Беларуская Служба

Беларускі голас у Польшчы: прафесійны шлях вакалісткі

01.03.2025 13:26
Аказваецца, хоць мы і суседзі, але з беларускай музыкай палякі амаль незнаёмыя, — канстатуе прафесійная беларуская вакалістка спадарыня Святлана.
Аўдыё
  • Беларускі голас у Польшчы: прафесійны шлях вакалісткі
Познань.

Першыя месяцы я ішла на працу і плакала

Спадарыня Святлана скончыла ў свой час Беларускую акадэмію музыкі. Вучылася на факультэце акадэмічных спеваў, пасля чаго выступала, а таксама займалася педагагічнай дзейнасцю: выкладала як акадэмічны, так і эстрадны вакал. У апошнія гады яе захапіў джазавы вакал, а таму спявала і выкладала джаз.

У новай краіне, як сама прызнаецца, давялося даволі няпроста. Пачала праводзіць заняткі ў музычнай студыі і паралельна ў музычнай школе.

— І калі ў студыі было прасцей працаваць, паколькі там былі людзі, якія размаўлялі са мной на зразумелай мове, то ў школе значна складаней з-за таго, што я недастаткова валодала польскай мовай. Напачатку я пісала вельмі дакладныя канспекты і чытала іх. Нязвыклым было і тое, што ў Польшчы музычная адукацыя адрозніваецца ад той, якая існуе ў Беларусі. Тут да такіх заняткаў ставяцца з меншымі прафесійнымі патрабаваннямі, яны хутчэй скіраваныя на задавальненне вучняў. А я апошнім часам у Беларусі працавала толькі з прафесіяналамі, таму было складана пераходзіць на іншы ўзровень.

Суразмоўца згадвае, што з дзецьмі ў музычнай школе давялося перажыць не самыя простыя прыгоды, паколькі, пабачыўшы яе слабое валоданне мовай, некаторыя часта выкарыстоўвалі гэта дзеля маніпуляцый.

— І калі ў студыю яшчэ прыходзілі мэтанакіравана займацца, то ў школе ў многіх не было ніякай матывацыі да музыкі – іх проста прыводзілі бацькі. Першыя месяцы я ішла на працу і плакала.

Мову вучыла ў сваіх вучняў

На той час яе асноўнай задачай было авалодаць польскай мовай. Таму яна займалася ў прыватнага рэпетытара, але, як сама прызнаецца, больш глыбокія веды атрымала ад сваіх вучняў, з якімі пастаянна імкнулася размаўляць і не толькі на прафесійныя тэмы.

— Цяпер пагаварыць на прафесійную тэму для мяне не праблема. Усё ж выкладчыцкая дзейнасць у гэтым шмат мне дала. Трохі складаней бывае ў размовах на звычайныя бытавыя тэмы, але гэта ўжо далёка не тое, што было на самым пачатку.

INSPIRO Ensemble – ансамбль прафесійных музыкантаў і вакалістаў

Займаючыся толькі педагагічнай дзейнасцю, спадарыня Святлана адчула, што ёй не стае самавыражэння ў сольных спевах, паколькі ў Беларусі яна шмат і часта выступала на сцэне. Таму задалася мэтай і пачала шукаць, дзе б магла выступаць.

— Высветлілася, што ў Познані толькі адзін прафесійны калектыў – хор опернага тэатра. Але патрапіць туды практычна немагчыма. Я хадзіла на праслухоўванне, і туды прыйшло прыблізна сорак чалавек.

Знайсці калектыў прафесійных музыкантаў спадарыні Святлане дапамагла дырэктарка музычнай школы, дзе яна працуе. INSPIRO Ensemble – гэта ансамбль прафесійных музыкантаў, вакалістаў, якія працуюць у розных жанрах.

— Мы спявалі габрэйскую музыку, сучасную польскую, нядаўна быў канцэрт Усходнееўрапейскай музыкі, дзе гучалі беларускія і ўкраінскія песні, мы спявалі кубінскую і аргентынскую музыку. Кожны раз гэта такі выклік для сябе, паколькі мы ўсё спяваем на мове тых краін, якім прысвечаны канцэрт. Гэта было таксама няпроста, бо я прызвычаілася да таго, што ў нас у Беларусі было шмат рэпетыцый, а тут табе даецца матэрыял, ты самастойна яго вучыш, дзве рэпетыцыі – і канцэрт.

Мяне вельмі цёпла тут прынялі

Спадарыня згадвае, што першым часам таксама перажывала шок, але прызвычаілася. І дадае, што шмат у чым ёй дапамог новы калектыў.

— Мяне вельмі добра тут прынялі, і я ніколі не адчула ў свой бок нейкага дрэннага стаўлення. Кіраўніца калектыву пастаянна цікавіцца, як я сябе тут адчуваю, ці мяне нехта не крыўдзіць, ці мне ўсё падабаецца. З боку польскіх калег заўсёды толькі падтрымка, апека і самае добрае стаўленне. Дарэчы, тое ж адчуваю ад польскіх бацькоў, чые дзеці ў мяне вучацца ў школе: павага, клопат, шанаванне. Гэтага часта не адчувала ў Беларусі.

Цяпер у планах калектыву – асобны канцэрт беларускай музыкі

Спадарыня Святлана згадала канцэрт, на якім гучала беларуская музыка ў выкананні яе новага польскага калектыву. Яна адзначае, што, хоць палякі і суседзі, але з беларускай музыкай яны амаль незнаёмыя.

Праграму музычных твораў падрыхтавала сама спадарыня, уключыла туды і народныя песні, і нешта з сучасных у апрацоўцы для хору.

— Калі мы працавалі над праграмай, палякам было вельмі складана вымаўляць беларускія гукі, хаця мовы нашы нібыта падобныя. Асабліва ім не давалася наша фрыкатыўнае “г”, а таксама “дз”. Увесь час прасілі: “дапамагай нам, выпраўляй”. Я запісвала тэксты на дыктафон, каб яны маглі папрацаваць з імі дома.

Суразмоўца згадвае, што працэс рэпетыцый беларускіх песень для яе калег быў зусім не просты, але калі сабраліся на агульную рэпетыцыю, то яна пачула ад іх нечаканыя словы.

— Калі беларускія песні загучалі ў шматгалоссі, усе былі проста здзіўленыя іх прыгажосцю, усім вельмі спадабалася. Адзін наш тэнар з гонарам казаў, што навучыўся вымаўляць беларускую літару “г”. А дырыжор ансамбля прызналася, што папросту закахалася ў беларускую “Купалінку” і сказала, што хоча пакінуць яе ў пастаяннай праграме калектыву. І цяпер у планах ансамбля падрыхтаваць асобны канцэрт цалкам з беларускай музыкі.

Не да ўсяго магу прызвычаіцца, а таму часта думаю пра Беларусь

Што датычыцца звычайнага бытавога жыцця, то да некаторых рэчаў спадарыня Святлана прызвычаіцца тут не можа. І перш за ўсё гаворыць пра медыцыну. Пасля Беларусі яна не можа зразумець, што на візіт да лекара трэба чакаць некалькі месяцаў, што хуткая дапамога прыязджае толькі ў самых крытычных выпадках, што хвораму даводзіцца прасядзець у прыёмным пакоі цэлую ноч, і пры гэтым яго не агледзіць лекар.

— Мая інтэграцыя ў польскае грамадства адбываецца быццам незаўважна, бо я працую ў польскай школе з польскімі дзецьмі, займаюся ў студыі з дарослымі палякамі, але далей за прафесійныя кантакты гэта не заходзіць. Маё кола сяброў склалася даўно ў Мінску, і цяпер цяжка заводзіць новых сяброў.

Спадарыня Святлана прызнаецца, што эміграцыя даецца ёй даволі складана, і яна чакае таго моманту, калі можна будзе вярнуцца дадому. Сумуе па родных, блізкіх, па сваёй працы. Там засталося ўсё тое, чаго так моцна не хапае.

Павел ЗАЛЕСКІ