476 гадоў таму памерла Бона Сфорца д’Арагона – вядомая польская і літоўская дзяржаўная дзяячка і палітык, каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога і маці Жыгімонта II Аўгуста. У гісторыю Польшчы і ВКЛ яна ўвайшла як перадавая па тых часах жанчына, якая ўнесла ў палітыку і перш за ўсё паўсядзённае жыццё шмат новага.
Нарадзілася Бона ў 1494 годзе ў сям’і міланскага герцага Джана Галеаца Сфорцы.
Ад самага прыезду ў Польшчу ў 1518 годзе, Бона мела шматлікае атачэнне з італьянцаў, адмыслоўцаў розных галін, у тым ліку кухараў, якія аказалі значны ўплыў на пашырэнне найноўшых заходнееўрапейскіх культурных і тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх навыкаў эпохі Рэнесансу, у тым ліку на ўдасканаленне меню. У Польшчы гаворыцца, што менавіта дзякуючы Боне маркоўка стала папулярнай гароднінай на польскіх землях, а пазней – і на землях ВКЛ.
Бона Сфорца. Графюра з 1521 года/Domena publiczna/CC0
З дзейнасцю Боны Сфорца звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны: апельсінаў, лімонаў, гранатаў і фігаў. А таксама прыправаў: шафрану, фенхелю, імбіру, карыцы і цукру (у тыя часы цукар лічыўся менавіта прыправай). Дзякуючы Боне Сфорцы ў Польшчу трапілі аліўкі, каштаны, разынкі, міндаль, марцыпаны, рыс і г.д. А найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая гародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльца. Боне Сфорцы таксама прыпісваецца дасканалае валоданне атрутамі, прычым яе падазраюць у арганізацыі атручання апошніх з незалежных мазавецкіх князёў у 1522 годзе і нявесткі Барбары Радзівіл, якую яна не любіла, у 1551 годзе.
Будучы жонкай польскага караля, яна імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі. Закладзеныя ў яе шматлікіх маёнтках прынцыпы інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі (меліярацыя, палепшаны севазварот) і ўзмоцненага, але ўнармаванага падаткаабкладання, пазней былі распаўсюджаныя на ўсе дзяржаўныя маёнткі Вялікага Княства Літоўскага і да канца XVI стагоддзя прынятыя большасцю землеўладальнікаў.
Гісторык, прафесар Марыя Багуцка, аўтарка кніг пра Бону Сфорцу, у архіўным запісе Польскага радыё з 1990 года зазначала, што польская каралева спрабавала праводзіць у краіне рэформы, але ёй гэта не ўдалося.
- Да сённяшніх дзён засталіся стэрэатыпы, датычныя Боны. А гісторыя Боны – гэта гісторыі жанчыны, якая спрабавала правесці вялікую рэформу. Але ёй гэта не ўдалося. Але самае галоўнае ў гэтай гісторыі – гэта тое, што з-за яе няўдачы страціла Польшча.
Бона славілася сваёй прыгажосцю і адрознівалася вялікай энергіяй. Яна фактычна кіравала краінай замест старога мужа, але не магла знайсці сабе памочнікаў, таму што гонар і чужая манера кіравання адштурхоўвалі ад яе тагачасную польскую шляхту. Яшчэ пры жыцці састарэлага мужа яна дабілася абрання каралём Польшчы і каранацыі 20 лютага 1531 года 10-гадовага сына Жыгімонта Аўгуста. Пасля смерці Жыгімонта I у 1548 годзе Жыгімонт Аўгуст змагаўся са славалюбівай і амбіцыйнай маці. Планам каралевы перашкаджаў шлюб, у таямніцы ад яе заключаны Жыгімонтам Аўгустам пасля смерці першай жонкі Лізаветы Аўстрыйскай з Барбарай Радзівіл. Пасля каранацыі ў 1550 годзе маладая каралева раптоўна памерла ў 1551 годзе, а Бона Сфорца падазравалася ў атручэнні.
З-за рознагалоссяў з сынам Бона імкнулася пакінуць Польшчу, але Жыгімонт Аўгуст забараняў ёй з'язджаць у Італію, баючыся з яе смерцю ў іншай краіне страціць вялізныя багацці і буйныя зямельныя ўгоддзі ў Польшчы і Літве. Толькі пасля адмовы Боны ад маёмасці кароль пагадзіўся на яе ад'езд. У 1556 годзе Бона пакінула Польшчу, везучы з сабой вялізныя грошы. З іх яна пазычыла іспанскаму каралю Філіпу II 420 тыс. залатых дукатаў.
Бона памерла ў сваім княстве Бары ў Італіі 19 лістапада 1557 года, атручаная, паводле некаторых звестак, сваім жа доктарам Папагодзі, агентам Габсбургаў. Яна пахаваная ў базіліцы Святога Мікалая ў Бары.
Жыгімонту Аўгусту ўдалося вярнуць значную частку доўгу Габсбургаў у Кракаў, у асноўным срэбнымі талерамі і паўталерамі. Гэта былі высакапробныя манеты з серабра, прывезенага іспанскімі галеонамі з Новага Свету. Іх контрмаркіравалі вензелем польскага караля з датай "1564". Некалькі дзесяцігоддзяў манеты былі ў абарачэнні, пасля чаго іх выкупілі ў насельніцтва.
Бона Сфорца была вельмі адукаванай як на тыя часы жанчынай. Дарэчы, у Польшчу на шлюб яна дабіралася з Італіі ажно тры месяцы, а само вяселле працягвалася цэлы тыдзень. Што цікава, яна вельмі хутка адаптавалася ў новай паўночнай краіне. Паводле гісторыкаў, вялікі ўплыў Бона Сфорца аказалася на жаночую моду, бо ў тыя часы польскія жанчыны закрывалі ўсё цела, а Бона любіла, напрыклад, вялікія дэкальтэ, з-за чаго многімі палякамі італьянка ўспрымалася як вульгарная жанчына.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
відэа: фрагмент мастацкага фільму «Эпітафія Барбары Радзівіл» з 1982 года