Беларуская Служба

103 гады таму ў Польшчы правялі першы перапіс насельніцтва – ва ўсходніх ваяводствах пражываў толькі 31% палякаў (ФОТА/ВІДЭА)

05.10.2024 08:02
Найменшым паводле колькасці насельніцтва ваяводствам было Навагрудскае.
Аўдыё
  • 103 гады таму ў Польшчы правялі першы перапіс насельніцтва
     . 30  2921
Польская сям'я ўдзельнічае ў перапісе насельніцтва. 30 верасня 2921 года крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

103 гады таму ў Польшчы правялі першы пасля атрымання краінай незалежнасці ўсеагульны перапіс насельніцтва. Польшча, якая ў 1918 годзе стала зноў незалежнай дзяржавай, займала тэрыторыю, што цягам 123 гадоў уваходзіла ў склад трох імперый. Таму для краіны было вельмі важным атрымаць статыстычныя дадзеныя пра этнічны склад, урбанізацыю, эканоміку, адукацыю і іншыя галіны грамадскага жыцця.  

Як насельніцтва, так і інфраструктура маладой краіны моцна пацярпелі як падчас Першай сусветнай вайны, так і падчас польска-савецкай. Менавіта канфлікт з бальшавікамі не дазволіў правесці перапісу раней, бо ён планаваўся ў 1920 годзе.

Перапіс насельніцтва ў варшаўскай бальніцы Дзіцятка Іісуса
Перапіс насельніцтва ў варшаўскай бальніцы Дзіцятка Іісуса

У сакавіку 1921 годзе быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які завяршыў вайну і ўсталяваў мяжу паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Літаральна праз некалькі тыдняў Сейм пастанавіў правесці перапіс 30 верасня.

Задача правядзення перапісу была ўскладзеная на створанае ў 1918 годзе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. У дзяржаўным мерапрыемстве ўдзельнічалі 70 тыс. чалавек. Гэта былі прадстаўнікі статыстычнага ведамства, мясцовых грамадзянскіх і ваенных улад, і, зразумела, перапісчыкі.

Перапісу папярэднічала інфармацыйная кампанія, праведзеная Галоўным статыстычным упраўленнем. Распаўсюджваліся ўлёткі і брашуры, арганізоўваліся прэс-канферэнцыі і інфармацыйныя сустрэчы, публікаваліся артыкулы ў прэсе. Улады інфармавалі грамадзян аб мэтах правядзення перапісу і заклікалі іх сумленна ўдзельнічаць у ім, не баючыся злоўжыванняў сабранымі дадзенымі.

Аляксандра Пілсудская, жонка маршала Юзэфа Пілсудскага, падчас удзелу ў перапісе Аляксандра Пілсудская, жонка маршала Юзэфа Пілсудскага, падчас удзелу ў перапісе

Перапіс тычыўся як насельніцтва, так і інфраструктуры. У анкеце былі пытанні адносна полу, узросту, сямейнага становішча, адукацыі, прафесіі, нацыянальнасці, мовы і веравызнання. Таксама дзяржаўныя ўлады цікавілі пытанні, датачныя жылых і гаспадарчых будынкаў, памераў гаспадаркі і колькасці хатняй жывёлы.

Вынікі перапісу былі сабраныя ў 29 тамах, якія былі апублікаваныя толькі ў 1932 годзе, пасля чарговага перапісу, праведзенага ў 1931 годзе.

Па выніках усеагульнага перапісу насельніцтва 30 верасня 1921 года на тэрыторыі Польшчы пражывала 25 млн 690 тыс. 899 чалавек. Гэта зрабіла Польшчу шостай па колькасці насельніцтва краінай у Еўропе пасля Расіі (105 млн), Германіі (59 млн), Англіі (46 млн), Францыі (40 млн) і Італіі (38 млн). Для параўнання, у той час у Іспаніі пражываў 21 млн, а ў Румыніі – 17 млн чалавек.

Пераважная большасць жыхароў тагачаснай Польшчы (каля 19 млн) жыла ў вёсцы. Найбольшым па лічбе насельніцтва было Львоўскае ваяводства (2 млн 700 тыс.), а таксама Келецкае (2 млн 500 тыс.), Лодзінскае (2 млн 200 тыс.) і Варшаўскае (2 млн 100 тыс.). Найменшымі былі ваяводствы, размешчаныя на этнічных беларускіх землях: Палескае (880 тыс.) і Навагрудскае (820 тыс.). У абодвух рэгіёнах больш за 80% людзей жыло ў вёсках.

Вынікі спісу 1921 года. Крыніца: Польскае радыё
Вынікі спісу 1921 года. Крыніца: Польскае радыё

Па ўсёй краіне амаль 45% грамадзян не ўмелі чытаць і пісаць. У многіх усходніх рэгіёнах паказчык непісьменнасці перавышаў 80%, а ў Камень-Кашырскім павеце Валынскага ваяводства дасягаў 92%. Праблема была асабліва бачная сярод праваслаўнага і грэка-каталіцкага насельніцтва. Барацьба з непісьменнасцю была адной са шматлікіх задач, з якімі сутыкнуліся ўлады адроджанай польскай дзяржавы. У наступныя гады яны эфектыўна змагаліся з гэтай негатыўнай з’явай, бо перапіс, арганізаваны праз дзесяць гадоў, паказаў скарачэнне ўзроўню непісьменнасці да 27%.

Вынікі спісу 1921 года паводле нацыянальнага складу. Крыніца: Польскае радыё
Вынікі спісу 1921 года паводле нацыянальнага складу. Крыніца: Польскае радыё

Даваенная Польшча была шматнацыянальнай краінай. Па выніках перапісу 1921 года палякі складалі толькі 69% ад усіх жыхароў краіны. Найбольшую меншасць складалі ўкраінцы (15%), за імі ішлі яўрэі (8%), беларусы (4%) і немцы (3%).

Палякі пераважалі толькі ў цэнтральных і заходніх ваяводствах, дзе яны складалі больш за 80% насельніцтва. У паўднёвых ваяводствах (Кракаўскае, Львоўскае, Станіславаўскае, Тарнопальскае) адсотак польскага насельніцтва складаў 57%, а ва ўсходніх (Валынскае, Палескае, Навагрудскае) - толькі 31%. У згаданых рэгіёнах больш за 31% агулу насельніцтва складалі ўкраінцы, больш за 26% - беларусы і каля 9% - яўрэі.

Карта Польшчы з 1921 года - без Верхняй Сілезіі і Сярэдняй Літвы. Крыніца: Polona.pl
Карта Польшчы з 1921 года - без Верхняй Сілезіі і Сярэдняй Літвы. Крыніца: Polona.pl

Перапіс 1921 года хоць і меў важнае значэнне, то аднак не цалкам адлюстроўваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Польшчы. Справа ў тым, што Польшча не да канца была сфармаваная тэрытарыяльна, бо Сярэдняя Літва і Верхняя Сілезія былі далучаныя да краіны ў 1922 годзе. А на гэтых землях пражывала больш за 1 млн 500  тыс. чалавек. 

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу