікую тэрыторыю Польшчы ў параўнанні з двума галоўнымі агрэсарамі. 

1 верасня, калі Польшча змагалася з гітлераўскай навалай, на поўдні польскую мяжу перасекла славацкая групоўка войск колькасцю ў 12 тыс. чалавек. Такім чынам, восенню 1939 года Польшчы прыйшлося весці змаганне на трох франтах, хоць трэці фронт, славацкі, быў нашмат меншым у параўнанні з нямецкім і савецкім. 

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

відэа: рэканструкцыя бітвы на Бзуры

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Верасень 1939 года – агрэсія супраць Польшчы з трох бакоў: нападзенне Славакіі (ФОТА)

08.09.2023 06:02
У ваенным верасні 1939 года на Польшчу напалі не толькі Германія і СССР, але і Славакія.