Аб гэтым распавёў у эфіры Польскага радыё Мацей Кавэцкі (Maciej Kawecki), дырэктар Цэнтра інавацый Універсітэта WSB у Варшаве, старшыня Інстытута Польшча будучыні імя Станіслава Лема.
Польска-амерыканскі праект па стварэнні чалавекападобнага робата рэалізуецца адначасова ў Польшчы і ў ЗША, распавядае Мацей Кавэцкі.
— Робата, пра якога мы гаворым, распрацоўваюць ва Уроцлаве. Я бачыў яго некалькі дзён таму. Мозг гэтага робата, нейронныя сеткі, каб ён мог не толькі рухацца, але і «думаць», ствараецца ў Сіліконавай даліне, у Пала-Альта ў самым сэрцы Сіліконавай даліны.
Над чалавекападобным робатам польскія інжынеры працуюць даўно, кажа Кавэцкі.
— Праект нарадзіўся ў 2014 годзе, гэта значыць 11 гадоў таму, гэта першы ў свеце біяміметычны робат. Што азначае біяміметычны? Гэта гуманоідны робат, андроід, такі, пра якога мы ведаем з навукова-фантастычных фільмаў. Аднак ён адрозніваецца ад тых, што ўжо існуюць у свеце. Адрозненне заключаецца ў тым, што польска-амерыканскі робат мае мяккія тканкі, як у чалавека. Гэта значыць для стварэння яго выкарыстоўваецца імітацыя валакна, скуры, але таксама ён мае ўнутраныя органы і нават косці — такія ж, як у чалавека. Для чаго ўсё гэта? Каб ён рухаўся гэтак жа плаўна, як чалавек. Робаты, такія як напрыклад, Тэрмінатар, рухаюцца як качкі. Яны хістаюцца з боку на бок як качкі па многіх прычынах, але найперш таму, што ў іх няма суставаў, і яны не могуць рабіць крокі, як чалавек.
А гэты робат зможа рухацца як жывы чалавек.
— Больш за тое, ён мае сінтэтычную нейронавую сістэму, г.зн. пазваночнік, які дапамагае імітаваць паток нервовых імпульсаў у целе чалавека. Дзякуючы гэтаму, мозг робата будзе кіраваць усімі элементамі яго «цела».
На апублікаваным відэа рука гэтага робата рухаецца гэтак жа, як чалавек рухае пальцамі. Больш за тое, ён трымае нейкую гантэль вагой 2-3 кілаграмы, і рука ведае, калі яе трэба сціснуць, падняць і г.д.
— Робат створаны такім чынам, што ён здольны падымаць рэчы такой жа вагі, што і жывы чалавек, і здольны выконваць тыя ж дзеянні, што і жывы чалавек. Такім чынам, гэты робат не нагадвае Тэрмінатара, які змог падняць машыну. Гэты робат — як чалавек у тым сэнсе, што ён таксама як і чалавек мае свае слабасці. Калі мы перарэжам чалавеку вены, ён сыдзе крывёй і памрэ. Гэтак жа адбудзецца і з гэтым робатам. Цікава, што, каб адлюстраваць плаўнасць руху, прыйшлося наладзіць крывацёк у венах робата. У яго жылах, у яго гідраўлічнай сістэме будзе цячы дэмінералізаваная вада, каб накіп не асядаў у гэтых венах. У яго ёсць сэрца і страўнікавая сістэма. Калі мы хочам стварыць дакладны чалавечы клон, то, то павінны браць узор з анатоміі чалавека.
Гэтая тэхналогія прыдумана, каб дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідам, пажылым людзям, адзначае Мацей Кавэцкі.
— Гэты робат быў створаны выключна для таго, каб дапамагаць людзям, якія не ў стане зрабіць тое, што трэба, самастойна ў паўсядзённых справах: паднесці гарбату, прыбраць кватэру, пасцяліць ложак. І ў гэтым сэнсе робат павінен быць проста слугой чалавека. Я часта, калі размаўляю са стваральнікамі робатаў, кажу ім пра сацыяльны страх, так званы страх перад робатамі, знішчэннем, бунтам машын. Ці ёсць у такіх машын шанец паўстаць супраць нас? Стваральнікі кажуць: не. Па-першае, таму, што робат слабы, мы можам яго хутка нейтралізаваць, гэта не Тэрмінатар. А па-другое, нават калі б ён хацеў, ён бы не змог гэтага зрабіць, таму што ў яго былі ўбудаваныя пэўныя мадэлі паводзін. Інжынер сказаў мне, што робат, не будзе працаваць на бойні, забіваючы жывёл, таму, што яму будзе закладзены ўзор, які перашкаджае робату гэта рабіць. Чалавек здольны ўзяць у рукі зброю, аднак гэты робат гэтага не зробіць, таму што ў яго будзе ўбудаваны шаблон блакавання такіх паводзін.
Для стварэння падобнага робата выкарыстоўваюцца сотні і нават тысячы патэнтаў, невялікіх тэхналогій, клапанаў, гідраўлічных сістэм, спалучэння робататэхнікі з біятэхналогіямі і г.д.
На чалавекападобнага Robotа X Clone можна паглядзець у YouTube. Рука, якую распрацавалі польскія інжынеры цалкам завершана. На працягу наступнага года павінен быць скончаны цалкам кіраваны хадзячы гуманоідны робат, паведаміў Мацей Кавэцкі.
Першыя 267 робатаў будуць прадавацца за больш чым 100 тысяч долараў, але наступныя не будуць ужо так дарагія — іх кошт складзе прыблізна 20–30 тысяч долараў. То бок, чалавекападобны Робат X Clone будзе каштаваць менш чым аўтамабіль. Пры гэтым адзначым, што гэта сістэма больш складаная за аўтамабіль.
Даніэль Выдрых/яс