177 гадоў таму адбылася важная падзея ў польскай гісторыі і літаратуры, у нейкай ступені таксама звязаная з беларускай зямлёй. Вядомы польскі паэт, нараджэнец Навагрудчыны Адам Міцкевіч сустрэўся з Папам Рымскім Піем ІХ. Сустрэча атрымалася даволі эмацыйнай, што не спадабалася пантыфіку.
Сустрэча, а дакладней дзве, адбыліся ў сакавіку 1848 года ў Рыме. 50-гадовы Адам Міцкевіч, які ў той час быў ужо вядомым паэтам і «сумленнем палякаў», хацеў паразмаўляць з папам пра Польшчу, якой не існавала на палітычных картах свету больш за паўстагоддзе.
Нараджэнец Навагрудчыны меў ужо за сабой паэтычную частку свайго жыцця, напісаўшы такія шэдэўры, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Міцкевіч заняўся грамадскай дзейнасцю, стаўшы палітычным актывістам, эмацыйным выступоўцам і публіцыстам.
Адам Міцкевіч. Партрэт аўтарства Генрыка Пянткоўскага/Muzeum Narodowe w Warszawie
Пасля паразы паўстання 1831 года мінула больш за 15 гадоў, і стала зразумела, што каб Польшча дабілася незалежнасці, неабходна аб’яднасць сілы і дзейнічаць не толькі ўнутры краіны, але і на міжнароднай арэне. На гарызонце, дарэчы, з’явіліся прыкметы пераменаў, якія ўвойдуць у гісторыю пад назвай «Вясны народаў».
У другой палове 1840-х гадоў імкненне да свабоды пачало назірацца ў Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў, у якую таксама ўваходзіла частка Польшчы, але таксама і ў іншых краінах Еўропы. У 1848 годзе серыя рэвалюцыйных і нацыянальных паўстанняў ахапіла Еўропу: ад Францыі, праз германскія краіны, заходнюю частку Польшчы пад уладай Прусіі, Чэхію і Венгрыю ў складзе Аўстрыйскай імперыі, і ажно да Італіі, частка зямель якой уваходзіла ў дзяржаву Габсбургаў.
І вось Адам Міцкевіч вырашыў папрасіць у Папы Рымскага бласлаўлення на барацьбу за незалежнасць Польшчы. Паводле сучаснікаў і гісторыкаў, ідэя заключалася ў тым, каб стварыць у Італіі ўзброены атрад, які б разам з італьянцамі змагаўся супраць Аўстрыі. Пры адпаведным ходзе падзей атрад мог бы ўвайсці нават у паўднёвую Польшчу.
Рымскі Замак Святога Анёла, другая палова ХІХ ст. Карціна Генрыка Цяшкоўскага/Muzeum Narodowe w Warszawie
У той час Пій IX, які, дарэчы, быў італьянцам, успрымаўся сваімі суайчыннікамі як чалавек, які мог бы ўзначаліць рух за аб'яднанне італьянскіх зямель. Пантыфік быў даволі прагрэсіўным чалавекам як на тыя часы: ён правёў рэформы ў Папскай вобласці, увёў паслабленні ў цэнзуры і амністыю для палітычных зняволеных.
Адам Міцкевіч прыбыў у Рым 7 лютага 1848 года. Дарэчы, дарога з Парыжа, дзе тады пражываў паэт, у цяперашнюю італьянскую сталіцу заняла яму ажно два тыдні.
Першая сустрэча Адама Міцкевіча з Піем IX адбылася 5 сакавіка 1848 года. Сучаснікі згадвалі, што папа прыняў паэта «па-бацькоўску», «як любімага сына». Але што адбылося за зачыненымі дзвярамі, невядома.
Міцкевіч вярнуўся з сустрэчы сумны, а Пій IX назваў паэта «бедным чалавекам».
Другая, больш важная сустрэча польскага песняра з Папам Рымскім адбылася 25 сакавіка. Паколькі ў гэтай аўдыенцыі ўдзельнічала больш людзей, то захавалася шмат сведчанняў.
Паводле сведкаў падзеі, за гадзіну да сустрэчы Адама Міцкевіча «насіла» – ён быў вельмі эмацыйны і нервовы. Калі польская дэлегацыя на чале з паэтам увайшла ў кабінет, папа стаяў, абапёршыся аб стол.
Адам Міцкевіч гаварыў на французскай мове эмацыйна і вельмі гучна, што, дарэчы, парушала пратакол сустрэч з пантыфікам. Члены дэлегацыі, якія прысутнічалі на спатканні, згадвалі, што Пій IX некалькі разоў казаў: «Сын мой, гавары цішэй».
Міцкевіч казаў пантыфіку пра тое, што ў Еўропе наступае новая эра і што вызваленне народаў павінен узначаліць папа рымскі, бо іначай пральецца кроў, і за гэта адказнасць ляжа на пантыфіка. «Не забывай, з кім размаўляеш!» – звярнуў увагу Пій ІХ. Паэт таксама расказаў папу рыскаму пра планы стварэння польскага легіёна ў Італіі і папрасіў бласлаўлення ў галавы Апостальскага пасаду.
Папа Рымскі Пій ІХ, здымак з 1875 года аўтарства Адольфа Браўна. Грамадзянскі фотаархіў Мілана/грамадскі набытак
Папа адказаў, што бласлаўляе Польшчу, але легіён не можа блаславіць. Паводле сведчанняў, Пій ІХ зазначыў, што калі блаславіць польскі легіён, то можа наступіць незадаволеная рэакцыя Аўстрыі, Прусіі і Расіі. На што Міцкевіч нібыта выгукнуў: «Хрысту напляваць на іх меркаванне!». У адказ Папа Рымскі рэзка сказаў: «Памятай, дзе ты знаходзішся!». Пазней, як згадвалі сучаснікі, Міцкевіч схапіў папу за руку, што было чарговым парушэннем пратаколу і тагачасных добрых манер, і выгукнуў: «Ведайце, што сёння дух Божы – сярод простых жыхароў Парыжа!». «Сын мой! Не забывай, з кім размаўляеш!» – у чарговы раз папярэдзіў знерваваны Пій ІХ. У гістарычных крыніцах напісана, што паэт гэтак моцна схапіў папу за руку, што той пачаў траціць раўнавагу і схапіўся за стол, каб не ўпасці.
Праз нейкі час пасля сустрэчы Адам Міцкевіч згадваў: «Папа сказаў мне «ты крычыш». А як не крычаць, калі мая радзіма забітая!».
Польская кавалерыя. Internetowy Polski Słownik Biograficzny – NInA
Міцкевіча ўсё ж такі стварыў польскі легіён і 10 красавіка войска на чале з ім рушыла ў паўночную Італію. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што Пій ІХ усё ж такі даў прыватнае, негалоснае бласлаўленне вайсковаму фармаванню
25 чэрвеня ў Мілане Міцкевіч перадаў камандаванне над створаным ім легіёнам палкоўніку Мікалаю Каменскаму, а сам вярнуўся ў Парыж.
А праз паўстагоддзе вядомы польскі паэт Станіслаў Выспянскі апісаў сустрэчу Міцкевіча з Піем IX у сваёй паэме «Легіён».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
на падставе архіўных матэрыялаў Польскага радыё