Беларуская Служба

Што рабіць, каб дзеці працягвалі рух? Рэцэпт толькі адзін

13.07.2025 12:00
«Гэта павінна быць весела. Гадамі спорт, як від спаборніцтва, занадта асацыяваўся з намаганнямі і ахвярнасцю». 
Аўдыё
  • Што рабіць, каб дзеці працягвалі рух? Рэцэпт толькі адзін
.
.Gesina/Pixabay/CC0

Польская лёгкаатлетка, якая для Польшчы здабыла не адну медаль на спаборніцтвах, Моніка Пырэк нядаўна стала амбасадарам адукацыйнага праекта ЕС «Школьная праграма». Сёння госця Польскага радыё раскажа, пра свой досвед, як заахвочваць дзяцей да спорту.

Моніка Пырэк — выдатны прыклад спалучэння спартыўных поспехаў з грамадскім актывізмам — як праз прасоўванне актыўнага ладу жыцця і спорту, так і праз падтрымку развіцця адукацыі ў польскіх школах. Гэта адна з самых выдатных польскіх скакух з шастом у гісторыі.

За сваю кар'еру яна 68 разоў пабіла рэкорд Польшчы. Удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях у Сіднэі (2000), Афінах (2004), Пекіне (2008) і Лондане (2012). Яна трохразовая прызёрка чэмпіянату свету і віцэ-чэмпіёнка Еўропы ў 2006 годзе. Яна прадстаўляла Польшчу на Кубку Еўропы і камандным чэмпіянаце Еўропы, на мностве іншых спаборніцтваў.

Моніка Пырэк нядаўна стала амбасадарам адукацыйнага праекта ЕС «Школьная праграма». На хвалі Польскага радыё яна расказала, як спалучыць трэніроўкі і грамадскую актыўнасць, а дадаткова захаваць здароўе:

- Я думаю, што перш за ўсё нам, дарослым, трэба падумаць пра тое, якім мы хочам бачыць апошняе дзесяцігоддзе нашага жыцця. Я думаю, што тады мы сапраўды разумеем кірунак, у якім хочам рухацца. У сваю чаргу дзеці жывуць тут і цяпер. Яны не думаюць пра тое, што адбудзецца далей. Вядома, у іх ёсць прыгожыя мары, прыгожая фантазія, але яны яшчэ не бачаць наступстваў сваіх учынкаў. Але яны задаюць пытанні. І самае распаўсюджанае пытанне: чаму. Таму, калі мы знойдзем такі эфектыўны адказ на пытанне, чаму мы павінны жыць здарова, чаму мы павінны харчавацца здарова, чаму фізічная актыўнасць такая важная, то дзіцяці, безумоўна, будзе лягчэй засвоіць гэтыя веды.

Галоўная мэта «Школьнай праграмы» — развіваць здаровыя харчовыя звычкі, забяспечваючы вучняў малочнымі прадуктамі, садавінай і гароднінай. Гэта дазваляе дзецям адчуць смак карысных перакусаў з ранняга ўзросту.

Моніка Пырэк у праграме з'яўляецца амбасадарам руху. Яна прыхільнік таго, каб тлумачыць дзецям патрэбу руху праз гульню, праз стымуляванне цікаўнасці, каб яны маглі самі ўсё праверыць, перш за ўсё, адчуць уласную свабоду дзеянняў.

Для падтрымання фізічнай актыўнасці дзецям рэкамендуюцца практыкаванні. Што рабіць, каб дзеці працягвалі рух? Паводле Монікі Пырэк, рэцэпт толькі адзін:

- Гэта павінна быць весела. Гадамі спорт, як від спаборніцтва, занадта асацыяваўся з намаганнямі і ахвярнасцю. І я таксама так рабіла. Як паспяховы спартсмен, я таксама апісвала яго як нешта, што забірае маю маладосць, маё дзяцінства. Такім чынам, мы, прапагандуючы актыўнасць сярод дзяцей і моладзі, хочам паказаць, што гэта весела, гэта радасць і, перш за ўсё, гэта пачуццё дабрабыту. Нам патрэбна самая простая фізічная актыўнасць, каб падняць настрой, падтрымліваць гэтае пачуццё дабрабыту.

Дзеці — гэта адлюстраванне нас саміх, таму, калі мы актыўныя, і дзеці бачаць, што нам гэта падабаецца і што мы бяромся за розныя выпрабаванні, яны натуральным чынам вучацца рабіць тое ж самае, таму вакацыі — цудоўны час, калі мы можам гэтаму аддацца. Я заўсёды падкрэсліваю, што спорт таксама спрыяе блізкасці паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі таксама могуць заўважыць, як дзіця рэагуе на поспех і няўдачу. Праз гэтую блізкасць, праз гэтыя адносіны мы можам нават навучыць дзіця прынцыпам сумленнай гульні, якія не толькі карысныя ў спорце, але і неабходныя ў жыцці. Для мяне сумленная гульня — гэта проста лад жыцця.

Паводле Монікі Пырэк, у паўсядзённым жыцці не хапае спантаннай актыўнасці — спартыўных гульняў, бэрка, бадмінтона, фрысбі, выгулу сабакі. Гэта тыя віды заняткаў, якія спадабаюцца дзецям, і дзякуючы такім простым, маленькім крокам яны выпрацуюць звычку быць актыўнымі, якую яны нясуць з сабой усё жыццё.

Дзеці шмат часу праводзяць у тэлефонах і з гаджэтамі. Нават у спорце можна іх выкарыстоўваць.

- На тэлефонах ёсць розныя праграмы, якія адсочваюць крокі, прысяданні і нават штодзённую актыўнасць у цэлым. Можна зрабіць выклік, можна прыдумаць нейкую ўзнагароду. Пернік заўсёды спакушае. Таму матывацыя адыгрывае велізарную ролю, але, перш за ўсё, самае галоўнае, каб дзіцяці гэта падабалася. Калі не, то словы, што гэта спатрэбіцца ў будучыні, што яно будзе больш падцягнутым, і што гэта калі ён вырасце яму не будзе балець спіна, на жаль, не працуюць на дзяцей.

Пасля завяршэння кар'еры ў лёгкай атлетыцы, афіцыйна абвешчанага ў студзені 2013 года, Моніка Пырэк з запалам занялася грамадскай актыўнасцю. Яна заснавала Фонд Монікі Пырэк, які рэалізуе шматлікія праграмы падтрымкі дзяцей і моладзі.

Спартсменка кажа, што, адукуючы дзяцей, яна паказвае ўласную гісторыю:

- Я не была асабліва таленавітым дзіцём, хутчэй анемічным і худым, але з запалам і цікавасцю да вывучэння новага. А спорт даў мне магчымасць авалодаць вельмі складаным навыкам: скачкамі з шастом. Нягледзячы на ​​тое, што я не была ні хуткай, ні моцнай, аказалася, што ў мяне ёсць нейкі патэнцыял, я думаю, гэта была каардынацыя.

Але я лічу, што дзеці павінны паспрабаваць шмат відаў спорту менавіта для таго, каб знайсці той, што раскрые іх патэнцыял, бо патэнцыял ёсць у кожнага. Таму чым больш мы знаёмім дзяцей з рэчамі, месцамі і захапленнямі, тым большая гарантыя таго, што яны проста знойдуць сваю ўласную радасць, сваю ўласную мэту.

Моніка Пырэк падкрэслівае, што ключавая роля бацькоў — прыняць выбар свайго дзіцяці і падтрымаць яго захапленні, нават калі яны адрозніваюцца ад іх уласных чаканняў. Яна папярэджвае аб спробах рэалізаваць свае ўласныя няздзейсненыя амбіцыі праз дзіця — гэта можа толькі нашкодзіць адносінам і перашкодзіць іх развіццю. Яна лічыць, што бацькі могуць натхняць і дзяліцца сваімі былымі захапленнямі, але яны павінны быць гатовыя прыняць, калі дзіця абярэ зусім іншы шлях. У такіх выпадках роля бацькоў — суправаджаць і разам даследаваць новыя магчымасці.

Артур Вольскі/ав