Гаворка перад усім пра сталых людзей і дзяцей. Старшыня праўлення фонду Івона Романяк (Iwonа Romaniak) кажа, што самае галоўнае ў дзейнасці фонду — гэта не матэрыяльная дапамога палякам ва Украіне, а ўвага і турбота, менавіта гэтага там чакаюць:
— Фонд займаецца гуманітарнай і дабрачыннай дапамогай у агульным разуменні. Найбольш маштабна мы займаемся дапамогай палякам замежжа, тым, хто патрабуе дапамогі ў сувязі з вайной. Наша дапамога мае шырокі спект: дапамога польскім дзецям, дапамога ўкраінскім дзецям, дапамога людзям, якія ў маюць у гэтым патрэбу, таму што мы не адмаўляем у дапамозе нікому. Хто б ні звяртаўся да нас па дапамогу, мы тут, і мы нясем яе. Робім усё, каб дапамагчы, і гэта роля чалавецтва, каб дапамагчы, не гледзячы на бар'еры, колер скуры, парушаючы межы, галоўны лозунг Фонду — «Наводзіць масты там, дзе іншыя крэсляць межы».
— Але Львоў, горад які мае вялікую польскую гісторыю, напэўна мае для вашай арганізацыі асаблівае значэнне.
— Другое сэрца фонду — Львоў. Гэта нашы землякі ў Львове, нашы сталыя людзі, якіх мы вельмі часта бачым, таму што мы звычайна бываем у Львове два-тры разы на месяц менавіта дзеля таго, каб пабыць з імі, правесці час, дапамагчы, каб яны адчувалі сябе патрэбнымі, любімымі і каб ведалі, што мы пра іх не забываемся.
— У чым заключаецца дапамога, якую вы аказваеце?
— Дапамога заключаецца ў тым, каб перавезці прадукты, медыкаменты, сродкі гігіены, цёплую вопратку, арганізаваць падарожжы, напрыклад, пенсіянераў сюды, у Польшчу, на часовы адпачынак, і кожны дзень даглядаць іх, каб ім было крыху лягчэй.
Мы тут, у Польшчы, паказваем, як важна памятаць нашых пра суайчыннікаў, якія жывуць у іншых краінах і наколькі важна, каб яны адчувалі нашу дапамогу, падтрымку і адчувалі, што мы не забываемся, бо самае важнае, каб у іх сэрцах была Польшча, Польшча, якая клапоціцца пра іх, якая памятае, якая не забывае, для якой яны важныя.
— У адной з размоў вы казалі, што ездзіце з дапамогай не толькі ў Львоў, але і ў вёскі, дзе жывуць палякі, і нават здаралася, што трэба было перайсці ручай, бо там не было мосту, дзеля дапамогі адзінай сталай польцы, якая жыве ў напаўпакінутай вёсцы.
— Насамрэч гэта самае гожае, што мы даходзім да такіх людзей. Бо большасць пра іх ужо забылася, ці нават і не ведала пра іх існаванне. Бо заходзячы ў хату, бачым бабулю, якая сядзіць на лавачцы, якая з бляскам у вачах вітаецца з намі, абдымае нас і кажа: Божа, як цудоўна, я не размаўляла па-польску 7 гадоў, у мяне не было такой магчымасці. Для нас гэта як знак з неба, што мы можам ушанаваць яе польскасць.
Вядома, мы ніколі не прыходзім з пустымі рукамі, але справа не ў пакунках, а ў тым, каб быць побач. Такі чалавек на імгненне адчувае сябе важным, ён важны ўвесь час, толькі мы, напрыклад, не ведаем, што гэты чалавек ёсць. Уявіце толькі, што бабуля, якая жыве адна з каровай на ўскрайку лесу, калі даведалася, што мы да яе едзем, так прыгожа накрыла стол, маючы адну толькі карову. Нагатавала сыру, масла, малака, спякла пірог, нават самагонку бабуля зрабіла. І мы заходзім у гэтыя хаціны, размаўляем з людзьмі, мы ведаем, што ім трэба, і ў большасці людзей таксама ёсць прамыя нумары тэлефонаў для нас. Калі ўзнікае сітуацыя, што камусьці хутка патрэбна дапамога, нейкія лекі або дапамога ў выглядзе лекаў ці яшчэ чагосьці, то мы проста хуценька збіраемся, сядаем, едзем, дастаўляем неабходнае.
Для нас быць з гэтымі людзьмі – гэта гонар. Дзякуючы падтрымцы іншых людзей – палякаў у Польшчы – мы можам прыйсці з гэтай дапамогай.
Размаўляем у велікодныя святы, ведаю, вы плануеце адмысловую выправу ў Львоў.
— Вядома сёлета мы таксама збіраемся завезці прадукты, каб святочныя сталы ў нашых падапечных не пуставалі, каб гэтыя велікодныя святы былі з нашымі польскімі стравамі. 70 чалавек атрымаюць прадукты, і акрамя таго, адразу пасля свят, праз тыдзень пасля Вялікадня, мы ездзім па вёсках, ходзім па хатах, размаўляем з людзьмі, і туды мы таксама хочам перадаць падарункі.
Мяне вельмі радуе, што з намі едзе ўсё больш людзей, якія асабіста нясуць дапамогу, яны асабіста сустракаюцца з палякамі ва Украіне, яны прытуляюць там нашых бабуль, падтрымліваюць іх пачуццё польскасці, пачуццё запатрабавальнасці, што яе любяць і што яе не забываюць.
— Чым яшчэ займаецца фонд «Братняя душа»?
— Акрамя таго, што прапагандуем нашыя польскія, патрыятычныя святы, мы таксама аказваем дапамогу на лакальным узроўні ў Польшчы перад усім сталым людзям, дзецям-інвалідам, дапамагаем людзям, якія звяртаюцца па дапамогу, а разам з тым і людзям, дзе мы бачым, што дапамога патрэбная. Акрамя таго, у нас ёсць Інфармацыйны цэнтр — гэта месца ў Цэнтры культуры, дзе сустракаюцца дзеці, сустракаюцца людзі, якія жывуць у нястачы.
Мы разам малюем, робім лялькі і г. д. Гэта цэнтр, дзе мы знішчаем бар’еры. Ствараем такое месца, дзе полькі і ўкраінкі разам сядзяць за сталом, п’юць гарбату, размаўляюць, разам займаюцца нечым, дзе мужчыны прыходзяць паразмаўляць, пагуляць у шахматы, дзе адпачываюць дзеці. Часта бывае сітуацыя, калі маці не ведае, што рабіць з дзіцем падчас працы, тады дзеці могуць прыйсці да нас, пасядзець разам, памаляваць. Паўстае супольнасць і гэта самае галоўнае.
эж