Беларуская Служба

Таварыства аматараў кактусаў пакажа ў Варшаве свае ўнікальныя калекцыі (ФОТА)

13.09.2024 08:12
 Часцей за ўсё гэта гатункі, якія немагчыма сустрэць у кветкавых ці садовых крамах.
Аўдыё
  • Таварыства аматараў кактусаў пакажа ў Варшаве свае ўнікальныя калекцыі (ФОТА)
Пётр Дабжыньскі ў аранжарэі кактусаўфота: radyjo.net/ав

Кактусы і сукуленты - гэта захапляльная група раслін з унікальнымі прыстасаваннямі да складаных умоў навакольнага асяроддзя, якія дазваляюць ім захоўваць ваду ў розных органах (лісце, сцёблы і карані). Гэтая ўнікальная асаблівасць дазваляе ім выжываць у надзвычай цяжкіх умовах, дзе доступ да вады вельмі абмежаваны або бываюць працяглыя перыяды засухі.

У Польшчы нават існуе Таварыства аматараў кактусаў. Гэта часцей за ўсё прыватныя калекцыянеры, якія вырошчваюць рэдкія гатункі гэтых раслін. У бліжэйшыя выходныя, 15-16 верасня, іх можна будзе пабачыць на адмысловай выставе ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту (al. Ujazdowskie 4).

На выставе можна не толькі паглядзець на незвычайныя кактусы, але і даведацца, як пра іх клапаціцца. Кактусы – гэта спецыфічная група раслін, гаворыць куратар калекцыі аранжарэйных раслін Батанічнага саду Варшаўскага ўніверсітэту інжынер Пётр Дабжыньскі:

-Гэта спецыфічная група раслін, якім патрэбна шмат святла і мала вады. Я так апісваю гэтую групу раслін. То бок гэта расліны, якія паходзяць з пустыні. Але ёсць група кактусаў, якія паходзяць з трапікальных лясоў, як эпіфітныя кактусы, якім патрэбна менш святла і больш вады. Трэба ўмець адрозніць гэтыя дзве групы.

Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту

На выставе ў Батанічным садзе свае расліны будуць паказваць аматары кактусаў, якія, напрыклад, спецыялізуюцца ў адным гатунку. Часцей за ўсё гэта гатункі, якія немагчыма сустрэць у кветкавых ці садовых крамах.

На выставе можна даведацца шмат цікавага і карыснага, як тое, што кактус зімой “упадае ў спячку”, кажа Пётр Дабжыньскі:

-Можна даведацца, у які час кактус спіць, як яго будзіць пасля перыяду спячкі. У нашым умераным кліматычным поясе, калі восенню і зімой мала святла, гэтыя расліны засынаюць. Трэба ведаць, як апекавацца такімі раслінамі.

Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту

Батанічны сад мае цэлую аранжарэю з кактусамі і сукулентамі. Некаторыя з іх маюць больш за 30 гадоў. Многія з іх – гэта рэдкія і вельмі рэдкія гатункі кактусаў, якія ў прыватных дамах не растуць.

-Трэба зазначыць, што ўсе гатункі кактусаў знаходзяцца пад аховаю Вашынгтонскай канвенцыі. Гэта значыць, што кактусы нельга без адпаведных згодаў і дакументаў браць непасрэдна з навакольнага асяроддзя. Нелегальнае вырыванне ці пакупка такога кактуса і потым дастаўка яго ў сваю краіну падлягае крымінальнай адказнасці. Такую расліну канфіскуюць у аэрапорце ці на пошце. Таму з вакацый кактусы лепш не прывозіць.

І хоць кактусы атаесамляюцца з пустыняй, то ёсць гатункі, якія ў нашым клімаце могуць наваць зімаваць у зямлі, кажа Пётр Дабжыньскі:

-Такія кактусы трэба адпаведна падрыхтаваць. Гэта зімаўстойлівыя гатункі, якія ў стане вытрымаць тэмпературу да -30 градусаў. Але ў нас цяпер такіх тэмператур амаль няма. Я ведаю, што пад Варшавай ёсць прыватны калекцыянер, які ў сваім садзе мае калекцыю такіх кактусаў. Батанічны сад ва Уроцлаве мае калекцыю марозаўстойлівых кактусаў і сукулентаў. Невялікая калекцыя ёсць у Батанічным садзе ў Любліне. У нас у Варшаве такая калекцыя ствараецца.

Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту

Ці ўсе кактусы маюць калючкі? Пераважная большасць так, кажа спецыяліст і тлумачыць, навошта яны кактусам:

-Большасць кактусаў мае калючкі. Ёсць такі гатунак астрафітум, у яго гэтай зброі няма, да яго можна лёгка дакранацца. Да некаторых кактусаў з калючкамі можна дакранацца, але трэба ведаць як. У сваю чаргу самым небяспечным гатункам кактуса з’яўляецца апунцыя. У яе два віды калючак, першыя прамыя, а другія – маленькія, у форме кручка. Яны як уб’юцца, то іх цяжка выняць. Калючкі ў працэсе эвалюцыі паявіліся, па-першае, для абароны. Кактус захоўвае ў сабе мноства вады. І гэта абарона перад тым, каб яго не з’ядалі. Другая прычына: чым больш у кактуса калючак, тым ён больш устойлівы на сонечнае святло. Дзякуючы калючкам сонца не трапляе да больш далікатных частак расліны.

Большасць кактусаў цвіце, але цвіценне ў пераважнай ступені залежыць ад ведаў, як вырошчваць кактусы. Пётр Дабжыньскі, як цікавінку, расказвае пра кактус у Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту, які цвіце на працягу вельмі кароткага часу:

-Калі мы не запэўнім расліне адпаведных умовах, святла, не будзе ўгнаення для правільнага росту, то кактус не зацвіце. У нашай калекцыі Батанічнага саду кактусы цвітуць, нават цяпер адзінкавыя выпадкі ёсць. Можна цяпер таксам пабачыць ягады на раслінах. Чакаем, калі зацвіце эпіфітны кактус - epiphyllum oxypetalum. Цяпер у яго восем бутонаў. Кактус зацвітае ноччу, а каб гэтага было мала, то кветка – аднадзённая. Усё ж момант раскрыцця кветкі сапраўды эфектны.

Кактус ужо нейкі час з’яўляецца не толькі ўпрыгожваннем нашых дамоў. У апошні час ён набыў папулярнасць у якасці інгрэдыента карысных закусак, кактэйляў і дэсертаў. Ён таксама заваяваў рынак касметыкі.

ав

слухайце аўдыё

Еpiphyllum oxypetalum - цвіце ноччу аднадзённай кветкай Еpiphyllum oxypetalum - цвіце ноччу аднадзённай кветкай

Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту
Кактусы ў Батанічным садзе Варшаўскага ўніверсітэту

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце