Беларуская Служба

Гляньце, як выглядала Варшава ў палове ХІХ стагоддзя – здымкі зрабіў «бацька польскай фатаграфіі» Караль Бэер (ФОТА)

16.02.2025 06:07
Ім была зробленая серыя фотаздымкаў польскіх гарадоў, якія ў цяперашні час уяўляюць сабой надзвычай каштоўныя з гістарычнага пункту гледжання аб’екты.
Аўдыё
  • «Бацька польскай фатаграфіі» Караль Бэер
Караль Бэер крыніца: Polona

У Польшчы існуе меркаванне, што бацькам польскай фатаграфіі з’яўляецца Ян Булгак, нараджэнец навагрудскай зямлі, які працаваў у першай палове ХХ стагоддзя. Яго творчасць успрымаецца як частка супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы. Аднак насамрэч першапраходцам у галіне фатаграфічнага мастацтва з’яўляецца нехта іншы. Завуць яго Караль Бэер. І сёння мы пра яго раскажам у гістарычнай рубрыцы.

Нарадзіўся Караль Бэер 10 лютага 1818 года ў Варшаве ў сям’і польскай мастачкі нямецкага паходжання Генрыкі Бэер. Пасля заканчэння варшаўскага ліцэя некаторы час працаваў у ліцейнай майстэрні па выпуску галантарэйных вырабаў у свайго дзядзькі. Дзякуючы заробленым у дзядзькі грошам ён у 1844 годзе паехаў вучыцца ў Парыж, дзе асвоіў тэхналогію дагератыпіі.

Караль Бэер. Крыніца: Polona
Караль Бэер. Крыніца: Polona

Дагератыпія – гэта ранні фатаграфічны працэс, заснаваны на святлоадчувальнасці ёдзістага срэбра. Гэта была першая ў свеце тэхналогія фатаграфіі, якая выкарыстоўвалася на працягу двух дзесяцігоддзяў, але была выцесненая ў другой палове XIX стагоддзя таннейшымі і зручнымі працэсамі.

У 1845 годзе, вярнуўшыся ў Варшаву, Караль Бэер адкрыў першае атэлье дагератыпаў, якое пазней ператварылася ў фотаатэлье і якое працавала бесперапынна да 1872 года.

У сярэдзіне XIX стагоддзя Бэерам была зробленая серыя фотаздымкаў польскіх гарадоў, якія ў цяперашні час уяўляюць сабой надзвычай каштоўныя з гістарычнага пункту гледжання аб’екты, а часам адзіныя віды Варшавы, Кракава, Чэнстаховы, Гданьска, Лодзі і Мальбарка, якія захаваліся да нашых дзён.

Панарама Варшавы - від на Віслу. Крыніца: Polona Панарама Варшавы - від на Віслу. Крыніца: Polona

Супрацоўніца Варшаўскага нацыянальнага музею Данута Яцкевіч гаворыць, што дзякуючы Каралю Бэеру вядома, як выглядала Варшава ХІХ стагоддзя, бо фотамастак вельмі шмат здымаў панараму і людзей горада.

– Ён здымаў такую Варшаву, у якой жыў – без перабольшвання. Гэта значыць горад, які, з аднаго боку, быў правінцыянальным, а з іншага - горад, які вельмі хутка развіваўся ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя, асабліва ў архітэктурным плане. Ён фатаграфаваў новыя будынкі, якія тады ўзводзіліся, і дзякуючы яму мы можам ведаць, як рос горад. Ён таксама адлюстроўваў пры дапамозе тагачаснай сучаснай тэхналогіі, якой была фатаграфія, людзей, моду сучаснікаў і варшаўскія вуліцы. Караль Бэер зрабіў шмат здымкаў Кракаўскага Прадмесця, галоўнай вуліцы Варшавы. І на яго здымках бачна, што тады, як і цяпер, на вуліцы быў вялікі рух.  

Бэер таксама рабіў фотапартрэты, што, улічваючы адсутнасць канкурэнцыі, неўзабаве прынесла яму значныя даходы.

Палатачны лагер расійскіх салдат у Варшаве перад Каралеўскім замкам. Здымак Караля Бэера з 1861 года. Крыніца: Wikimedia Commons/domena publiczna Палатачны лагер расійскіх салдат у Варшаве перад Каралеўскім замкам. Здымак Караля Бэера з 1861 года. Крыніца: Wikimedia Commons/domena publiczna

На піку сваёй кар'еры Бэер наймаў да 30 фатографаў. Работы атэлье атрымалі прызнанне за мастацкасць і былі ўзнагароджаныя на шматлікіх міжнародных выставах. Ім была навучаная вялікая колькасць таленавітых фатографаў.

У 1861 годзе Бэер выканаў здымкі ахвяр маніфестацыі, забітых расійскімі салдатамі на вуліцах Варшавы. За гэта ён трапіў у турму, а пазней сасланы царскімі ўладамі на два гады ў аддалены раён Расійскай Імперыі, дзе знаходзіўся з 1862 да 1865 года.

Партрэт Леапольда Станіслава Кроненберга аўтарства Караля Бэера, 1861 год. Крыніца: Wikimedia Commons/domena publiczna
Партрэт Леапольда Станіслава Кроненберга аўтарства Караля Бэера, 1861 год. Крыніца: Wikimedia Commons/domena publiczna

У 1870 годзе Караль Бэер арганізаваў першае ў Варшаве выдавецтва фотатыпіі, якое займалася тыражаваннем здымкаў высокай якасці.

Апрача таго, ён быў вядомы тым, што выдаваў «Ілюстраваны штотыднёвік», а таксама сваім укладам у развіццё паліграфіі, нумізматыкі і археалогіі.

Караль Бэер быў таксама ўладальнікам нумізматычнай калекцыі, якая налічвала 9 тыс. аб'ектаў. Па ініцыятыве фатографа ў яго кватэры пачалі сістэматычна збірацца варшаўскія нумізматы. Гэта паклала пачатак варшаўскаму нумізматычнаму руху. На кватэры ў Бэера кожны тыдзень адбываўся абмен як навуковай інфармацыяй, так і калекцыйным матэрыялам. На іх сустракаліся нумізматы не толькі з Варшавы, але і ўсяго Царства Польскага, а таксама замежныя госці.

Памёр Караль Бэер у лістападзе 1877 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу