Беларуская Служба

Як цвярозасць ратуе жыццё ў эміграцыі: гісторыя чалавека, які перамог залежнасць і дапамагае іншым

07.12.2025 06:07
Як Вадзіму ўдалося вырвацца з алкагалізму, чаму «12 крокаў» — шлях на ўсё жыццё і як ён сёння падтрымлівае беларусаў, што сутыкнуліся з залежнасцю на чужыне.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

— І так, спадар Вадзім, як сталася, што вы сталі алкаголікам?

— Пачаў піць, як і многія ў савецкія часы, недзе ў гадоў пятнаццаць, а ў 20 гадоў ужо піў шмат, кінуў з-за гэтага інстытут. У 25 гадоў першы раз закадзіраваўся. За гэты час ажаніўся, а калі кадзіроўка скончылася, пачаў піць больш, чым раней. Гэта такі сімптом хваробы. Пайшоў яшчэ раз закадзіраваўся і пяць гадоў пражыў на гэтай кадзіроўцы. Потым яна скончылася, я кадзіраваўся, напэўна, шэсць ці сем разоў яшчэ, але гэта ўжо не давала патрэбнага выніку. Я і падшываўся, і тэрастэрапію рабіў, але не атрымлівалася пакінуць піць. Я разумеў, што губляю ўсё: сям’ю, працу, грошы, разумеў, што ўсё развальваецца ў маім жыцці, а зрабіць нічога не мог. Мяне пакінула жонка. За сем месяцаў я ператварыўся практычна ў бамжа.

— Вы шукалі нейкія шляхі, каб выйсці з гэтай сітуацыі. У Беларусі ж былі розныя таварыствы ананімных алкаголікаў…

— Ананімныя алкаголікі былі для мяне чымсьці такім, як паказвалі ў амерыканскіх фільмах: сядзяць і пра нешта там размаўляюць. Але проста размовы не могуць выратаваць ад гэтай хваробы. У ананімных алкаголікаў ёсць праграма выздараўлення — «Дванаццаць крокаў». Гэта праграма ўключае працу над сабой, гэта праграма духоўнага росту. Яе немагчыма «прайсці», яе асвойваеш і прымяняеш усё астатняе жыццё. І цяпер мой «кайф», які я некалі атрымліваў ад алкаголю, замяніўся на «кайф» дапамагчы іншаму чалавеку, які патрапіў у сітуацыю, у якой некалі быў я.

— У Польшчы складана было знайсці падобныя таварыствы?

— Ананімныя алкаголікі — гэта пэўны вобраз жыцця. Я адразу знайшоў тут такое таварыства. Праўда, паколькі польскай мовай не вельмі валодаю, то потым знайшоў і руска-украіна-беларускую групу і пачаў туды хадзіць. Туды таксама прыходзяць новыя людзі, якім патрэбна дапамога. Праўда, шмат хто пакуль не ведае пра існаванне нашай групы. У нашай групе дзесяць чалавек, а ў Варшаве ў падобнай — трыццаць.

— І хто з вамі там займаецца?

— Толькі алкаголік можа дапамагчы алкаголіку — той чалавек, які сам гэта перажыў.

— А псіхолагі, нарколагі, псіхіятры…

— Могуць быць і псіхолагі, і нарколагі, калі яны самі былі залежнымі.

— Якая катэгорыя людзей у вашай групе ананімных алкаголікаў?

— Абсалютна розныя. Гэта такая справа, што там могуць апынуцца ўсе — ад Івана-сантэхніка да Барыса Ельцына. Яна не выбірае ні па прафесіі, ні па статусе. І амаль бамжы прыходзяць, і чалавек, у якога ў гаражы пяць аўтамабіляў.

— А як беларусы, іншыя эмігранты, шукаюць тут таварыства ананімных алкаголікаў? Разумею, што на чужыне гэтую хваробу пераносіць цяжэй, чым на радзіме.

— Да прыкладу, у Польшчы можна зайсці на сайт ананімных алкаголікаў і знайсці спіс групаў нават у сваім горадзе. Пазначаныя і ўкраіна-руска-беларускія групы, і цяпер шмат анлайн-групаў.

— Вы сказалі, што ў вашай групе дзесяць чалавек. А колькі сярод іх беларусаў?

— З дзесяці чалавек — пяць беларусаў, чатыры ўкраінцы і адзін рускі.

— Як праходзяць вашы сустрэчы, што там адбываецца?

— Мы дзелімся сваім досведам, сіламі і надзеямі з адной мэтай: дапамагчы сабе і іншым алкаголікам вярнуцца да цвярозага ладу жыцця. І мне цяпер падабаецца дапамагаць іншым людзям, і я маю гэтую магчымасць. У мяне ёсць досвед, і я ведаю, як я быў у безнадзейнай сітуацыі. А цяпер магу працягнуць руку іншаму чалавеку.

— А як наогул, калі чалавек алкаголік у чужой краіне, як яму выжыць?

— Кожны па-рознаму выжывае. Нехта трапляе пад дэпартацыю, нехта спрабуе лекавацца, бо ў Польшчы бясплатная наркалогія, і нават бальнічны аплачваюць. Я неяк распавёў пра нашу сістэму ЛТП, то палякі былі здзіўленыя, як можна хворага чалавека садзіць за краты.

— А дзе вы збіраецеся, ёсць нейкае месца?

— Так, тут ёсць інфармацыйна-кансультацыйны пункт ананімных алкаголікаў. Там палякі далі нам магчымасць збірацца раз на тыдзень. Недзе праз месяц у грамадскім транспарце з’явяцца нашы аб’явы, куды звяртацца з гэтай праблемай.

— Вы кажаце, што вам падабаецца дапамагаць людзям у гэтых сітуацыях. А ў чым канкрэтна заключаецца ваша дапамога?

— У нас ёсць праграма «Дванаццаць крокаў», і ў ананімных алкаголікаў існуе сістэма настаўніцтва, калі з кожным новым сябрам працуе канкрэтны настаўнік. А гэта сапраўдная праца, бо праца над сабой — гэта самае складанае. У нас ёсць кніга, дзе выкладзены ўсе гэтыя дванаццаць крокаў, па ёй мы і працуем.

— Ці адрозніваецца ваша методыка ад таго, што робяць у польскіх групах?

— Не, бо гэта сусветнае таварыства ананімных алкаголікаў. Але ў палякаў гэтая сістэма больш прасунутая. Тут нават у кожнай турме ёсць група ананімных алкаголікаў. У нас былі дамоўленасці, што палякі з дэпартамента выканання пакаранняў прыедуць падзяліцца досведам, але пачаліся падзеі 2020 года, затым вайна, і нічога не атрымалася.

— Цяжкі гэта шлях — вылечыцца ад алкагалізму?

— Цяжкі, але цалкам рэальны. Вынік таго варты. Гэта шлях, які любому чалавеку будзе карысны: самаўдасканаленне, самаразвіццё і яшчэ пазбаўленне ад пагубных залежнасцяў. Да любой залежнасці можна ўжываць гэтую праграму. Яна змяняе сістэму каштоўнасцяў чалавека.

 Павел ЗАЛЕСКІ