Беларуская Служба

З кожным годам Польшча выплачвае больш пенсій замежнікам, між іншым, украінцам і беларусам

26.02.2025 12:04
Статыстыка ZUS паказвае пастаянны рост колькасці застрахаваных асоб украінскага і беларускага паходжання.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Shutterstock/Nikolay Androsov

Хутка расце колькасць пенсій, якія польскі ZUS (Упраўленне сацыяльнага страхавання) выплачвае замежным пенсіянерам. Паводле свежых дадзеных, якія прыводзіць Dziennik Gazeta Prawna, кожны год іх становіцца на некалькі тысяч больш.

Летась у снежні больш за 20 тыс. замежнікаў атрымалі пенсіі з ZUS на агульную суму каля 27,6 млн злотых. Для параўнання, у аналагічным перыядзе 2023 года гэтыя выплаты атрымлівалі 15,3 тыс. чалавек (21,5 млн злотых), а ў 2022 годзе – 12,2 тыс. чалавек (16,5 млн злотых). Гэта азначае, што штогод ZUS выдаткоўвае на гэтыя выплаты прынамсі на 5 млн злотых больш, – адзначае выданне.

Як піша газета, эксперты прагназуюць далейшы рост, Польшча можа стаць «пенсійным эльдарада» для суседзяў з усходу.

Паводле DGP, замежнікі, якія працуюць у Польшчы, плацяць узносы на сацыяльнае і медыцынскае страхаванне. Па стане на 31 снежня 2024 года ў сістэме пенсійнага страхавання было каля 1,2 млн іншаземцаў. Найбуйнейшай групай застаюцца ўкраінцы – 787,5 тысяч, далей ідуць беларусы – 134,9 тысяч і грузіны – 25,7 тыс. (дадзеныя на канец 2024 года).

Газета цытуе доктара Марціна Краеўскага з Універсітэта ў Лодзі, які адзначае, што з 2015 года статыстыка ZUS паказвае пастаянны рост колькасці застрахаваных асоб украінскага і беларускага паходжання, а агрэсія Расіі супраць Украіны паскорыла гэты працэс. На канец 2023 года амаль 7% застрахаваных мелі не польскае грамадзянства, а каля 5% даходаў Фонду сацыяльнага страхавання (FUS) паступала з іх узносаў.

«Калі пажылы ўкраінец паселіцца ў Польшчы, ZUS часта будзе абавязаны выплачваць яму розніцу паміж украінскай пенсіяй і мінімальнай польскай», – тлумачыць доктар Марцін Краеўскі. На думку эксперта, такія даплаты складаюць значныя сумы. Мінімальная пенсія ва Украіне сёння складае ад 2725 да 3370 грыўняў (прыблізна 260–320 злотых). Гэта азначае, што ZUS павінен дадаваць да іх больш за 1,5 тыс. злотых у месяц.

На думку Анджэя Радзіслава, юрыста з Kancelaria Goźlińska, Petryk i Wspólnicy, гэтаму спрыяе ліберальнасць польскага пенсійнага заканадаўства, заснаванага на прынцыпе: «за сённяшнія ўзносы – заўтрашняя пенсія». Эксперт нагадвае, што польскае заканадаўства не патрабуе назапашвання мінімальнага страхавога стажу, хоць яго найлепш было б вызначыць - як мінімум у 10 гадоў.

нг