У 2009-м годзе ў Польшчы налічвалася крыху больш за 4 тысячы мігрантаў з Беларусі. У гэтым годзе паведамляецца, што ў Польшчы від на жыхарства маюць 130 тысяч беларускіх грамадзян. Аднак рост міграцыі не прывёў да таго, што польскае грамадства стала больш ведаць пра беларусаў. Гэты прагал паспрабавалі запоўніць даследчыцы з Уроцлаўскага ўніверсітэта, якія правялі даследаванне эмігрантаў з Беларусі, іх чаканняў ды патрэб.
Сёлета навукоўцамі цэнтру імя Мірашэўскага Уроцлаўскага ўніверсітэта было праведзенае даследаванне пад назвай «Эмігранты з Беларусі ў Польшчы. Патрэбы і чаканні». У апрацаванні Камілі Даліньскай ды Ёліты Макара гаворыцца пра тое, што за апошнія гады беларусы сталі другой па колькасці групай іншаземцаў у Польшчы. Навукоўцы зазначылі, што пры гэтым шматлікасць беларусаў не азначае, што ў польскім грамадстве вырас узровень ведаў пра беларусаў. Даследчыцы нават называюць беларусаў «нябачным» народам у Польшчы. Пра тое, што сведчаць вынікі даследавання мы паразмаўлялі з выкладчыцай Уроцлаўскага ўніверсітэт, старшынёй Таварыства «За нашу і вашу свабоду», якое доўгія гады ладзіць ва Уроцлаве фестывалі беларускай культуры Тацянай Івановай.
- Даследаванне беларускай міграцыі стала адказам на патрэбу. Беларуская дыяспара ў Польшчы вельмі мала даследаваная, навуковых прац няшмат. Апроч таго беларускую дыяспару цяжка даследаваць, яна закрытая, з ёй цяжка кантактавацца. Яшчэ вельмі важна тое, што беларусаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Пасля пратэстаў у Беларусі 2020-га года на тэрыторыі Польшчы апынулася ўжо каля 130 тысяч беларусаў. Даследаванні праводзіліся ў 6 ваяводскіх гарадах Польшчы метадам паглыбленых інтэрв’ю з актывістамі. Гэта звязана з тым, што беларусы ў Польшчы селяцца ў буйных гарадах, таму што там пабудаваныя сеткі кантактаў з дыяспарай, бо людзі не хочуць адчуваць сябе ізаляванымі. Ёсць суполкі ды актывізм. Па-другое беларусам залежыць на адукацыі для дзяцей. Добрую адукацыю даюць буйныя гарады. Апроч таго там добрыя перспектывы для працы і бізнесу. Больш за 80% мігрантаў з Беларусі – гэта людзі з вышэйшай адукацыяй.
Што адкрылі польскія даследчыкі пра беларусаў?
- Напрыклад, тое, што беларусы вельмі самастойныя. Яны не маюць чаканняў у дачыненні да польскай дзяржавы. Адзінае, чаго яны чакаюць, што польская дзяржава не будзе ім перашкаджаць. Гэта звязана шмат у чым з тым, што людзі пераязджаць сюды, уцякаючы ад рэпрэсій. Яны хочуць мець супакой.
Што яшчэ даследаванне кажа пра беларусаў, пра іх менталітэт?
- Беларусы законнікі. Яны любяць падпарадкоўвацца, каб былі ў парадку ўсе дакументы. Яны адчуваюць сябе некамфортна, калі не маюць статусу і папер. Яны працавітыя, добрыя спецыялісты ў розных сферах, што пацвярджае апытанка сярод працадаўцаў. Шмат працадаўцаў імкнуцца, каб працавалі ў іх беларусы, якія ўжо маюць рэнамэ добрага працаўніка. Таксама беларусы імкнуцца жыць у гарадах, як я ўжо казала. Яшчэ вельмі дакладнае назіранне, але балючае для мяне – беларусы імкнуцца быць нябачнымі.
Як Вы паставіліся да вынікаў гэтых даследаванняў? Яны Вас здзівілі?
- Мяне здзівіла тое, якім чынам польскі навукоўцы змаглі правесці даследаванні, што яны адлюстроўваюць нашу сутнасць, нашыя стэрэатыпы. Мне здаецца, што гэтую працу варта прачытаць самім беларусам, бо адна справа ведаць, якія мы, а зусім іншая ўбачыць гэта ў даследаванні.
Што павінны беларусы сказаць польскаму грамадству пра сябе, каб іх пабачылі?
- У першую чаргу трэба заявіць, што беларуская культура – гэта частка еўрапейскай культуры. Апроч гэтага трэба паказваць карысці, якія атрымлівае Польшча. Мы высокаадукаваны народ, працавіты ды законапаслухмяны. Гэта нашыя пазітыўныя характарыстыкі, яны нас вылучаюць сярод іншых мігрантаў. Дарэчы, гэта пацвярджаць і статыстыкі паліцыі. Сярод здзейсненых злачынстваў, беларусы займаюць вельмі малы адсотак, то бок можна сказаць, што беларусы – гэта ідэальныя грамадзяне.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч