Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: «Канешне, мы не дома, але гэтае «не дома» я лічу максімальна лёгкім для нас»

28.09.2024 10:11
Яна не шкадуе аб тым, што зрабілі ў 20-м, нарадзіла ў Польшчы чацвёртае дзіця, ніколі не хацела з’язджаць з Радзімы, але лічыць, што лепш быць эмігрантам у чужой краіне, чым у сваёй.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: «Канешне, мы не дома, але гэтае «не дома» я лічу максімальна лёгкім для нас»
Ілюстрацыя Shutterstock/Velishchuk Yevhen

Найлепшае пачуццё ў жыцці

Спадарыня Вольга — лінгвіст, выкладае анлайн французскую мову. У свой час скончыла гімназію з ухілам на французскую мову, а затым лінгвістычны ўніверсітэт. У 2020 годзе прымала ўдзел у пратэстах разам з іншымі. Згадвае, што яе муж быў за кратамі, а яе выклікалі на допыты. У іх сям’і чацвёра дзяцей, прычым апошняе нарадзілася ўжо ў Польшчы.

Мы разам узгадваем тыя падзеі, і адчуваецца, як цяжка і балюча ёй было іх перажыць, наколькі яскрава яны засталіся ў яе памяці. Але пры гэтым прызнаецца, што гэтае пачуццё было бадай што найлепшым у яе жыцці.

— Я спрабавала растлумачыць гэта палякам, з якімі кантактую, але гэта неперадавальна. Пачуццё было такое, нібы ты абудзіўся ад сну і нешта новае чакае цябе. Разумела, што змяніць усё будзе цяжка, але не пакідала пачуццё, што ты на рубіконе: тут зло, а тут дабро. І быць на баку дабра было вельмі прыемна.

З тымі самымі перакананнямі

Спадарыня Вольга кажа, што не расчаравалася ў тым, што яны рабілі ў 2020 годзе, хоць і не здолелі перамагчы. На той момант яна не бачыла іншага выйсця і лічыць, што паводзіць сябе інакш было б ненатуральна.

Некаторыя яе знаёмыя шкадуюць, што не рабілі іншых крокаў дзеля перамогі, але яе погляды засталіся нязменнымі. Паводле жанчыны, магчыма, выніку не дасягнулі таму, што не былі да канца гатовыя. Яна ўпэўненая, што хваля падзей 2020 году застанецца гістарычнай і што яна адыграла сваю ролю ў барацьбе за лепшую будучыню беларусаў.

“Мы ехалі ў краіну, якой зусім не ведалі”

З’язджаючы ў эміграцыю, спадарыня Вольга не задумвалася аб тым, што іх чакае, а проста рабіла тое, што было неабходна на той момант. Яна не чакала нічога добрага, бо пачалася вайна, і Беларусь стала суагрэсарам. Яна перажывала, як палякі і ўкраінцы будуць успрымаць беларусаў, але ўсё атрымалася значна лягчэй, чым  думала.

— Я ехала ў краіну, якую, шчыра кажучы, не ведала. У Польшчы была два-тры разы, але толькі праездам, калі ляцела з Варшавы. Муж увогуле быў у Польшчы ўпершыню. Мы не ведалі, чаго чакаць. Цяпер мы адкрываем для сябе гэтую краіну як турысты, і яна нам падабаецца. Я лічу, што для беларускіх эмігрантаў гэта найлепшая краіна. У нас агульная гісторыя, менталітэт, хоць і не аднолькавы, але значна бліжэйшы, чым у французаў, іспанцаў ці партугальцаў. Палякі змаглі зрабіць тое, што не атрымалася ў нас.

Палякі, па словах спадарыні, лепш разумеюць беларусаў, чым іншыя еўрапейцы.

— Не ўсе, канешне, але многія памятаюць сваю гісторыю і разумеюць. Французы, напрыклад, нешта бачылі, але не да канца ведаюць. Палякі цікавяцца намі значна больш, чым іншыя еўрапейцы. Канешне, мы не дома, але гэтае "не дома" я лічу максімальна лёгкім для нас.

Адаптацыя праходзіла праз шок

Спадарыня Вольга згадвае, што адаптацыя іх сям’і ў Польшчы праходзіла праз шок. Іх чацвёртае дзіця нарадзілася ў Польшчы, і яна даведалася пра сваю цяжарнасць толькі пасля пераезду.

— Асноўны шок быў звязаны менавіта з гэтым. Не было ні пэсэля, ні іншых дакументаў, а трэба было шукаць лекараў. Да таго ж гэта было чацвёртае дзіця. Гэта быў вялізны шок, і самае складанае ў працэсе адаптацыі. Але пасля таго, як гэтыя цяжкасці мінулі, усё іншае давалася лягчэй.

Што датычыцца дзяцей, то старэйшаму сыну было складаней, бо ў Беларусі засталіся школа і сябры. Ён дагэтуль адаптуецца. Але школка ім падабаецца, ёсць шмат дадатковых заняткаў, якія ён наведвае. Дыяспара беларуская таксама вялікая. Дзеці ходзяць у беларускую суботнюю школу, ёсць тэатральныя і маляўнічыя майстэрні. Малодшыя дзяўчынкі пайшлі ў садок, і ён лепшы, чым у Беларусі.

Самае цяжкае — не адчуваць сябе гаспадаром у доме

Цікаўлюся ў спадарыні Вольгі – як ёй разам з мужам даводзіцца гадаваць чацвёра дзетак, паколькі на гэта патрэбны немалыя расходы, ды яшчэ ў чужой краіне. Яна адказвае, што зарабляюць, але і значная падтрымка ёсць ад польскай дзяржавы.

— Тут ёсць дапамога ў памеры 800+, чаго я не чакала і не ведала. Гэта істотная падтрымка для нашай сям’і, без якой было б складаней. У Беларусі ў нас быў свой дом, і мы адчувалі сябе гаспадарамі. Тут мы таксама знялі дом, плацім вялікія грошы, але не адчуваем сябе гаспадарамі. Гэта, напэўна, самае складанае. А да астатняга можна прызвычаіцца.

Эмігрантам можна быць і ў сваёй краіне

Мы разважаем з спадарыняй  Вольгай пра эміграцыю і пра тое, як беларусы ў ёй адаптуюцца. Яна кажа, што ніколі не хацела пакідаць Радзіму, але лёс склаўся інакш.

— Калі б мы засталіся ў Беларусі, нас усё роўна можна было б лічыць эмігрантамі. Бо можна быць эмігрантам і ў сваёй краіне. Калі глядзець на гэта так, то лепш быць эмігрантам у чужой краіне, дзе ты можаш свабодна дыхаць і казаць услых тое, што думаеш.

Спадарыня Вольга прызнаецца, што цяпер у тую Беларусь не хацела б, але сумуе па блізкіх людзях, якіх у эміграцыі вельмі не стае.

Павел ЗАЛЕСКІ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

,