Беларуская Служба

Італьянскі кухар наведаў польскае ўзбярэжжа Балтыкі і быў у захапленні

22.07.2025 17:10
Ён вучыць палякаў гатаваць ежу па-італьянску. 
:
Фота:screen: Instagram/throwback_pasta

Італьянскі шэф-кухар Мація Чэнціні (Mattia Centini) упершыню ў жыцці наведаў паўвостраў Хель (Hel) на Балтыйскім моры. На яго думку, пляж, па якім ён ішоў, «падобны на італьянскі». Ён таксама напісаў, што ўсе яго папярэджвалі пра дрэннае надвор'е на польскім узбярэжжы.

Мація Чэнціні — італьянец, які ўжо пяць гадоў жыве ў Польшчы, аб чым піша Onet. Ён пераехаў сюды з Лондана, які яму не спадабаўся. А Польшчу ён палюбіў, і не толькі таму, што яго жонка – полька. Ён вучыць палякаў гатаваць ежу па-італьянску. І падыходзіць да гэтага з гумарам. 

У мінулыя выхадныя Чэнціні адправіўся на паўвостраў Хель. Як ён прызнаўся ў сваім профілі ў Instagram, ён упершыню ў жыцці наведаў гэтае папулярнае сярод палякаў месца адпачынку. І адразу палюбіў.

— Гэтае месца выглядае як нейкі маленькі італьянскі прыморскі гарадок. Крыштальна чыстая вада, абсалютна спакойная атмасфера, і ўсе выглядаюць быццам бы аўстралійскія сёрферы. Я зусім гэтага не чакаў, — напісаў Чэнціні ў Instagram, не хаваючы свайго захаплення.

Італьянскі кулінар звярнуў асаблівую ўвагу на надвор'е на Балтыйскім моры. Ён прызнаўся, што чакаў зусім іншага.

 А надвор'е? Цудоўнае. Ведаю, усе папярэджвалі мяне, што гэта можа быць жахліва, але нам неверагодна пашанцавала — сонца, цяпло, ніякіх драм. Проста ідэальна, — паведаміў італьянец.

Што яшчэ яму асабліва запомніцца з паездкі на выходныя ў Хель? Булачкі з чарнічным варэннем. Дамашняга прыгатавання, яшчэ цёплыя…

У канцы свайго посту ў Instagram Чэнціні адзначыў – ён шкадуе, што толькі зараз наведаў Хель. І дадаў, што хутка туды вернецца.

Onet/нг