Беларуская Служба

82 гады таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета (ФОТА)

19.04.2025 06:03
750 кепска ўзброеных маладых байцоў амаль месяц змагаліся з немцамі, сілы якіх у разы пераўзыходзілі ў жывой сіле і зброі.
Аўдыё
  • 82 гады таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета
   ,  1943 .            .
Ліквідацыя гітлераўцамі Варшаўскага гета, май 1943 года. Фота са справаздачы генерала СС Юргена Штропа Генрыху Гімлеру аб ліквідацыі гета. Адна з найбольш вядомых фатаграфій часоў Другой сусветнай вайны Public domain

19 красавіка 1943 года ў Варшаўскім гета пачалося паўстанне супраць нямецкіх захопнікаў. Гэта адзін з найвядомейшых прыкладаў супраціву яўрэйскага народу нацыстам.

Каля тысячы дрэнна ўзброеных паўстанцаў амаль месяц змагаліся з нацыстамі ў Варшаўскім гета, у якім на плошчы 306 га першапачаткова было зачынена каля 500 тыс. чалавек. Паўстанне пачалося, калі нацысты ўвайшлі ў гета для правядзення чарговай дэпартацыі напярэдадні татальнай зачысткі.

Да моманту пачатку паўстання 300 тыс. з 500 тыс. яўрэяў былі дэпартаваныя ў канцлагер у Трэблінцы, яшчэ 100 тыс. памерлі ад хваробаў і голаду. У выніку на красавік 1943 года ў Варшаўскім гета заставалася каля 70 тыс. чалавек.

Калі да Варшаўскага гета летам 1942 года дайшлі чуткі аб масавых знішчэннях у лагерах смерці, група маладых людзей сфармавала Яўрэйскую баявую арганізацыю пад кіраўніцтвам 23-гадовага Мардэхая Анялевіча.

Мардэхай Анялевіч Мардэхай Анялевіч

Першая збройная акцыя мела месца ў студзені 1943 года, калі байцы Варшаўскага гета адкрылі агонь па фашыстах, якія рыхтавалі чарговую групу жыхароў да дэпартацыі. Байцы выкарысталі невялікі арсенал зброі, таемна пранесены ў гета. Праз некалькі дзён немцы адступілі. Лакальная перамога натхніла байцоў гета на ўзмацненне супраціўлення. Маладзёны здолелі часткова сарваць другую хвалю дэпартацыі яўрэяў у «лагеры смерці»: замест 8 тыс. жыхароў гета, якіх гітлераўцы планавалі дэпартаваць, яны вывезлі толькі 5-6 тыс. Гэтая ўзброеная акцыя ўнесла адчувальны ўклад у зрыў і адтэрміноўку фінальнай дэпартацыі варшаўскіх яўрэяў.

19 красавіка 1943 года ў Варшаўскім гета ўспыхнула новае паўстанне пасля таго, як нямецкая армія і паліцыя ўвайшлі ў гета, каб дэпартаваць астатніх жыхароў. 750 байцоў уступілі ў няроўны бой з добра ўзброеным ворагам і абараняліся амаль месяц.

19 красавіка немцы пад камандаваннем генерала войск СС і паліцыі Юргена Штропа пачалі поўную ліквідацыю гета і дэпартацыю пакінутых яўрэяў. Аднак насельніцтва гета не з'явілася да месца дэпартацыі. Замест гэтага баявыя арганізацыі гета забарыкадаваліся ў будынках і бункерах ды пачалі аказваць супраціўленне. Праз тры дні фашысты пачалі падпальваць гета, будынак за будынкам, прымушаючы яўрэяў выйсці са сховішчаў. Супраціў доўжыўся некалькі тыдняў, на працягу якіх немцы раўнялі гета з зямлёй.

Ліквідацыя Варшаўскага гета немцамі. Крыніца: Muzeum Historii Polski Ліквідацыя Варшаўскага гета немцамі. Крыніца: Muzeum Historii Polski

Нягледзячы на тое, што пасля дэпартацый у студзені 1943 года ў гета заставалася 50 тыс. яўрэяў, генерал Штроп пасля знішчэння дакладваў начальству, што было злоўлена 56 тыс. яўрэяў. Ён рапартаваў, што з іх 7 тыс. было дэпартавана ў лагер смерці Трэблінка, а астатнія адпраўленыя ў лагеры прымусовай працы і лагер смерці Майданэк. Некаторым байцам супраціўлення ўдалося ўцячы з гета і далучыцца да партызанскіх атрадаў у лясах пад Варшавай.

Пасля месяца баёў фашысты ўзрываюць 16 мая Вялікую сінагогу ў Варшаве, што азначае канец паўстання і знішчэнне гета.

Мардэхай Анялевіч быў афіцыйным кіраўніком паўстання. Ён да апошняга адмовіўся пакідаць гета. 8 мая 1943 года, калі яго бункер быў акружаны немцамі, Анялевіч са сваёй дзяўчынай і іншымі байцамі, якіх было каля 120 чалавек, здзейснілі самагубства.

Кіраўніцтва паўстаннем перайшло да Марэка Эдэльмана – іншага легендарнага яўрэйскага байца, які пасля вайны стаў вядомым польскім лекарам і вялікім грамадскім аўтарытэтам.
Марэк Эдэльман нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў 1919 годзе ў беларускім Гомелі. Пасля паразы паўстання яму ўдаецца пакінуць гета па каналізацыйных каналах. Але гэта не канец яго баявога шляху: у 1944 годзе ён далучаецца да байцоў Варшаўскага паўстання.

Пасля вайны Марэк Эдэльман не пакінуў Польшчу: пераехаў у горад Лодзь, дзе і пражыў амаль усё жыццё.

Марэк Эдэльман у 1944 годзе. Грамадскі набытак
Марэк Эдэльман у 1944 годзе. Грамадскі набытак

Марэк Эдэльман лічыў сябе антысіяністам і шматкроць крытыкаваў палітыку Ізраіля. З маладых гадоў ён быў атэістам, застаўшыся ім да смерці. Ён казаў, што «ў гета бога не было. Бо дзе ён быў? Калі бог кажа забіваць людзей, то няма бога».

- Госпад бог тут не прычым, а толькі чалавек. І гэта істотна. Рэлігійныя людзі кажуць, што калі бог хоча, каб мяне забілі, то я падстаўлю сваю галаву. Гэта няпраўда! Чалавек не падставіць галаву, толькі ўцячэ. Дзе тут бог? Няма. Ёсць чалавек, злы чалавек. А рэлігійнасць у канлагерах... Як чалавек, якога б’юць, катуюць, які галодны і памірае ад голаду, будзе верыць у тое, што так хоча бог? Не! Гэта не справа бога, гэта - справа злога чалавека. І што нібы чалавек моліцца. Шмат дапамаглі малітвы? Ён не моліцца, а шукае сухара.

«Кат Варшаўскага гета», групенфюрар СС, генерал-лейтэнант паліцыі і генерал-лейтэнант войск СС Юрген Штроп быў схоплены амерыканцамі 8 ліпеня 1945 году ў Альпах.
6 сакавіка 1952 году ён быў павешаны ў Варшаве. Гітлераўскага злачынцу польскі суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання за ваенныя злачынствы супраць польскага і яўрэйскага народаў. Да канца сваіх дзён нямецкі генерал не прызнаваў сваёй віны.
«За дзень да пакарання ён быў спакойны. З яго пастаянна выходзіла гітлераўская самаўпэўненасць і ганарыстасць. Ён не спадзяваўся, што канец надыдзе так хутка», – гэтак апісаныя апошнія гадзіны ката Варшавы ў дакументах тагачаснай пракуратуры.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу