У Варшаве прайшла канферэнцыя прысвечаная рынку працы. Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту прадставіў вынікі вывучэння прысутнасці студэнтаў з Усходняй Еўропы на польскім рынку працы на падставе апытання польскага бізнесу і мясцовых органаў улады.
У Польшчы адбываецца працэс дэпапуляцыі. На рынку працы даступныя тысячы вакансій, на дадзены момант эксперты кажуць, што, без эміграцыі праз 10 год у Польшчы будзе не хапаць больш за 2 мільёны працаўнікоў. Гаворыць намеснік кіраўніка Польскага эканамічнага інстытуту Анджэй Кубісяк.
- Польшча, як іншыя краіны рэгіёну, перажывае глыбокія працэсы дэпапуляцыі. Нядаўна мы апублікавалі даследаванне, з якога вынікае, што ў 2035 годзе з польскага рынку працы знікне каля 2 мільёнаў чалавек. Гэта 12% ад сённяшняга працаздольнага насельніцтва. Найбольш закране гэты працэсы такія сектары як медыцына ды адукацыя.
Калі з гэтым нічога не зрабіць польская эканоміка згубіла б каля 6-8% ВУП, зазначыў эксперт. Сітуацыя складаная не толькі ў сферы паслуг, але прамысловасць таксама адчувае недахопы працоўнай сілы. Прадпрыемствам, асабліва прамысловым, ужо цяпер патрэбныя тысячы працаўнікоў. Гаворыць віцэ-старшыня асацыяцыі прадпрымальнікаў ды працадаўцаў Марцін Новацкі.
- 80% вытворчых ды прамысловых фірм патрабуюць людзей на працы: тут і цяпер. Ідзецца пра людзей рабочых спецыяльнасцяў, а таксама людзей з сярэдняй ды вышэйшай адукацыяй таксама. Цяперашняя моладзь мае вельмі высокія чаканні, што да ўмоў працы. Таму прадпрымальнікі зацікаўленыя стратэгіяй міграцыйнай палітыкі ў Польшчы, асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве.
Пры гэтым за апошнія гада сітуацыю і эканоміку ў Польшчы ўтрымалі працаўнікі-мігранты. Узровень працаўладкавання мігрантаў у Польшчы рэкордны, кажа Анджэй Кубісяк.
- Іміграцыя стала тым фактарам, які дазволіў Польшчы і польскай эканоміцы цягам апошніх дзесяці гадоў развівацца ды амаль не заўважыць наступстваў першага этапу дэпапуляцыі. Апроч Канады, Польшча ў лідарах у свеце па інтэграванню мігрантаў на рынак працы. Паказчык працаўладкавання сярод мігрантаў у Польшчы складае 71%.
Пры гэтым самі мігранты кажуць, што да іх стаўленне ў Польшчы надалей застаецца неадназначным. Шмат рэчаў змяніліся да лепшага, але застаюцца праблемы, гаворыць старшыня Украінскага дому ў Польшчы Міраслава Кэрык.
- Каля 40% студэнтаў сутыкаліся з дыскрымінацыйным стаўленнем з боку аднагрупнікаў па нацыянальнаму прызнаку, 24% казалі пра падобнае стаўленне з боку выкладчыкаў. Мы бачым вялікую праблему ў месцах навучання, што тычыцца месцаў працы – там таксама ёсць клопаты. Да нас прыходзяць людзі, якія скардзяцца на дыскрымінацыйныя паводзіны, і на эксплуатацыю. Часта не плацяць заробкі, не плацяць за адпачынкі, звальняюць без папярэджвання.
Таксама розную сітуацыю мігрантаў на рынку працы ў параўнанні з палякамі, заўважаюць і польскія ўлады. Гаворыць Анджэй Шэптыцкі з Міністэрства навукі ды вышэйшай адукацыі Польшчы.
- Сітуацыя змяняецца. Студэнты з Усходняй Еўропы усё часцей ідуць у Польшчы вучыцца на менеджмент, інфарматыку, лагістыку. Даследаванні Эканамічнага маніторынгу выпускнікоў заменнікі на польскім рынку працы маюць горшыя ўмовы па заробках пасля ВНУ, чым палякі, якія скончылі маюць такую ж адукацыю.
Пры гэтым пакуль у Польшчы заўважаюцца пагаршэнне сітуацыі з доступам да навучання і працы для выхадцаў з Беларусі ці Польшчы. Распавядае намеснік старшыні праўлення фірмы EWL – суаўтара даследавання - Алекс Карцэль.
- Калі паглядзець на тое, што прапаноўваеццаў якасці міграцыйнай стратэгіі, гэта моцна паўплывае на тое, колькі людзей змогуць сюды прыехаць. З практычнага пункту гледжання, вельмі цяжка атрымаць візу, зарэгістравацца на падачу дакументаў. Для беларускай грамады гэты вельмі патрэбная справа. Са статыстыкі вынікае, што за апошнія гады беларусы ды украінцы стварылі шмат бізнесу, кожнае дзясятая рэгістрацыя фірма гэта яны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч