Беларуская Служба

108 гадоў таму нарадзіўся прафесар Гілары Капроўскі, польскі яўрэй, які распрацаваў вакцыну супраць поліяміэліту (ФОТА/ВІДЭА)

07.12.2024 06:02
Дзякуючы Капроўскаму чалавецтву ўдалося перамагчы хваробу, якая была прычынай калецтва мільёнаў людзей.
Аўдыё
  • 108 гадоў таму нарадзіўся прафесар Гілары Капроўскі, польскія яўрэй, які распрацаваў вакцыну супраць поліяміэліту
92-             -     . , 28  2008
92-гадовы Гілары Капроўскі падчас цырымоніі прызнання звання ганаровага доктара Варшаўскай вышэйшай сельскагаспадарчай школы - найбольш прэстыжнай польскай сельскагаспадарчай ВНУ. Варшава, 28 лістапада 2008 годаPaweł Kula/PAP

108 гадоў таму нарадзіўся прафесар Гілары Капроўскі – амерыканскі вірусолаг, імунолаг і вакцынолаг яўрэйскага паходжання, нараджэнец Польшчы і выпускнік Варшаўскага ўніверсітэту. Менавіта ён стварыў першую ў свеце эфектыўную прышчэпку ад поліяміэліту. Дзякуючы Капроўскаму чалавецтву ўдалося перамагчы хваробу, якая была прычынай калецтва мільёнаў людзей. Сёння ў гістарычнай рубрыцы мы пазнаёмім з постаццю гэтага выбітнага навукоўца.

Хворая поліяміэлітам дзяўчынка з дэфармаванымі нагамі. Грамадскі набытак
Хворая поліяміэлітам дзяўчынка з дэфармаванымі нагамі. Грамадскі набытак

Гілары Капроўскі нарадзіўся ў Варшаве ў яўрэйскай сям'і 5 снежня 1916 года. Яго маці, Соня Самуілаўна Берлянд, была адной з першых жанчын-стаматолагаў не толькі ў Польшчы, але і ў цэлай Расійскай Імперыі. Пасля таго, як у 1912 годзе яна выйшла замуж за Паўла Капроўскага, маладая пара пераехала ў Варшаву. Тут маці будучага вакцынолага адкрыла стаматалагічны кабінет, а дзед Гілары, купец Самуіл Берлянд, - абутковую фабрыку. Бацька навукоўца Павел Капроўскі пасля стаў буйным прадпрымальнікам і займаўся імпартам брытанскага сукна.

У пяць гадоў Гілары пачаў вучыцца ігры на фартэпіяна. Доўга не мог выбраць паміж прафесіямі ўрача і музыканта, на якіх настойвала яго маці. У выніку ён паступіў адначасова і ў кансерваторыю, і на Медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1939 годзе.

Пасля германскага ўварвання ў Польшчу эміграваў у Італію, дзе вучыўся ў Нацыянальнай акадэміі Святой Цэцыліі па класе фартэпіяна. У 1940 годзе Капроўскі з сям'ёй пераехаў у Рыа-дэ-Жанейра, дзе працаваў над стварэннем вакцыны ад жоўтай ліхаманкі.

У 1944 годзе ён пасяліўся ў Нью-Йорку, дзе заняўся распрацоўкай вакцыны ад поліяміэліту. Атрымаўшы жывую пераральную прышчэпку з кавалачкаў спіннога і галаўнога мозгу баваўнянага хамяка, заражанага поліяміэлітам, у 1949 годзе ён праверыў яе бяспеку на сабе і сваім асістэнце, а затым - на малпах. Пацыентам прышчэпка была ўпершыню ўведзеная ў лютым 1950 года. Вялікай праблемай поліяміэліт быў у бедных рэгіёнах, напрыклад, у Афрыцы.

У 2008 годзе ў інтэрв’ю Польскаму радыё Гілары Капроўскі расказаў пра першыя акцыі вакцынацыі супраць поліяміэліту.

- У Амерыцы мы вакцынавалі тысячы дзяцей. І тады да нас звярнуўся бельгійскі даследчык з Конга, якое тады было калоніяй Бельгіі. Ён паведаміў, што ў рэгіёне назіраецца эпідэмія хваробы і ён хацеў бы вакцынаваць дзяцей. Бельгійская авіякампанія Sabena бясплатна даставіла ў Конга бочку вакцыны. Тады там не было тэлефонаў, і дзяцей ды іх бацькоў мы выклікалі там-тамамі. На гук барабанаў прыйшлі натоўпы людзей! А мы бралі вакцыну з бочкі і ўпырсквалі яе дзецям у рот. У вадкасць мы дадалі крыху солі, бо мясцовае насельніцтва любіла салёны смак. Цягам шасці тыдняў мы вакцынавалі 2 тыс. 500 дзяцей.  

Далейшыя даследаванні паказалі бяспеку вакцыны, і да пачатку 1960 года ёй былі прышчэпленыя каля 13 млн чалавек.

У часе, калі Капроўскі працаваў над сваёй вакцынай, у амерыканскіх лабараторыях адбывалася гонка навукоўцаў у стварэнні прышчэпкі. Пасля вайны свет быў ахоплены эпідэміяй поліяміэліту, і ўсе краіны былі зацікаўленыя ў тым, каб вынайсці вакцыну. Дарэчы, паралельна з Гілары Капроўскім над прышчэпкай працавалі два іншыя навукоўцы, якія неўзабаве пасля яго стварылі свой прэпарат.

Прычым усе тры медыкі, якія распрацоўвалі прышчэпку, паходзілі з нашага рэгіёну Еўропы. Акрамя Капроўскага, у той час над прышчэпкай працавалі Джонас Солк (які, дарэчы, пазней распрацаваў вакцыну супраць грыпу), сям’я якога паходзіла з беларускага Мінска, і народжаны ў Беластоку Альберт Сэбін.

Гілары Капроўскі падчас цырымоніі прызнання звання ганаровага доктара Варшаўскай вышэйшай сельскагаспадарчай школы. Варшава, 28 лістапада 2008 года. Paweł Kula/PAP Гілары Капроўскі падчас цырымоніі прызнання звання ганаровага доктара Варшаўскай вышэйшай сельскагаспадарчай школы. Варшава, 28 лістапада 2008 года. Paweł Kula/PAP

Пачынаючы з 1950-х гадоў, калі лекі, распрацаваныя гэтымі трыма медыкамі, пачалі даваць дзецям, стартаваў працэс барацьбы з поліяміэлітам ва ўсім свеце. Да адкрыцця вакцыны кожны год фіксавалася некалькі сот тысяч выпадкаў захворвання поліяміэлітам, сёлета ж такіх выпадкаў ва ўсім свеце толькі налічваецца некалькі дзясяткаў.

Поліяміэліт – гэта дзіцячы спіннамозгавы параліч, вострае інфекцыйнае захворванне, абумоўленае паражэннем шэрага рэчыва спіннога мозга поліявірусам. Хвароба характарызуецца ў асноўным паталогіяй нервовай сістэмы. Інфекцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Поліяміэліт можа прывесці да часовай або пастаяннай страты працаздольнасці і дэфармацыі канечнасцяў. Пры ўзнікненні энцэфаліту, хоць здараецца гэта рэдка, хвароба звычайна заканчваецца смерцю.

Памёр Гілары Капроўскі ў 2013 годзе ў Філадэльфіі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу