25 сакавіка 1918 года ў Мінску Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская.
107 год таму бацькі-заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі зрабілі, здавалася б, немагчымае – дамагліся ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці там, дзе яе ніхто з тагачасных геапалітычных лідараў нават не бачыў. І нават тое, што БНР не здолела замацавацца, не адмяняе велічнасці гэтай падзеі. Пра гэта ў размове з Польскім радыё гаворыць в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Павал Баркоўскі:
- Гэта самая важная дата ў гісторыі паўставання Беларусі, як незалежнай дзяржавы і незалежнай нацыі. Раней не існавала Беларусі, як самастойнай дзяржавы. Беларусь існавала ў розных канфігурацыяй, звычайна ў складзе большых дзяржаўных утварэнняў. Як асобная дзяржава і нацыя яна была дэкларавана менавіта 25 сакавіка 1918 года. Была прынятая Устаўная грамата, калі БНР была афіцыйна задэклараваная. Каб у нас не было гэтай даты, гэтай гераічнай спробы нашых продкаў заснаваць Беларусь, калі мала хто ўвогуле думаў пра нейкую Беларусь, то і сёння магло б не быць нашай дзяржавы і нацыі.
Усё гэта нягледзячы на тое, што БНР не пратрымалася доўга. Важным з’яўляецца імпульс, які паявіўся ў той момант. Павал Баркоўскі ўпэўнены, што калі б не БНР, то не ўзнікла б і ніякай БССР:
- Калі пргадаць, то бальшавікі мусілі аб’явіць пра стварэнне БССР літаральна праз паўгады пасля абвяшчэння БНР, пад ціскам таго, што зрабілі нацыянальныя дэмакратычна арыентаваныя колы. Без гэтага было зразумела, што беларусы не пагодзяцца супрацоўнічаць з новай чырвонай уладай. Тое, што ў той момант не ўдалося захаваць незалежнасць, гэта нацыянальная трагедыя. Але агулам сама ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці захавалася, яна прайшла выпрабаванні савецкага перыяду, хай у форме дэкаратыўнай, але ўсё ж дзяржаўнасці, пратрывала да 1991 года, калі Беларусь змагла дабіцца рэальнай незалежнасці. Стаць суверэннай дзяржавай, якую ведаюць ва ўсім свеце.
Чым сёння павінен быць Дзень Волі? Гэта дзень еднасці і лучнасці беларусаў, дзе б яны не былі, гаворыць Павал Баркоўскі:
- Гэта дзень, які павінен нас аб’ядноўваць і вяртаць нас да нашай беларускасці, нашых каранёў і нашай нацыянальнай ідэі. Гэта як Ханука для яўрэяў. Нешта, што павінна аб’ядноўваць людзей незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Гэта тое, што мусіць рабіць нас беларусамі. Вельмі важна, што не дамаўляючыся паміж сабою беларусы збіраюцца і ладзяць свае мерапрыемствы. Паказваюць, што Беларусь жыве, пакуль жывуць беларусы, якія яе шануюць.
Поўная размова пра Дзень Волі – ніжэй.