Тым не менш, людзі хацелі б бачыць аднаўленне справядлівасці ў межах закона, а не сляпой помсты.
Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і праваабарончым цэнтрам «Вясна».
«Чаму юрыстам важна разумець, чаго хоча ахвяра? Як былы адвакат я ведаю, што калі людзі прыходзяць з праблемаю, першае пытанне, якое ім трэба задаць “чаго вы хочаце?”. Бо часта юрысты насамрэч не ведаюць, чаго хочуць людзі ў сітуацыі. Можа быць, людзі, якія перанеслі катаванні, не хочуць адказнасці. Можа быць, яны хочуць,к аб гэта проста спынілася, бо траўміруе іх. І паколькі мы працягваем дакументаваць факты, то вырашылі спытаць у гэтых людзей, ці патрэбна ім гэта?», — гаворыць прадстаўніца Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі Алена Шынкарэвіч.
Асновай даследавання сталі глыбінныя інтэрв'ю з 12 асобамі, якія падвергліся катаванням і жорсткаму абыходжанню, а таксама анкетаванне 580 чалавек.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які працаваў з дадзенымі, сабранымі падчас даследавання, звяртае ўвагу, што несправядлівасць у вачах пацярпелых персаналізаваная, але разам з тым ёсць вялікая прэтэнзія да судоў, як да органаў, што адказваюць за законнасць.
Таксама Генадзь Коршунаў звярнуў увагу, што людзі спадзяюцца, што вінаватыя будуць пакараныя ў межах закона, то бок зноў-такі праз суд, а не метадам помсты.
.
46% апытаных праваабаронцамі пацярпелых лічаць, што вызначаць ступень вінаватасці канкрэтных асобаў павінен «Міжнародны трыбунал, які можна арганізаваць ужо цяпер». 34% рэспандэнтаў выбралі варыянт, што разглядаць такія справы павінен беларускі суд пасля змены ўлады; 6% — «суд у іншай дэмакратычнай краіне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі», 4% — «людзі, якія пацярпелі ад рук сілавікоў», 3% — «палітвязні», 1% — «тыя, хто больш за ўсё пацярпеў ад рук сілавікоў».
Таксама 84% апытаных лічаць, што адзінага абвінавачання для ўсіх, хто мае дачыненне, быць не можа і ступень віны кожнага і кожнай павінен вызначаць суд у індывідуальным парадку.
56 працэнтаў адзначылі, што вінаватым асобам трэба забараніць займаць пэўныя пасады або працаваць у пэўнай сферы, то бок падтрымалі ідэю з правядзеннем люстрацыі ў краіне.
«16% апытаных выказалі максімальна гуманістычную пазіцыю, сутнасць якой заключаецца проста ў факце прызнання вінаватымі, можна без строгага пакарання», — гаворыцца ў высновах даследчыкаў.
«Людзі казалі, што ў Беларусі іх лічылі злачынцамі. Ім важна, каб іх прызналі ахвярамі рэжыму, каб яны маглі аднавіць свае добрыя імёны», — да такой высновы прыйшлі праваабаронцы, якія працавалі над дакладам.
Шанцы дамагчыся справядлівасці ў бліжэйшы час яны лічаць практычна нулявымі або нізкімі. 64% таксама скептычна ставяцца да таго, што такі шанец ім можа быць прадстаўлены ў іншых краінах ці ў міжнародных арганізацыях.
Цікава таксама, што падчас інтэрв'ю людзі не казалі, якая ім патрэбная дапамога. Але ўжо падчас анкетавання абіралі з прапанаваных варыянтаў.
.
Наталля Хамутоўская займаецца апытаннем людзей, якія пацярпелі: «Мы працягваем фіксаваць парушэнні паводле міжнародных стандартаў. Часам сведкам бывае складана падрабязна распавядаць пра тое, што з імі адбывалася, бо яны занава гэта перажываюць. Які б ты не быў моцны, але мне часам самой бывае цяжка дыхаць пасля пачутага. Мы вельмі ўдзячныя, што людзі ўсё ж знаходзяць час і сілы, каб зафіксаваць гэта.
І, хаця не было заведзена ніводнай крымінальнай справы, людзі не губляюць надзеі на справядлівасць».
«Шмат якія арганізацыі, што спецыялізуюцца на рэабілітацыі людзей, якія перажылі катаванні, падкрэсліваюць важнасць правасуддзя для рэабілітацыі, аднаўлення пацярпелых», адзначаюць аўтары даследавання.
Згодна з міжнародным публічным правам любое супрацьпраўнае дзеянне, якое з’яўляецца парушэннем абавязальніцтваў дзяржавы, паводле міжнароднага права, цягне за сабой абавязак кампенсаваць шкоду. Гэта робіцца для таго, каб максімальна ліквідаваць наступствы парушэння і аднавіць сітуацыю.
Нагадаем, у верасні гэтага года ўлады Літвы звярнуліся ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе з просьбай расследаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў. Пракурору Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) у Гаазе перададзеныя матэрыялы для расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, учыненых супраць беларусаў.
Літвы ўказалі на тое, што элементы гэтых правапарушэнняў былі ўчынены беларускім рэжымам на тэрыторыі Літвы, у выніку чаго такія злачынствы падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. Праваабаронцы спадзяюцца, што гэтая справа дазволіць прыцягнуць вінаватых у злачынствах супраць грамадзян Беларусі да адказнасці.
вх