Беларуская Служба

Польскі горад Лягніца – «Малая Масква»: 31 год таму апошні расійскі салдат пакінуў Польшчу (ФОТА/ВІДЭА)

20.09.2024 06:01
Лягніца – гэта не толькі вялікая гісторыя, але і гісторыі звычайных людзей, такіх, як беларуска Лідзія, каханне якой да паляка закончылася трагічна.
Аўдыё
  • Польскі горад Лягніца – «Малая Масква»: 31 год таму апошні расійскі салдат пакінуў Польшчу
    . 20  1991
Савецкі батальён сувязі пакідае Польшчу. 20 жніўня 1991 года PAP/Ryszard Janowski

31 год таму расійская армія, якая стала пераемніцай арміі савецкай, пакінула Лягніцу, размешчаную на захадзе Польшчы. З 1945 года менавіта ў гэтым польскім горадзе, насельніцтва якога актуальна налічвае крыху больш за 100 тыс. чалавек, знаходзіўся штаб Паўночнай групы войск СССР. Цягам амаль 50-і гадоў Лягніца была свайго роду савецкім востравам у Польшчы, з-за чаго яе называлі «Малой Масквой». 

Апошні расійскія салдат пакінуў Лягніцу і ўвогуле Польшчу 16 верасня 1993 года. Праз дзень, 17 верасня, у варшаўскай прэзідэнцкай рэзідэнцыі «Бельведэр» адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да гэтай даты. Гаспадаром урачыстасці быў тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса.

- 17 верасня ў польскай гісторыі – гэта трагічная дата. Гэты дзень адкрыў палякам дарогу ў лагеры і Катынь. Канец Другой сусветнай вайны не стаў для палякаў пераломам. Гітлер прайграў, але аддаў нас Сталіну. 17 верасня 1939 года Польшчы, якая абаранялася ад нямецкага нападзення, у спіну ўбілі нож. Сённяшні дзень, 17 верасня 1993 года, завяршае пэўную эпоху ў нашай агульнай гісторыі.

У сваю чаргу пасол Расіі ў Варшаве Юрый Кашлеў сказаў, што вывад войск з Польшчы – гэта знак новых адносін паміж краінамі.

Прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса развітваецца з апошнімі савецкімі салдатамі і афіцэрамі, якія пакідаюць Польшчу. Прэзідэнцкая рэзідэнцыя «Бельведэр», Варшава, 17 верасня 1993 года  PAP/Janusz Mazur Прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса развітваецца з апошнімі савецкімі салдатамі і афіцэрамі, якія пакідаюць Польшчу. Прэзідэнцкая рэзідэнцыя «Бельведэр», Варшава, 17 верасня 1993 года PAP/Janusz Mazur

Пачаткам вываду расійскіх войск (хоць больш правільна казаць пра савецкія войскі, бо ў іх надалей служылі прадстаўнікі былых савецкіх рэспублік) з Польшчы лічыцца дата 9 красавіка 1991 года, калі з вялікага гарнізону ў Борнэ Сулінова (паўночна-заходняя Польшча) адправіўся першы эшалон з ракетнай зброяй. Апошняя баявая часць савецкай арміі пакінула Польшчу ў кастрычніку 1992 года.

Першай Польшчу пакінула 114-я гвардзейская ракетная Аршанская ордэнаў Суворава і Кутузава брыгада. 8 красавіка 1991 года, Борнэ Сулінова   PAP/Jerzy Undro Першай Польшчу пакінула 114-я гвардзейская ракетная Аршанская ордэнаў Суворава і Кутузава брыгада. 8 красавіка 1991 года, Борнэ Сулінова PAP/Jerzy Undro

Цягам 1992 года з Польшчы было выведзена больш за 35 тыс. салдат і афіцэраў, каля 200 самалётаў, у тым ліку 150 баявых, 220 танкаў, 770 бронетранспарцёраў, 153 гарматы і САУ, 126 ракетных установак і 24 тарпедныя катары. На канец 1992 года ў Польшчу заставалася крыху больш за 4 тыс. вайскоўцаў, размешчаных у розных гарнізонах на тэрыторыі краіны.

Паўночная група савецкіх войскаў была створаная ў 1945 годзе ў выніку пераўтварэння Другога Беларускага фронту, але яе фармальна-юрыдычнае размяшчэнне адбылося толькі ў снежні 1956 года на моцы падпісанага пагаднення паміж Польшчай і Крамлём. Згодна з гэтай дамовай, агульная колькасць савецкіх войскаў у Польшчы вызначалася ў 62-66 тыс. чалавек. Агулам Савецкая армія займала плошчу ў 70 тыс. га.

Гісторыя ж Лягніцы, дзе знаходзіўся штаб Паўночнай групы войск, які ў 1984 годзе быў перайменаваны на Галоўнае камандаванне войск Заходняга напрамку, вельмі цікавая.

Лягніца. Сучасны від  крыніца: commons.wikimedia.org/Andrzej19/CC BY-SA 4.0 Лягніца. Сучасны від крыніца: commons.wikimedia.org/Andrzej19/CC BY-SA 4.0

Месца, якое займалі савецкія войскі, называлася «Вялікім квадратам» – гэта быў «горад у горадзе». «Вялікі Квадрат» займаў каля 20% тэрыторыі Лягніцы, якая пасля 1945 года перайшла ад Германіі да Польшчы. Ад польскага насельніцтва савецкая частка была агароджаная сцяной, якая сёння знесеная. У «Вялікім Квадраце» быў «Малы квадрат», дзе знаходзіўся штаб і іншыя важныя аб’екты. Тут былі раскошныя генеральскія асабнякі, будынак савецкага камандавання Паўночнай групы войскаў і Дом афіцэраў. Дарэчы, цэлую жылую інфраструктуру, у тым ліку казармы і афіцэрскія асабнякі, пабудавалі немцы да вайны. У будынку камандавання раней знаходзіўся штаб 18-й пяхотнай дывізіі Вермахта, якой камандаваў вядомы нямецкі генерал-фельдмаршал Эрых фон Манштэйн.

Геаграфія размяшчэння савецкіх войск у Польшчы. Крыніца: dzieje.pl Геаграфія размяшчэння савецкіх войск у Польшчы. Крыніца: dzieje.pl

Гісторыя Лягніцы часоў ПНР – гэта таксама гандаль паміж савецкімі і польскімі грамадзянамі. Палякі куплялі ў прадстаўнікоў Краіны саветаў дэфіцыт, недаступны ў Польшчы, а вось савецкія грамадзяне тавары, якіх не было ў СССР. Былі таксама любоўныя гісторыі, у тым ліку нешчаслівыя. У 2008 годзе ў Польшчы быў зняты фільм «Малая Масква», заснаваны на рэальнай гісторыі беларускі Лідзіі Новікавай – жонкі савецкага афіцэра, якая закахалася ў паляка.

У Лягніцы ў Лідзіі здарыўся раман з польскім сяржантам артылерыі Эдвардам Ёнцай. Пра раман данесла начальству Эдварда яго жонка. Пасля таго, як пра адносіны даведаўся КДБ, сям'і Новікавых было загадана пакінуць Польшчу і вярнуцца ў Савецкі Саюз. Лідзія Новікава была знойдзеная павешанай на дрэве ў лесе перад самым ад’ездам. Эдвард Ёнца развёўся з жонкай і пераехаў служыць ва Уроцлаў, дзе загінуў у аўтакатастрофе ў 1970 годзе. Лідзію Новікаву пахавалі на савецкім участку лягніцкіх камунальных могілак. У горадзе Лідзію называюць «Лягніцкай Джульетай».

Магіла Лідзіі Новікавай ў Лягніцы  крыніца: commons.wikimedia.org/Aw58/CC BY-SA 4.0 Магіла Лідзіі Новікавай ў Лягніцы крыніца: commons.wikimedia.org/Aw58/CC BY-SA 4.0

Пасля перанясення пахаванняў савецкага ўчастка лягніцкіх могілак у агульную магілу, з-за адмовы расійскага боку аб выдзяленні сродкаў на ўтрыманне ўчастка, магіла Лідзіі Новікавай засталася адзінай захаванай на ім і была ўзятая на баланс лягніцкай мэрыі. На ёй часта ляжаць жывыя кветкі.

З 2012 года ў Лягніцы праходзіў Фестываль польска-рускага раманса імя Лідзіі Новікавай. Мерапрыемства заўсёды пачыналася цырымоніяй ускладання кветак на магілу «Лягніцкай Джульеты». А вось на доме, дзе жыла жанчына, і на доме, дзе жыла сям’я Ёнцы, устаноўленыя мемарыяльныя дошкі. У гарадскім музеі Лягніцы створаны аддзел, прысвечаны Лідзіі.

Мне пашчасціла быць у Лягніцы шмат гадоў таму і на ўласныя вочы ўбачыць «Вялікі» і «Малы квадраты», пахадзіць паміж казармамі, дзе цяпер знаходзяцца жылыя дамы, зайсці ў былы штаб нямецкай, а пазней савецкай арміі, і, што самае галоўнае, паразмаўляць з палякамі, якія жывуць у горадзе і дасканала памятаюць мінулае. Уражанне проста неверагоднае – гэта быццам бы дакрануцца да гісторыі, бо яна была побач.

Пры нагодзе чарговай гадавіны вываду расійскіх/савецкіх войск з Польшчы варта памятаць пра гісторыі звычайных людзей, такіх, як Лідзія і Эдвард, каханне якіх знішчыў таталітарызм.

Валеры Саўко

крыніца інфаграфікі - па спасылцы

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу