Беларуская Служба

106 гадоў таму пачалося Вялікапольскае паўстанне – вялікую ролю ў перамозе адыграў ваенны корпус, створаны ў Беларусі

27.12.2024 06:03
Паўстанцы патрабавалі ўключэння зямель Вялікапольшчы ў склад абвешчанай у лістападзе 1918 года польскай дзяржавы.
Аўдыё
  • 27 снежня споўнілася 106 гадоў з пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года
   27  1918
Вялікапольскае паўстанне пачалося 27 снежня 1918 годаTwitter.com/@ipngovpl

27 снежня споўнілася 106 гадоў з пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года. Яго вынікам стала далучэнне амаль усяго рэгіёну Вялікапольшча да польскай дзяржавы. Сёння ў гістарычнай рубрыцы мы раскажам пра гэтую падзею, а таксама пра камандзіра паўстання, генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага.

Вялікапольскі рэгіён альбо інакш Вялікапольшча – гэта землі, размешчаныя на захадзе краіны. Галоўным горадам Вялікапольшчы з’яўляецца Познань, таму ў гістарыяграфіі можна таксама сустрэць назву Познаньскае паўстанне. Яно працягвалася з 27 снежня 1918 года да 16 лютага 1919 года.

Раней вялікапольскія землі ўваходзілі ў склад прускай правінцыі Позэн. Нагадаем, ажно да 1918 года Польшча не існавала як самастойны суб’ект міжнароднага права цягам амаль 123 гадоў, бо тэрыторыю краіны паміж сабой падзялілі тры імперыі: Расія, Аўстра-Венгрыя і Прусія.

Паўстанцы патрабавалі ўключэння зямель Вялікапольшчы ў склад абвешчанай у лістападзе 1918 года польскай дзяржавы. Паўстанне скончылася ваеннай і палітычнай перамогай палякаў. Землі рэгіёну былі перададзеныя Польшчы яшчэ да ўваходу ў жыццё Версальскай дамовы.

У канцы Першай сусветнай вайны польскі нацыянальны рух у Познані не траціў надзеі на ўключэнне тэрыторыі Вялікапольшчы ў магчымую адроджаную польскую дзяржаву. Нягледзячы на ​​заявы шматлікіх лідараў замежных краін аб нацыянальным самавызначэнні палякаў, межы Польшчы былі нявызначаныя.

У лістападзе 1918 года палякі вагаліся - паўставаць ці не, бо мелі роўнае прадстаўніцтва ў мясцовых органах улады - пяць польскіх і пяць нямецкіх прадстаўнікоў. У снежні 1918 года пачаліся заклікі да далучэння да Польшчы. Неўзабаве Познань наведаў сусветна вядомы польскі піяніст, а пазней кіраўнік польскага ўраду Ігнацы Ян Падарэўскі, які быў сустрэты з вялікім энтузіязмам польскім насельніцтвам горада. І яго візіт стаў штуршком да пачатку паўстання.

Доктар Пётр Гжэльчак з Познаньскага аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы звяртае ўвагу на тое, што паўстанне планавалася, але пазней.

- Планавалася, што паўстанне можа пачацца крыху пазней. У той час палітычная атмасфера ў Познані нагадвала парахавую бочку, а прыезд Падэрэўскага стаў іскрай.

Варта заўважыць, што немцы былі азлобленыя на палякаў, прычым працяглы час. 3-5 снежня 1918 года ў Познані прайшоў рэгіянальны польскі сход, на які прыбыло ажно 1 тыс. 400 дэлегатаў з цэлага рэгіёну. Тады палякі паказалі сваё нацыянальнае адзінства, што вельмі не спадабалася немцам.

Немцам таксама не падабалася тое, што калі вярталіся ў Познань з фронту, то на вуліцах гораду было мала нямецкіх сцягоў, а шмат - польскіх ды сцягоў саюзнікаў, якія былі вывешаныя пры нагодзе візіту Падэрэўскага. І немцы пачалі зрываць гэтыя сцягі.

Што стала штуршком да далейшых падзей... 27 снежня 1918 года падчас польскай дэманстрацыі прагучалі стрэлы. Паўстанцы захапілі ўсю правінцыю Позэн за выключэннем яе паўночных і паўночна-ўсходніх ускраін. Паўстанне скончылася 16 лютага 1919 перамір’ем у Трыры.

6 студзеня 1919 году камандуючым паўстання стаў генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі. Генерал быў дасведчаным афіцэрам расійскай імператарскай арміі, і гэта дапамагло палякам у перамозе над немцамі. Варта падкрэсліць, што пэўныя сувязі Вялікапольскага паўстання існуюць з Беларуссю, бо генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі падчас Першай сусветнай вайны стварыў у Бабруйску 1-ы Польскі корпус, які пазней амаль у поўным складзе быў перакінуты ў Вялікапольшчу.

Генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі. Крыніца: Adam Szelągowski "Wiek XX", Warszawa 1938/грамадскі набытак Генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі. Крыніца: Adam Szelągowski "Wiek XX", Warszawa 1938/грамадскі набытак

Юзэф Доўбар-Мусніцкі нарадзіўся ў сям’і землеўладальніка ў 1867 годзе. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскі кадэцкі корпус, пазней закончыў ваеннае вучылішча. Вельмі хутка зрабіў кар’еру ў царскай арміі, закончыўшы службу ў чыне генерал-лейтэнанта. Змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны, узнагароджаны шматлікімі баявымі ўзнагародамі. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў адмовіўся ад супрацоўніцтва з імі.

У Польшчы яго вайсковы талент не быў выкарыстаны, таму што Юзэф Доўбар-Мусніцкі неўзабаве пасля паўстання трапіў у канфлікт з Юзэфам Пілсудскім і быў адсунуты ў цень. У 1920 годзе ён пакінуў армію і пасяліўся ў сваім маёнтку, дзе і памёр у 1937 годзе. Пры жыцці ён не дачакаўся ніякай узнагароды за тое, што ў 1919 годзе вярнуў у склад Польшчы вялікі рэгіён. І толькі 19 снежня 2018 года прэзідэнт Анджэй Дуда ўзнагародзіў генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага Ордэнам Белага Арла – найвышэйшай узнагародай польскай дзяржавы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу