У Сейм Польшчы паступіла петыцыя, якая тычыцца змен у пенсійнай сістэме. Яе аўтар, Роберт Алдакоўскі (Robert Ołdakowski), прапануе ўніфікаваць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын - усе выходзілі б на пенсію ва ўзросце 62 гадоў. Гэта азначала б, што жанчыны працавалі б на два гады даўжэй, чым цяпер, а мужчыны — на тры гады менш – піша Forsal.
Сёння ў Польшчы пенсійны ўзрост складае 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчын. Аўтар петыцыі сцвярджае, што такая сістэма з’яўляецца няроўнай. Мужчыны працуюць даўжэй, але пры гэтым статыстычна жывуць карацей і значна менш часу атрымліваюць пенсію. Розніца ў пенсійным узросце складае пяць гадоў, што на практыцы азначае, што ў сярэднім мужчына праводзіць на пенсіі на некалькі гадоў менш, чым жанчына. Розніца ў часе атрымання пенсіі паміж жанчынамі і мужчынамі дасягае амаль чатырох гадоў.
На думку аўтара петыцыі, цяперашняя сістэма, якая мела быць салідарнай, на самой справе несправядлівая. Змены прапануюць уводзіць паступова — пенсійны ўзрост мог бы змяняцца на паўгода штогод. Петыцыя таксама прадугледжвае захаванне выключэнняў для асабліва цяжкіх або шкодных прафесій, аднак іх пералік павінен быць дакладна вызначаны.
Важным элементам прапановы з’яўляюцца кампенсацыйныя механізмы для людзей, якія мелі перапынкі ў працы, звязаныя з доглядам за дзецьмі або залежнымі асобамі. Гэтыя перыяды маглі б улічвацца ў працоўным стажы або пакрывацца спецыяльнымі страхавымі льготамі, каб не зніжаць памеру будучай пенсіі. Аўтар петыцыі звяртае ўвагу і на сацыяльныя змены: жанчыны ўсё часцей працуюць на поўную стаўку, а мужчыны ўсё больш уключаюцца ў апеку над дзецьмі. У такіх умовах розны пенсійны ўзрост перастае адпавядаць рэчаіснасці.
Петыцыя ўжо накіравана ў сеймавую Камісію па справах петыцый, якая вырашыць, ці патрабуе прапанова далейшай заканадаўчай працы, ці застанецца на этапе аналізу.
нг