Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: гатуем езуіцкі бігас паводле рэцэпту з 17-га стагоддзя (РЭЦЭПТ)

17.12.2024 18:42
Бігас з 17-га стагоддзя абсалютна не падобны да сучаснага бігасу, які з’яўляецца вельмі папулярнай у Польшчы стравай.  
Аўдыё
  • Рэдакцыйная кухня: гатуем езуіцкі бігас паводле рэцэпту з 17-га стагоддзя
Ялавічынакрыніца: pixabay.com/gate74

У гісторыі польскай кухні абавязкова павінен быць бігас. Толькі стары бігас быў зусім іншы. Рэцэпт 17-га стагоддзя ад сястры караля Яна Трэцяга. Гучыць ён так:

«Езуіцкі бігас. Павінен быць прыгатаваны з печанай ялавічыны. Вазьмі добрую ялавічыну і запячы яе, паліваючы маслам. Калі яна добра запячэцца, нарэж буйнымі кавалкамі, нарэж шмат цыбулі і абсмаж на масле. Пакладзі бігас у брытван, налі кварту віна, паўкварты віннага воцату, паўкварты мальвазіі, разынак буйных і дробных усып, цэлы лайм нарэж на скрылікі, жменю алівак, трохі цукру, перцу, каб было востра, некалькі гваздзікоў, духмянага перцу крыху, свежага лімону – кубікамі, а маладога масла дзве лыжкі. Добра вары, каб засталося крыху соусу».  

Інгрэдыенты 

1 кг ялавічыны без костак

400 г сметанковага масла

500 г цыбулі

350 мл белага сухога віна

175 мл салодкага белага віна

175 мл віннага воцату

1 лайм

1 лімон

50 г разынак (дробных)

50 г разынак (буйных)

50 г чорных алівак з костачкамі

гваздзікі

100 г цукру

чорны перац (молаты і гарошкам)

соль па смаку

Спосаб падрыхтоўкі

Цэлы кавалак ялавічыны з паловай колькасці сметанковага масла палажыце на бляху і запякайце ў разагрэтай да 180-190 градусаў духоўцы каля 40-50 хвілін, часта паліваючы тлушчам.

Запечанае мяса нарэжце тоўстымі кавалкамі і абсмажце на сметанковым масле з нарэзанай цыбуляй.

Кавалкі ялавічыны разам з цыбуляй пералажыце ў рондаль, уліце віно і воцат.

Нарэжце лайм кавалачкамі, а лімон дробна натрыце. Пакладзіце ў рондаль, дадайце разынкі, масліны, гваздзікі, перац і цукар. Усё пасаліце і дадайце молаты перац па смаку. Варыце павольна, не накрываючы рондаль, пакуль не застанецца невялікая колькасць вадкасці. Падавайце з чым заўгодна, але найлепш пасуе з белым хлебам.  

Смачна есці! 

Падрабязней пра тое, як прыгатаваць страву, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко. 

слухайце аўдыёфайл 

Паводле праграмы "Гісторыя польскай кухні" вытворчасці Польскага тэлебачання

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец