Беларуская Служба

Гістарычная постаць: польскі інжынер Вітольд Згляніцкі, дзякуючы якому бакінскі нафтапромысел стаў адным з буйнейшых у свеце (ФОТА)

17.01.2025 17:33
Распрацоўкі паляка былі закупленыя фірмамі братоў Нобель і Ротшыльдамі.
Аўдыё
  • Гістарычная постаць: польскі інжынер Вітольд Згляніцкі, дзякуючы якому бакінскі нафтапромысел стаў адным з буйнейшых у свеце
  .  20-
Нафтавыя радовішчы Баку. Пачатак 20-га стагоддзякрыніца: Polona/Аляксандр Мішон/грамадскія набытак

Азербаджан у свеце вядомы сярод іншага сваімі нафтавымі радовішчамі, гісторыя распрацовак якіх сягае другой паловы 19-га стагоддзя. Але нямногія ведаюць, у тым ліку і ў Польшчы, што ля вытокаў бакінскага нафтапромыслу стаяў польскі інжынер Вітольд Згляніцкі. Сёння мы пазнаёмім з ягонай постаццю ў гістарычнай рубрыцы.

Нарадзіўся Вітольд Згляніцкі ў Польскім Царстве ў студзені 1850 года ў цэнтральнай Польшчы. У 1859—1866 гадах вучыўся ў губернскай гімназіі Плоцка (цэнтральная частка краіны). Пасля была вучоба ў ВНУ. Пра тое, што ён быў студэнтам-выдатнікам, расказвае доктар Яанна Залэнчны з Варшаўскага музея незалежнасці.

- Пасля заканчэння гімназіі Згляніцкі пачаў навучанне ў Варшаўскай галоўнай школе (цяпер Варшаўскі ўніверсітэт – рэд.) на Фізіка-матэматычным факультэце, які закончыў у 1870 годзе. А пазней – вучоба ў Пецярбургскім горным інстытуце. Ён быў вельмі працавітым студэнтам, выдатна вучыўся. У 1975 годзе атрымлівае дыплом інжынера горнай прамысловасці. Пра тое, што ён быў добрым студэнтам і разумным чалавекам, сведчыць факт, што працу Згляніцкаму ў сваёй лабараторыі прапанаваў Дзмітрый Мендзялееў. Аднак ён адмовіўся, бо не хацеў заставацца ў Расіі, і неўзабаве вярнуўся ў Польшчу.

У Польшчы ён атрымаў працу на рудніках у Келецкай губерні. Годам пазней быў прызначаны дырэктарам металургічнага завода. Праз нейкі час ён пераехаў у Рыгу, дзе працаваў па спецыяльнасці, а вось у 1891 годзе Вітольд Згляніцкі пераехаў у Баку, дзе пачаў працаваць спецыялістам у Бакінскім экспертным упраўленні. За сваю плённую дзейнасць тут ён атрымаў чын надворнага саветніка ў 1897 годзе і чын калежскага саветніка ў 1901 годзе.

Вітольд Згляніцкі. Крыніца: commons.wikimedia.org/malachowianka.plock.org.pl/absolwenci/public domain
Вітольд Згляніцкі. Крыніца: commons.wikimedia.org/malachowianka.plock.org.pl/absolwenci/public domain

У Баку, апрача сваёй працы, Згляніцкі займаўся мадэрнізацыяй метадаў здабычы нафты. Ён распрацаваў не толькі канцэпцыю свідравой платформы, але і шэраг вынаходніцтваў, якія палягчаюць свідраванне, напрыклад, прыбор для вымярэння крывізны нафтавых свідравін, а таксама некаторыя тэхнічныя рашэнні, якія дазваляюць хутчэй і на вялікую глыбіню свідраваць нафтавыя адтуліны. Згляніцкі таксама вызначыў месцазнаходжанне шэрагу нафтавых радовішчаў на дне Каспійскага мора. Ён выступіў з прапановамі аб здабычы нафты з марскога дна, аднак яны не былі прынятыя. Калі польскі інжынер прыбыў у Баку, то нафтапромысел на ўзбярэжжы Каспія пачынаў толькі развівацца. Дзякуючы Згляніцкаму каспійскі нафтапромысел стаў адным з буйнейшых у свеце, а здабыча нафты – больш бяспечнай і таннай. Дарэчы, распрацоўкі паляка былі закупленыя фірмамі братоў Нобель і Ротшыльдамі.

Пры яго падтрымцы і падтрымцы братоў Рыльскіх у 1912 годзе ў Баку быў пабудаваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл знеслі ў 1930-х гадах.

У 1901 годзе Згляніцкі даведаўся, што хворы на цукровы дыябет. Паколькі ў той час было немагчыма вылечыць дыябет, ён у 1904 годзе склаў завяшчанне. Значную частку сваёй маёмасці завяшчаў варшаўскаму Фонду імя Мяноўскага, які аказваў падтрымку польскай навуцы і дабрачынным арганізацыям. Сярод стыпендыятаў фонду была, у прыватнасці, Марыя Складоўская-Кюры.

Баку - агульны від горада. 1888 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/ателье "Жорж"/грамадскі набытак Баку - агульны від горада. 1888 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/ателье "Жорж"/грамадскі набытак

Згляніцкі не забыў таксама пра сваю сям’ю, завяшчаўшы ёй участак зямлі з залежамі нафты, якая тады ацэньвалася ў 50 тыс. рублёў – вялізныя грошы ў той час. Згляніцкі таксама хацеў, каб яго жонка і сын пасля яго смерці вярнуліся ў Польшчу, аднак гэта не адбылося, і яны назаўсёды засталіся ў Расіі.

Вітольд Згляніцкі памёр у ліпені 1904 года ў Баку. Яго прах быў перавезены на радзіму: ён пахаваны ў вёсцы Воля Келпіньска ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Варшавы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу