Беларуская Служба

«На тэрыторыі, дзе цяпер жыве 12 млн палякаў, праз некаторы час будзе пражываць 4-5 млн немцаў» - 85 гадоў таму немцы стварылі ў Польшчы генерал-губернатарства (ФОТА/ВІДЭА)  

26.10.2024 11:07
«Няхай сабе кажуць, што на кожным ліхтары вісяць два палякі: у мяне для іх ёсць толькі адзін адказ – палякі нам пакінулі мала ліхтароў».
Аўдыё
  • 85 гадоў таму немцы стварылі ў Польшчы генерал-губернатарства
    , 1939
Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 годNarodowe Archiwum Cyfrowe

85 гадоў таму нямецкі дыктатар Адольф Гітлер падпісаў указ аб кіраванні на акупаваных Германіяй польскіх тэрыторыях. На моцы дакументу, падпісанага рэйсхканцлерам 12 кастрычніка, была створаная новая адміністрацыйная адзінка – генерал-губернатарства, якое пазней стала сімвалам нацысцкага тэрору і злачынстваў у акупаванай немцамі Польшчы.

Падпісаны Гітлерам указ уступіў у сілу 26 кастрычніка 1939 года. Кіраўніцтва Трэцяга Рэйху вырашыла Польшчу падзяліць. Дарэчы, першапачаткова немцы планавалі на частцы тэрыторыі краіны стварыць марыянеткавую польскую дзяржаву, аднак хутка ад гэтай ідэі адмовіліся і прыйшлі да высновы, што польскія тэрыторыі неабходна проста падзяліць.

Яўрэі падмятаюць вуліцу ў горадзе Жэшаў. Гады акупацыі Польшчы 1939-1945 Яўрэі падмятаюць вуліцу ў горадзе Жэшаў. Гады акупацыі Польшчы 1939-1945

І так, Памеранія (узбярэжжа Балтыкі), Вялікапольшча (заходняя частка з цэнтрам у Познані) і Сілезія (з цэнтрам у Катавіцах) былі ўключаныя ў нямецкую дзяржаву як складовыя часткі Трэцяга Рэйху. На астатняй жа тэрыторыі Польшчы, у цэнтральнай і паўднёвай частцы краіны, было створанае генерал-губернатарства, якое ўзначаліў высокапастаўлены гітлераўскі чыноўнік Ганс Франк.


Генерал-губернатарства ў першапачатковай форме мела быць нечым накшталт калоніі, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, з пазнейшай паступовай германізацыяй і далучэннем да Рэйху, гаворыць гісторык, прафесар Анджэй Хайноўскі.

- Польшча хоць і прайграла вайну, то аднак яе будучыня не была да канца вырашанай. Як немцы, так і палякі не выключалі, што будзе створаная марыянеткавая польская дзяржава пад кіраўніцтвам польскіх палітыкаў. І на самым пачатку немцы сапраўды не ведалі, што рабіць з Польшчай. Але пытанне было вырашана падпісаннем чарговага пагаднення паміж Савецкім Саюзам і Германіяй у верасні 1939 года. Тады абедзве дзяржавы пастанавілі, што Польшчы як краіны не будзе, а Гітлер вырашыў польскую дзяржаву падзяліць на часткі. 

«На тэрыторыі, дзе цяпер жыве 12 млн палякаў, праз некаторы час будзе пражываць 4-5 млн немцаў», – казаў у сакавіку 1940 года Ганс Франк. «Генерал-губернатарства будзе такім жа нямецкім краем, як Рэйнская вобласць», – гаварыў нямецкі чыноўнік. «Няхай сабе кажуць, што на кожным ліхтары вісяць два палякі: у мяне для іх ёсць толькі адзін адказ – палякі нам пакінулі мала ліхтароў», – зазначаў гітлераўскі генерал-губернатар.

Генерал-губернатар Ганс Франк (у цэнтры) з чыноўнікамі генерал-губернатарства Генерал-губернатар Ганс Франк (у цэнтры) з чыноўнікамі генерал-губернатарства

Парадаксальна, але Ганс Франк быў адукаваным чалавекам, меў тытул доктара юрыдычных навук, што не часта сустракалася сярод высокапастаўленых прадстаўнікоў Трэцяга Рэйху. Гаворыць гісторык, прафесар Цэзары Круль.

- Сапраўды, Ганс Франк быў доктарам юрыспрудэнцыі, выпускніком Мюнхенскага ўніверсітэта. Дарэчы, быў добрым адвакатам. Ён закончыў універсітэт у 1922 годзе, і будучы яшчэ студэнтам, захапіўся нацыянал-сацыялістычным рухам, якому быў верны да канца жыцця. У 1926 годзе ён адкрыў адвакацкае бюро і часта дапамагаў нацыстам: даваў ім парады альбо бараніў іх на судах. У другой палове 1920-х гадоў быў дарадчыкам і адвакатам Адольфа Гітлера. І менавіта ў той час ён стаў адным з блізкіх паплечнікаў Гітлера, якому пазнейшы дыктатар давяраў.

Ганс Франк узначальваў генерал-губернатарства, адміністрацыйным цэнтрам якога быў выбраны Кракаў, з пачатку стварэння да самага канца – да студзеня 1945 года, калі немцам прыйшлося адступаць перад Чырвонай арміяй. Фармальна ён пакінуў сваю пасаду толькі 4 мая 1945 года. Цягам усёй службы ў Польшчы ён вёў дзённік, які пазней стаў важнай крыніцай на працэсе Франка. У 1947 годзе дзённік гітлераўскага злачынца Польшчы перадалі амерыканцы, а самога Франка прыгаварылі да смяротнага пакарання на Нюрнбергскім працэсе і павесілі ў кастрычніку 1946 года.

Польскія мужчыны перад нямецкай расстрэльнай камандай Польскія мужчыны перад нямецкай расстрэльнай камандай

У Польшчы генерал-губернатарства ўспрымаецца як сімвал нямецкага тэрору, масавых расстрэлаў, знішчэння яўрэяў і прэлюдыі да вынішчэння польскай нацыі.

Валеры Саўко

рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё

крыніца здымкаў: Narodowe Archiwum Cyfrowe

слухайце аўдыёфайл

 

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу