Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: робім гарбузовыя клёцкі (РЭЦЭПТ)

01.10.2024 06:07
Гэтая арыгінальная польская страва без сумневу спадабаецца сям’і і гасцям.
Аўдыё
  • Рэдакцыйная кухня: робім гарбузовыя клёцкі
Гарбузыpixabay.com/127071/free for commercial use

Інгрэдыенты

гарбузовае пюрэ - 500 г

цукровая пудра - 20 г

яйка - 1 шт.

крухмал - 90 г

мука пшанічная - 150 г

карыца - 0,5 чайнай лыжкі

соль

Дадаткова для падачы на стол

чарніцы

цукровая пудра

карыца

свежая мята

ёгурт

Прыгатаванне

Гарбуз памыйце і разрэжце напалову. Палажыце палоўкі гарбуза на бляху, засланую пергаментам. Выпякайце каля 30-40 хвілін у духоўцы, разагрэтай да 150°C. Запечаны гарбуз пакіньце астываць. Пазней яго разатрыце або пратрыце праз сіта, пакуль не атрымаеце аднародную гладкую кансістэнцыю.

У міску насыпце пшанічную муку. Дадайце гарбузовае пюрэ, цукровую пудру, карыцу і соль. Перамяшайце. Дадайце крухмал і перамяшайце. Пазней - яйка і зноў перамяшайце. Замясіце цеста - спачатку ў місцы, а потым на пасыпанай мукой стальніцы. Калі цеста атрымаецца не асабліва густым, дадайце пшанічную муку і крухмал у роўных прапорцыях, а затым зноў замясіце цеста да атрымання пластычнай аднароднай масы. Пры неабходнасці паўтарыце працэс.

Затым цеста падзяліце на чатыры роўныя часткі. З кожнай часткі сфармуйце рулет на стальніцы, пасыпанай мукой. Адрэжце кавалачкі шырынёй каля 1 см і сфармуйце з іх кружкі з адтулінай пасярэдзіне.

Варыце клёцкі прыкладна 3-5 хвілін, час ад часу асцярожна памешваючы. Калі яны ўсплывуць, дастаньце на талерку. Падавайце з натуральным ёгуртам. Зверху пасыпце цукровай пудрай і карыцай, упрыгожце мятай.

Смачна есці!

Падрабязней пра тое, як прыгатаваць страву, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец