Журналіст Аляксей Дзікавіцкі, да нядаўняга часу звязаны з Белсатам, стварае новую мультымедыйную спадарожнікавую платформу «Belarus Tomorrow». Платформа будзе збіраць відэапрадукцыю розных беларускіх СМІ і паказваць яе па спадарожніку.
- Сэнс у тым, каб у адным месцы сабраць відэапрадукт з беларускай медыяпрасторы. Белсат гэта адно, а ёсць мноства іншых праектаў, як Маланка, Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Зеркало, Наша Ніва, Еўрарадыё, якія таксама робяць відэакантэнт. Магчыма, ён не заўсёды тэлевізійны, але цяперашнія тэхналогіі дазваляюць рабіць тэлевізійныя праграмы значна таней, чым яшчэ 20 ці 10 гадоў таму. Праект «Belarus Tomorrow», які падтрымала Еўрапейская камісія, гэта такі стартап, які збярэ ўсё лепшае, што робіцца незалежнымі беларускімі медыямі. Каб сабраць і скласці ў адну сетку вяшчання. Гэта сігнал ужо ёсць на спадарожніку Hot Bird.
Аляксей Дзікавіцкі кажа, што праект істотны для таго, каб захаваць патэнцыял СМІ, блогераў, журналістаў, якія робяць відэапрадукт, каб яны не губляліся.
- Мы бачым, што расійскія і беларускія ўлады рыхтуюцца абмежаваць доступ калі не да інтэрнэту, то да Ютуба. А гэта галоўная пляцоўка, праз якую распаўсюджваецца відэапрадукт незалежных медыя. Калі так станецца, то адзіным выйсцем будуць радыёхвалі і спадарожнікавы сігнал.
У бліжэйшым часе паявіцца старонка ў інтэрнэце і адмысловае прыкладанне. Дзякуючы яму можна будзе глядзець праграмы ў фармаце VOD. Аляксей Дзікавіцкі кажа, што ў большасці СМІ, куды яны звяртаюцца, ёсць жаданне супрацоўнічаць.
Еўракамісія выдзеліла падтрымку на тры гады.– Спадзяюся, што з гэтага калісьці ўзнікне новае беларускае тэлебачанне, у свабоднай Беларусі, - канстатуе журналіст.
У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову, таксама пра нядаўні форум у Бруселі, прысвечаны Беларусі.
ав