Беларуская Служба

Гістарычная постаць: Валерыян Чума – польскі генерал, які 85 гадоў таму арганізаваў абарону Варшавы (ФОТА/ВІДЭА)

14.09.2024 06:01
Пад кіраўніцтвам генерала Чумы ў кароткі час удалося сабраць для абароны сталіцы даволі значныя сілы - каля 70 тыс. салдат і афіцэраў.
Аўдыё
  • Гістарычная постаць: Валерыян Чума – польскі генерал, які 85 гадоў таму адказваў за абарону Варшавы
    ( )     .  1929
Брыгадны генерал Валерыян Чума (трэці справа) на дзяржаўнай урачыстасці ў Львове. Жнівень 1929 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

85 гадоў таму, у верасні 1939 года, у Польшчы ішлі жорсткія баі. Палякі па-геройску змагаліся супраць нямецкіх захопнікаў. 17 верасня 1939 года быў адкрыты другі буйны фронт, бо з усходу на Польшчу напаў Сталін – саюзнік Гітлера. 3 верасня 1939 года было створанае камандаванне абароны Варшавы, якое ўзначаліў брыгадны генерал (генерал-маёр – рэд.) Валерыян Чума (у прозвішчы націск на першы склад - рэд).

Валерыян Чума нарадзіўся 24 снежня 1890 года. Вучыўся ў Вене, дзе трапіў у войска Аўстра-Венгрыі. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ўступіў у польскія легіёны.

gen. Walerian Czuma fot. Wikimedia Commons. gen. Walerian Czuma fot. Wikimedia Commons.

На пачатку 1918 года генерал Юзэф Халер накіраваў яго ў Маскву для эвакуацыі палякаў з Савецкай Расіі і іх вярбоўкі ў польскую армію. Затым Чума адправіўся ў Сібір, дзе са жніўня 1918 года ў чыне маёра займаўся фармаваннем 5-й польскай стралковай дывізіі («Сібірскай дывізіі»), якая затым дзейнічала супраць бальшавікоў на баку войск адмірала Аляксандра Калчака. У склад дывізіі ўваходзілі некалькі рачных манітораў, якія патрулявалі раку Об. Пасля баёў з Чырвонай арміяй дывізія 10 лютага 1920 года была раззброеная пад Краснаярскам. Чума ўтрымліваўся ў турмах Краснаярска і Омска, з лістапада 1920 года - у Бутырскай турме ў Маскве.

Пасля вызвалення ў студзені 1922 года афіцэр вярнуўся ў Польшчу. Затым, калі паправіў сваё здароўе, афіцэр зноў паступіў на службу ў армію ў чыне палкоўніка.

Пасля заканчэння Вышэйшых ваенных курсаў у Варшаве Валерыян Чума займаў шэраг камандных пасад у Войску Польскім. З 1922 да 1927 года ён - камандзір дывізіённай пяхоты, выконваючы абавязкі камандзіра 19-й пяхотнай дывізіі. З 1927 па 1928 год - камендант Віленскага ўмацаванага раёна, затым - камандзір 5-й пяхотнай дывізіі. З 1 студзеня 1929 года – брыгадны генерал. З лютага 1939 года – начальнік Памежнай службы.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны генерал Чума быў прызначаны камандуючым абаронай Варшавы. У 1957 годзе Валерыян Чума так згадваў тыя дні ў эфіры Радыё “Свабодная Еўропа”.

- Самыя цяжкія моманты, якія былі ў маім жыцці – гэта, несумненна, верасень 1939 года і абарона Варшавы. Я атрымаў задачу абараніць Варшаву ад наступлення 4-й нямецкай танкавай дывізіі, якая, прарваўшы фронт, падыходзіла да сталіцы. На пачатку ў маім распараджэнні былі вельмі сціплыя сілы – чатыры пяхотныя батальёны ў няпоўным складзе, якім нехапала зброі. Гэта былі вельмі малыя сродкі, каб спыніць нямецкія танкі.  

Сваю задачу ён выканаў як толькі мог, улічваючы тыя сілы, якія былі ў яго распараджэнні.

Пад кіраўніцтвам генерала Чумы ў кароткі час удалося сабраць для абароны сталіцы даволі значныя сілы - каля 70 тыс. салдат і афіцэраў - з воінскіх часцей, якія адступалі да сталіцы, і грамадзянскіх добраахвотнікаў. 6 верасня ён загадаў адкрыць ваенныя склады сталіцы і раздаць зброю рабочым і ўсім грамадзянам, якія хочуць абараняць горад. У той жа дзень па загадзе генерала была сфармаваная Рабочая брыгада абароны Варшавы.

8 верасня галоўнае камандаванне войскамі, якія абаранялі сталіцу, прыняў камандуючы арміяй «Варшава» дывізіённы генерал (генерал-лейтэнант – рэд.) Юліюш Румель, але Чума застаўся адказным за абарону горада ажно да канца супраціву 29 верасня 1939 года.

Дывізіённы генерал Юліюш Румель крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Дывізіённы генерал Юліюш Румель крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Пазней афіцэр трапіў у нямецкі палон, сядзеў у розных лагерах для ваеннапалонных. Быў вызвалены ў красавіку 1945 года амерыканскімі войскамі. Пасля вызвалення Валерыян Чума эміграваў у Вялікабрытанію, дзе займаўся сельскай гаспадаркай. Ён не прымаў удзелу ў грамадскім жыцці. У 1961 годзе перанёс цяжкае кровазліццё ў мозг, якое і стала прычынай смерці ў красавіку 1962 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

 

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Бітва на Бзуры – буйнейшая бітва польскай абарончай вайны 1939 года (ФОТА/ВІДЭА)

07.09.2024 12:03
Бітва на Бзуры - адна з першых буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны, уключаючы французскую кампанію 1940 года.