Для адных памяць пра савецкія рэпрэсіі асацыюецца з сямейнай трагедыяй, для іншых — гэта жэст грамадзянскай салідарнасці, які дае надзею і сілу, праява ўсведамлення таго, што дзяржаўныя злачынствы мінулага і сучаснасці супраць чалавека і чалавецтва цесна звязаны.
У варшаўскай акцыі ўдзельнічалі палякі, украінцы, беларусы, літоўцы, цыгане, расіяне, яўрэі, башкіры, татары, армяне і іншыя.
Адзін з арганізатараў акцыі таварыства «Мемарыял». Яе кіраўнік Анна Міркес-Радзівон гаворыць, што сувязь паміж пуцінскай Расіяй, сённяшняй лукашэнкаўскай Беларуссю з таталітарным СССР відавочная:
— Пуцінская Расія і, як наступства, Беларусь Лукашэнкі, гэта нашчадкі таталітарнага тэрору Савецкага Саюза. Надалей Расія з’яўляецца турмой народаў. Надалей правы карэнных народаў топчуцца, іх сілаю мабілізуюць, у Чалябінскай вобласці ідуць напоўніцу пагромы цыганскага насельніцтва. Гэта невыпадкова. Гэта прадоўжванне той сістэмы. Мы не можам сабе дазволіць забыць пра тых людзей. Камуністычны рэжым забіваў таемна, стараючыся сцерці ўсе сляды і памяць пра іх. Мы лічым, што памяць — гэта крок да нашай свабоды. Калі мы не зразумеем, не пакаемся, то мы не станем свабоднымі, не прыйдзем да іншай дзяржавы.
У акцыі традыцыйна ўдзельнічае беларуская пісьменніца Святлана Курс. Акцыя важная тым, што згадваюцца звычайныя, паняволеныя людзі, кажа яна:
— Каб ніводзін конюх, ніводная сялянка, ніводзін стары чалавек, якога забралі з ягонага шаўцовага варштату, не быў забыты. Таму я выбрала простых людзей, якія хоць што-небудзь гавораць майму сэрцу. Такія акцыі важныя, таму што ў нас няма нармальнай дзяржавы, якая б абараніла нас ад суседскіх эксперыментаў над людзьмі. Мы маем суседа, які ўвесь час не можа супакоіцца і нішчыць сваіх суседзяў. У нас няма дзяржавы, якая б перадала памяць нашчадкам і абараніла іх ад страшнага выбару, ці туліцца да боку Расіі, якая ўсё знішчыць. У нас толькі гора і памяць у спадчыну. Гора і памяць даюць нам надзею, калі-небудзь вырвацца з гэтага праклятага кола ад нашых праклятых суседзяў.
Расса Рыміцкайтэ перакананая, што трэба памятаць пра людзей, прозвішчы якіх гадамі спрабавалі сцерці з памяці і гісторыі. Гэта не лічбы, гэта людзі, гэта больш за тры мільёны прозвішчаў расстраляных, гаворыць яна:
— Гэта неверагодная лічба. Гэта больш, чым жыхароў Літвы, з якой я паходжу. Паводле мяне, самае важнае, каб кожнага з іх памятаць, вымаўляючы іх імёны, чым займаліся, і што з імі зрабілі. Я сёння сядзела і перакладала імёны літоўцаў, якіх раcстралялі. У мяне цяклі слёзы. 23 гады — расстраляны, 73 гады — расстраляны, 55 гадоў — расстраляная. Гэта цяжка ўявіць, як і тое, што сёння ў нашых суседзяў за свабоду слова, за думкі, іншыя, чым галоўная лінія партыі, садзяць у турму. Я думаю, таму мы павінны быць разам, побач, і палякі, і літоўцы, расіяне, татары, цыгане, усе. Нават англічане, павінны тут быць, французы, немцы, японцы, павінен быць увесь свет. Павінны чытаць прозвішчы і ўсведамляць, што заўсёды самае галоўнае — гэта жыццё і годнасць чалавека. Каб больш не было такіх акцый, якія мы ладзім гадамі. Каб зразумець, што гэта была не лічба, а нехта, у каго было імя і прозвішча, маці і бацька, ён меў сваё жыццё, але быў расстраляны і раздаўлены таталітарнай сістэмай.
На акцыі былі прадстаўнікі Цэнтральнай рады цыганоў у Польшчы. Імёны зачытваў Натан Квяткоўскі:
— Я лічу, што мы не можам забыць пра ахвяр СССР. Для мяне гэта вельмі важна, паколькі я з’яўляюся цыганом. Гісторыя цыганоў мала вядомая большасці грамадстваў. Таму я хацеў ушанаваць памяць нашых продкаў і нашую культуру.