Слухаце размову ў далучаным фале!
Вольга Лісіца раней жыла ў Лідзе, была часткай мясцовай супольнасці палякаў на Беларусі. Цяпер жанчына жыве ў Беластоку. Яна распавяла, што падтрымлівае кантакты са сваімі знаёмымі этнічнымі палякамі ў Беларусі, хаця і з асцярогаю за бяспеку людзей:
— Расказваюць, што цяжка ім там цяпер жыць. Бо нельга збірацца, нельга размаўляць. Вы самі ведаеце, якія абставіны цяпер у Беларусі. Больш за трое не збірацца. Але нашы дзяўчаты, з кім я сябрую, і мужчыны, яны збіраюцца ў сябе на падворках за вялікім плотам. Нядаўна спраўлялі свята, спявалі польскія песенкі.
Палякі заўсёды былі больш салідарныя, чым беларусы. Спадзяемся, што я прыеду і будзем працягваць свае спатканні.
Вольга Лісіца. Фота з прыватнага архіву.
— Адкуль ваша прыхільнасць да польскасці, як гэта падтрымлівалася ў сям'і?
— Для мяне гэта заўсёды ішло ад таты. Мой тата Станіслаў Суровіч заўсёды казаў: «Cureczka (дачушка, польск., — рэд.), дзе б ты ні была, куды б цябе лёс ні закінуў, памятай, што мы палякі». Тата мне заўсёды так казаў. Ганарыўся тым, што ён паляк. Яго браты і сёстры пасля вайны з'ехалі ў Польшчу, а мой тата застаўся, бо меў добрую працу. Ён казаў нам: «Дзеці, жывем у Беларусі, нарадзіліся вы тут, але вы памятайце, што вы палякі». На Дзень Польскай Канстытуцыі, я заўсёды старалася ў сябе на балконе павесіць польскі флаг, высаджвала кветкі бела-чырвоныя, ну хоць трошкі паказаць, што я рознюся нават на сваёй вуліцы. Мне так хацелася. Я ганарылася, што я полька. Я проста гэтым ганарылася.
І вось наша суполка, калі мы хадзілі ў гэты звяз палякаў у Лідзе, у нас заўсёды было так весела. Мы і песні спявалі, мы і святы адзначалі. Беларусы нават зайздросцілі трохі, бо мы маглі падзяліцца адзін з адным, маглі дапамагчы, хто дзе пазваніў, хто захварэў — ужо ляцім, бяжым. Трэба могілкі прыбраць — мы ўжо арганізаваліся, пайшлі. Вось так у нас было.
— Як мяркуеце, чаму ў вашай супольнасці была такая высокая салідарнасць? Вы кажаце, што беларусы паміж сабой не такія салідарныя.
— Цяжкае пытанне, але мне здаецца, што ў нас больш годнасці. Я прывыкла, што я стану перад Богам на калені, толькі перад Богам. А беларусы, яны больш такі цярплівы народ, памяркоўны, баяцца слова сказаць. Мне здаецца, што мы, палякі, больш адважныя. Любім праўду і змагаемся за гэтую праўду.
Калі мяне арыштавалі, маёр сказаў: «Усе вы, пшэкі, сядзець будзеце». Не пасадзіць усіх, не пасадзіць. Мы верым, што мы будзем вольныя, што вернемся. Я ў гэта веру.
— Гэта пасля ўдзелу ў пратэстах? Вы гэта згадваеце?
— Так, за ўдзел у пратэстах. Цяжка сказаць, якога ён нават паходжання быў, а на нас казаў «пшэкі». Ну як так можна? З такой нянавісцю да нас ставіцца. Бо, значыць, мы годныя самі сябе, раз ён так казаў, не?
— Вы змаглі выехаць у Польшчу і жывяце цяпер тут, як вы сябе адчуваеце? Ці знайшлі падтрымку?
— Вельмі ставяцца добра. Можа, мы былі такія адважныя ў 2020-м годзе, бо нам было куды ўцякаць?.. У мяне на той момант ужо быў сталы побыт, дзеці вучыліся ў Польшчы, дачка скончыла тры вышэйшыя адукацыі, і сын ужо быў у Польшчы, і ўнукі. А тут, дзе ідзеш да крамы ці дзе... Усё роўна акцэнт адчуваецца, як мы размаўляем, я размаўляю па-польску. І мясцовыя вельмі добра ставяцца, пытаюць — як? што? як доўга пані тут жыве, што здарылася? І я ўсім, хто цікавіцца, усім расказваю, як я тут апынулася, як там было.
Палякі ставяцца да нас вельмі добра. Спачуваюць нават некаторыя. Кажуць, што вольнасць цяжка здабыць, што палякі змагаліся 10 гадоў за вольнасць. Цяжкі шлях, але яго трэба прайсці.
— А як вы асабіста адчуваеце, ёсць ўвогуле надзея на тое, што гэты шлях будзе пройдзены?
— Канешне! Ну як то жыць без веры? Я веру. Пяць гадоў прайшло, няхай і яшчэ пяць. Некалі ж скончыцца гэта. Я веру, што я вярнуся, бо ў мяне ўсе продкі пахаваныя ў Лідзе. І дзяды, і прадзеды, і бабулі, прабабулі. І хату я сваю не прадала. Стаіць яна зачыненая.
Я мару, што я вярнуся. І мы арганізуем свой звяз палякаў, і будзем прымаць гасцей, бо ў нас некалі было шмат гасцей. І цяпер людзі, якім я расказваю, кажуць: «Мы да вас у вольную Беларусь прыедзем». І так мне прыемна чуць гэтыя словы, аж мурашкі па скуры бягуць! Вельмі прыемна. Я іх запрашаю. Як скончыцца ўвесь гэты кашмар, то я запрашаю ўсіх вас да свайго дому.
Мой тата, мой дзядуля, мая бабуля хадзілі ў польскую школу ў Лідзе. Таму мы захавалі сваю польскасць у душы і ў сэрцы.
— А ці ёсць у вас што беларускае ў душы і ў сэрцы? Гаворыце вы па-беларуску выдатна.
— Бо я ў школе вучылася, а чаму не? Я нарадзілася ў Беларусі. Чаму я не павінна? Гэта мая Радзіма. А як людзі ў Амерыцы — з Францыі, з Афрыкі, з усіх краёў? Я лічу, што ў кожнай краіне чалавек павінен быць шчаслівы, такі чалавек дастойны, які не робіць крыўды, не абражае людзей, які сумленна жыве на гэтым свеце. Ён павінен у любой краіне адчуваць сябе добра.
— Калі б у вас спыталі, што вы можаце сказаць людзям з вашага атачэння, якія застаюцца ў Беларусі ў няпросты, аб'ектыўна няпросты час для жыцця там, што б вы ім маглі сказаць?
— Я ім бы магла сказаць так, як я дзяўчатам кажу: «Дзяўчаты, верце, трэба верыць! Дыктатары доўга сядзяць, але хутка сыходзяць. Мы маладзейшыя за яго, хай на некалькі гадоў, але мы яго перажывем». Вось так я ім кажу. Перажывем, дзяўчаткі! Беражыце сваё здароўе, пазітыўных эмоцый болей. Чытайце ў інтэрнэце, не верце прапагандзе. Не глядзіце тэлевізар. Верыць трэба, што ўсё калісьці наладзіцца. І дабро пераможа. Я веру, што праўда пераможа.
***
Мечыслаў Навагродзкі паходзіць з польскай этнічнай меншасці на тэрыторыі Беларусі, цяпер жыве ў Польшчы.
— Сярод маіх знаёмых быў час, калі вучылі польскую мову, то цяпер яе ўжо там нельга вывучаць. Адзіным такім месцам, дзе яшчэ можна размаўляць па-польску, застаюцца касцёлы — імша адбываецца на беларускай мове і на польскай, гэта дапамагае захаваць сваю ідэнтычнасць. Некалі меркавалі, і цяпер так лічаць, што паляк — гэта той, хто католік, а беларус — гэта той, хто праваслаўны. Цікавая адбываецца справа з гэтым. Тыя, хто былі праваслаўныя ці там былі змешаныя шлюбы, адмаўляюцца ад праваслаўнай царквы і становяцца прыхільнікамі каталіцтва. Бо ведаюць, як праваслаўная царква, падтрымала дзяржаву і падтрымала вайну ва Украіне. Яны гэта ўсё ведаюць. Умеюць усе карыстацца VPN-ам, каб маглі прачытаць, нешта пачуць.
Ну, і таксама тэлефануюць: «Як там у вас абстаноўка? Кажуць, у вас няма чаго есці?» Я ў такім разе кажу, што хай прыязджаюць, прарвемся разам, будзем нешта шукаць. Канешне, ведаюць, што гэта прапаганда. Смяёмся разам з гэтага. Але гэта смешна толькі на першы погляд. Калі ж паглядзець глыбей...
Мечыслаў Навагродзкі. Фота з прыватнага архіву.
— Вы згадалі, што ў Беларусі ёсць стэрэатып пра веру і палякаў. Але ёсць такі жарт, злы крышку, маўляў, людзі згадваюць пра тое, што яны палякі, калі хочуць атрымаць «карту паляка» і пераехаць у Польшчу. А ў Беларусі для многіх гэта было як бы не важна.
— Жывучы ў такім рэжыме ў Беларусі, які цяпер маем, калі нават беларуская мова ў забароне, можна сказаць, польскую мову забараняюць, то калі хтосьці мае намер вывучыць польскую мову, можа дазволіць сабе атрымаць карту паляка і выехаць у краіну, дзе нашмат лепшае жыццё.
Як кажуць, рыба шукае глыбей, а чалавек шукае лепш. Вядома, што Польшча стала цяпер нашмат прывабнейшай, чым Беларусь.
А польскасць захоўваецца толькі, калі людзі адзначаюць каталіцкія святы, ходзяць у каталіцкі касцёл, які на польскай мове яшчэ ў Беларусі. Гэта ўсё дапамагае ператрываць у стане забароны ўсяго, захаваць ідэнтычнасць польскую.
— Калі вы жылі ў Беларусі, для вас польская частка вашай душы і гісторыі, наколькі яны былі важнымі?
— Па-першае, гэта кнігі. Я пачаў вывучаць нямецкую мову ў школе і пачаў чытаць па-польску, бо ведаў лацінскі алфавіт, пачаў па-польску перапісвацца са сваімі родзічамі, якія жылі ў Польшчы, яны выехалі туды ў свой час. Для іх гэта было прыемна. У хаце ўжо не вельмі размаўлялі па-польску, размаўлялі больш на трасянцы, якая бліжэй да беларускай мовы. У касцёле была польская мова, а яшчэ слухалі польскае радыё, польскае тэлебачанне глядзелі.
Памятаю, як ваенны стан быў уведзены, то суседзі проста хадзілі адзін да аднаго, слухалі польскае радыё і спрабавалі пачуць, што ж адбываецца ў Польшчы. Гэта ўсё захоўвала польскасць.
— Калі б вы маглі нешта параіць супольнасці этнічных палякаў у Беларусі, людзям, якія застаюцца ў Беларусі, што б вы ім сказалі?
— Хай вучаць сапраўдную гісторыю. Бо тая гісторыя, якую вучаць у беларускай школе, зусім скажоная і не мае нічога агульнага з рэальнасцю насамрэч. Ну, вось такія мае парады.
Дзень польскай дыяспары (Polonii) і палякаў за мяжой адзначаецца 2 мая.
вх