Беларуская Служба

Стыгма прыхільнікаў Расіі замацоўваецца за беларусамі ў замежных медыя — даследчыца Леся Руднік

17.04.2025 14:46
Якой Беларусь паўстае ў вачах замежнікаў сёння, дакладней які вобраз краіне ствараюць журналісты замежных медыя?
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnepixabay

Каб адказаць на гэтае пытанне Цэнтр новых ідэй прааналізаваў 3759 артыкулаў з 20 міжнародных медыя з 10 краін свету.

У сёлетнім маніторынгу заўважны рост увагі да рэгіянальнай ролі Беларусі. Гэта выяўляецца ў частых згадках уладаў і Лукашэнкі, усплёску навінаў пра міграцыйны крызіс на межах ЕС і Беларусі. На фоне леташняга вызвалення палітвязняў часткова ў медыйны парадак дня вярнуліся і навіны на гэтую тэму, хаця ўвага да ўнутрыпалітычных падзеяў надалей выклікае нізкую цікавасць.


Найбольш пра Беларусь пішуць у польскіх СМІ. Найбольш пра Беларусь пішуць у польскіх СМІ. Інфаграфіка: Цэнтр Новых ідэй

Цікава, што фактычна траціна матэрыялаў пра Беларусь у гэты перыяд выйшла ў польскіх медыя, найбольш пра краіну і яе праблемы пішуць Gazeta Wyborcza і Rzeczpospoita. А вось Літва, хаця яна і мяжуе з Беларуссю, там вялікая беларуская дыяспара, замыкае топ-10 выданняў, дзе часцей згадваецца Беларусь.

Як і ў апошнія два гады, адной з найбольш папулярных тэмаў у замежных артыкулах пра Беларусь застаецца вайна ва Украіне, адзначае дырэктар Цэнтра новых ідэй, аўтарка даследавання Леся Руднік. У такіх матэрыялах згадваецца саўдзел уладаў Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, спекуляцыі наконт ядзернай зброі ў Беларусі, інфраструктурная падтрымка расійскай тэхнікі і персаналу.

Пры гэтым у параўнанні з апошнім годам самымі папулярнымі сталі згадкі Беларусі ў кантэксце сусветнай палітыкі. Такія артыкулы не канцэнтруюцца на тэме вайны, але апісваюць Беларусь у рэгіянальным кантэксце, у рамках палітычнай павесткі ў рэгіёне, напрыклад у аспекце абходу Расеяй санкцый праз Беларусь ці ў сувязі са спекуляцыямі наконт сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі. У параўнанні з мінулым годам амаль у два разы ўзрасла колькасць артыкулаў пра міграцыйны крызіс на межах Беларусі і ЕС. Гэта не адлюстроўвае дынамікі падзеяў на межах, інтэнсіўнасць якіх зменшылася цягам 2024-га года.

Адметна, доля такіх артыкулаў найбольшая ў польскіх выданнях.

Вобраз беларусаў у замежных выданнях

Аўтары маніторынгу таксама звяртаюць увагу, які вобраз беларусаў як народа агулам, унутры краіны і па за яе межамі, малююць журналісты заходніх выданняў. У гэтым годзе гэты аспект удалося зафіксаваць у чвэрці прааналізаваных матэрыялаў. Дынаміка адзначаецца ў колькасці артыкулаў, дзе беларусаў называлі агрэсарамі (у параўнанні з мінулым годам, зніжэнне на 6%). Такі вобраз найчасцей паўстае ў польскіх і эстонскіх выданнях, у той час як ва ўкраінскіх СМІ колькасць такіх згадак знізілася на некалькі адсоткаў з апошняга года.

У той жа час нязначна вырасла колькасць артыкулаў, дзе беларусаў апісваюць як смелы народ, які змагаецца за сваю будучыню. Змяншаюцца і згадкі беларусаў як народа пад акупацыяй Расіі. Большасць такіх артыкулаў з’яўлялася ва ўкраінскіх і амерыканскіх выданнях.

Важна, аднак, заўважыць, што дагэтуль найбольш папулярным вобразам беларусаў у замежных выданнях застаецца не вобраз ахвяраў, а вобраз агрэсараў, які замацаваўся ў 2022-ім годзе.


Вобраз беларусаў агулам у 2023-ім і 2024-ым гадах. Вобраз беларусаў агулам у 2023-ім і 2024-ым гадах. Інфаграфіка: Цэнтр Новых ідэй

Пры гэтым, калі размова ідзе пра беларусаў унутры краіны, дагэтуль большасць выданняў малюе вобраз ахвяраў рэжыму. За год на 6% узрасла колькасць артыкулаў, дзе беларусаў унутры краіны называюць прыхільнікамі Расіі. Больш як палова такіх артыкулаў была апублікаваная на старонках амерыканскіх СМІ. Можна выказаць здагадку, што гэтая стыгма прымацоўваецца да беларусаў з цягам часу, паколькі медыя перастаюць праводзіць жорсткую лінію паміж беларускім грамадствам і ўладамі Беларусі.

 

У медыя да беларусаў прыклеіўся цэтлік прыхільнікаў Расіі. У медыя да беларусаў прыклеіўся цэтлік прыхільнікаў Расіі. Інфаграфіка: Цэнтр Новых ідэй

Вобраз беларускай улады і дэмакратычных сілаў

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што колькасць згадак Аляксандра Лукашэнкі ў заходніх медыя зменшылася ў параўнанні з 2023-ім годам, але пра яго журналісты пішуць усё ж у пяць разоў часцей, чым пра Святлану Ціханоўскую.

Дэмакратычныя сілы былі згаданыя ўсяго ў 6% прааналізаваных матэрыялаў, якія патрапілі ў выбарку.

Вобраз беларускіх дэмакратычных сіл вылучаецца толькі ў амерыканскіх і ўкраінскіх СМІ, якія часта апісваюць іх як разрозненыя структуры, якія мала ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі (19% і 13% адпаведна).

У астатніх СМІ вобраз апазіцыйных структур дастаткова нейтральны, альбо аўтары проста згадваюць пра іх, не ствараючы імідж.

Вобраз беларускіх уладаў. Вобраз беларускіх уладаў. Інфаграфіка: Цэнтр Новых ідэй

Вобраз беларускай улады і дэмакратычных сілаў

Што да ўладаў Беларусі (39% артыкулаў), то замежныя СМІ часта малююць вобраз агрэсараў (15%), асоб і ўстаноў, якія пагражаюць суседзям і жорстка кантралююць беларускае грамадства.

Нейтральны вобраз беларускіх уладаў быў адзначаны толькі ў 5% артыкулаў.

За 2024 год амаль на 20% вырасла колькасць артыкулаў, у якіх у кантэксце стасункаў Захаду і Лукашэнкі (ад 31% у 2023 годзе да амаль 50% у 2024 годзе) пішуць, што Лукашэнка асабіста ўяўляе пагрозу Захаду.

Палітычны аналітык і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі звярнуў увагу, што замежныя медыя зусім не заўважылі электаральныя кампаніі ў Беларусі ў 2024-ым одзе, гэта ў тым ліку і пачатак апошняй прэзідэнцкай кампаніі.

Таксама ён звярнуў увагу на змены да вобразу беларусаў, як агрэсараў, людзей, якія падтрымліваюць Расію.

Цікавы момант: толькі 0,5 працэнта матэрыялаў закранулі тэму спробы прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да крымінальнай адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, адпаведныя дакументы перадала летась Літва.

вх